– Што да мяне, дык я шмат вандраваў; калі б захацеў расказаць пра сваё жыццё, дык успамінаў бы ўсю гісторыю слаўных войнаў Напалеона. Не мроі прымушалі мяне туляцца па ўсім свеце са зброяй у руках, не прага таннае славы, а надзея, што некалі буду цешыцца ўспамінамі мінулых маіх спраў і спакойна памру сярод сваіх землякоў. Але Бог наканаваў інакш. Мой сын туляецца недзе ў чужой зямлі, жыць засталося мне няшмат, ужо, пэўна, яго не пабачу…
Сказаў так стары Ротмістар і слёзы паліліся з ягоных вачэй. Гэта засмуціла мне сэрца і думкі.
– Бог вялікі і Ўсемагутны, – сказаў я, – і на яго трэба спадзявацца.
Да нашае размовы дамяшалася маўчанне. Ротмістар, выціраючы хусцінкай слёзы нарэшце абазваўся:
– Праўда, хто верыць, той сустрэне цуды.
І тут перад нашымі вачыма з’явіўся дзіўны прывід. Стаіць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелі, а яна вокамгненна знікла.
Глухое маўчанне. Глядзім адзін на аднаго, не адважваючыся вымавіць слова. Так мы сядзім нейкі час. Нечакана адчыняюцца дзверы і заходзіць у наш пакой гаспадыня.
– Што такое? – дзівіцца яна. – Цэлую ноч гамоніце, не чуеце, што ўжо другія пеўні праспявалі, мусіць, хутка пачне днець.
– Пан Ротмістар, – сказаў Зямельскі, – так захапіў нас сваімі апавяданнямі, што мы зусім забылі пра сон, а да таго ж, толькі што ўсе мы тут бачылі дзіўны прывід: нейкую кабету з кветкамі на галаве, і Дзядок такі ж, як наш, быў у яе ў руках.
– У сне і я бачыла цуды, пра якія ніколі не думала наяве. Снілася мне нейкая прыгожая раніца, было так ціха, што валасы і не варухнуліся на галаве, на небе ні хмурынкі, узыходзіла сонца, і было яно не сляпучае, але разлівала вакол святло, нібы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкі, нібы чакаючы кагосьці, паглядалі на ўсход. Тут з вышыні зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па сонцы, і зазвінела па ўсёй зямлі, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкі праніклі ў чалавечыя сэрцы. Укленчылі ўсе, і я старанна малілася. Да мяне падышоў стары, зусім падобны да нашага Драўлянага Дзядка, і кажа: “Маліся!”
Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полі, бачыла на небе рэдкія аблокі, і яны былі белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я падняла яго і бачу, што на ім штосьці напісана, але што – прачытаць не магу. Зноў падыходзіць да мяне той самы Дзядок і кажа:
– Я табе прачытаю, слухай і запамінай. Тут напісана: “Бог справядлівых уславіць перад светам”.
Тут я прачнулася і больш заснуць не магла. Пачула, што вы яшчэ гамоніце, і прыйшла расказаць сон.
Сказаўшы гэта, яна выйшла.
Ротмістар уздыхнуў і сказаў:
– Вялікая міласэрнасць Божая! – і, ходзячы па пакоі, пачаў гаварыць пацеры.
Закончылася размова. Пасцелі падрыхтавалі нам у гэтым самым пакоі.
– Не спяшайцеся заўтра рана ўставаць, – сказаў гаспадар. – Свеціць дзянніца на ўсходзе, ноч была бяссонная, няхай нам гэты дзень аддзячыць.
Пажадаўшы добрае ночы, ён выйшаў з пакоя.
РАЗВІТАННЕ
Я прачнуўся, глянуў у вакно: ясны сонечны прамень, прабраўшыся праз шчыліну ў аканіцы, асвятляў пакой. Ротмістар, ходзячы з кута ў кут, шаптаў пацеры, глянуў на мяне і сказаў:
– Хутка поўдзень. Спалі мы добра, бо і я таксама нядаўна прачнуўся, а час ужо дадому. – Ён выйшаў, паклікаў лёкая, загадаў адчыніць вокны, і я як хутчэй пачаў прыбірацца: за ўсё маё падарожжа яшчэ не выпадала мне ні разу так позна ўставаць.
У хаце было ціха. Лёкай паведаміў, што пан і пані з работнікамі ў полі і дзяцей забралі з сабою, каб тут незнарок не перапынілі наш сон.
Мы пайшлі з Ротмістрам у поле, а адтуль з гаспадаром і ўсёй яго сям’ёю вярнуліся дахаты.
Пасля снедання пан Ротмістар развітаўся з гаспадаром і гаспадыняю і, паціскаючы мне руку, прамовіў:
– Жыву я далёка ад тваіх родных мясцін. Дык хоць успамінай мяне, пра нашы начныя размовы, пра сны і прывіды. Можа, ужо і не сустрэнемся, бо мне недалёка да магілы.
Пан Зямельскі з жонкаю і дзецьмі і я правялі Ротмістра аж да мяжы з суседзямі.
Гаспадыня з дзецьмі вярнулася дадому, а мы ўдвух пайшлі аглядаць гаі і засеяныя палеткі. На праходцы пан Зямельскі шмат мне расказваў, дзе ў яго якая зямля, дзе якое трэба сеяць збожжа і як уводзіць у сялянскую гаспадарку новыя спосабы працы, якія не вельмі ўдаліся ягоным суседзям.
– Гаспадарка, – сказаў ён мне, – вымагае не прыдумак розных, а досведу і руплівасці; хто працуе, таму і Бог дапамагае. Шмат у нас ходзіць праектаў, як разводзіць жывёлу і палепшыць зямлю. Нашы продкі жылі на гэтай зямлі спакойна і заможна. Гаспадару, які славіць Бога, усяго хапае. Няхай у яго і спытаюць, якім чынам палепшыць зямлю і як развесці жывёлу.
Калі мы ішлі па беразе возера, ля якога даспявала ранняя грэчка, Зямельскі пляснуў рукамі – і з нівы, нібы хмара, паднялася вялікая чарада дзікіх качак.