Читаем Ведзьміна тоня полностью

Сцямнела хутка — зусім не так, як цямнее ў вёсцы. Шчыра кажучы, было трохі вусцішна, ціснуліся бліжэй да кастра. Вохкнула нешта далёка ў глыбіні вострава, а потым пачуўся шум крылаў.

— Гэта сава на паляванне паляцела, — стаў тлумачыць дзед Васіль. — Заўтра мы пабачым дрэвы з іх дупламі.

— А…Агні, казалі, на востраве, бываюць, — нясмела нагадаў Віталь, баючыся, што з яго пачнуць кпіць. — Блукаюць па зямлі. Ідзеш да іх — яны ад цябе. І ў тоню скачуць…

Але ніхто смяяцца з яго не стаў: на такім востраве ноччу што хочаш можа быць. Ды і расказвалі ж многа пра гэта ў вёсцы.

— Ёсць і агні. Чаму ж ім не быць, — спакойна адказаў дзед Васіль. — От ты зараз устань, адыдзі ад кастра, адвярніся ад яго, пачакай, пакуль вочы да цемры прывыкнуць, і паглядзі… Толькі агні не бегаюць і не скачуць.

— Праўда? — разявіў рот Віталь. — Пайшлі, — ён штурхнуў у бок Сяргея. — Пайшлі ўдвух.

— Пайшлі ўсе! — падхапіўся і Віцька.

Усе разам падняліся, і Нэла з Жэнькай, і сам дзед Васіль устаў. Адышліся ад кастра ў той бок, у які дзед паказаў.

— Пачакайце крыху, а потым глядзіце прама перад сабой… Яны белавата-зялёныя…

Напружана ўглядваліся… Нічога.

І раптам Жэнька ўскрыкнула:

— Бачу!

За ёй і астатнія пабачылі — плямамі, там, там, там — у цэлую няроўную лінію выстраіліся недзе наперадзе бледныя блакітна-зялёныя агні. Не, не скакалі яны, свяцілі халодным страшным святлом, святлом не гэтага свету.

— Што гэта, Васіль Яўменавіч? — спытала шэптам Жэнька. Ёй сапраўды стала страшна.

— А ты не бойся. Падыдзі бліжэй і паглядзі, — падахвоціў дзед. — Няма там нічога страшнага.

— Не-е, — адступілася Жэнька.

Наперад пайшоў Сяргей. Можна было разгледзець яго постаць сярод дрэў. Вось ён бліжэй, бліжэй да агнёў… І Віцька сарваўся з месца, подбегам заспяшаўся да Сяргея.

Аказалася, што агні — зусім недалёка. Было бачна, як Сяргей і Віцька разам нахіліся… Павярнуліся — і два агні ужо свяціліся на ўзроўні іх грудзей! А адзін і ўвогуле ўзляцеў над іх галовамі і завагаўся сюды-туды…

Хлопцы вярталіся — і неслі гэты нежывы агонь.

— Вось, — падышлі яны да астатніх, і Віцька працягнуў… кавалак гнілога дрэва.

— Ух ты! — выгукнуў Віталь. — Як я не даўмеў! Флюарэсцэнцыя! Дожджык якраз пайшоў… Ух ты, абавязкова з сабой вазьму.

— Гнілая асіна? — спытала недаверліва Жэнька, прымаючы з рук брата гнілушку.

— Ага! Некаторыя мікробы свецяцца. Асабліва вось як цяпер — пасля дажджу. Там жа асіна трухлявая ляжыць, так?

— Ляжыць там асіна, — усміхнуўся ў цемнаце дзед. — Я яе яшчэ ў дождж прыкмеціў. Так і думаў, што засвеціцца.

— А здорава як свеціць! — захапляўся Віталь, падносячы гнілушку бліжэй-далей да далоні. — Во, як далонь асвятляе…

Сапраўды, калі гнілушку набліжалі да самай далоні, скура асвятлялася мярцвяна-бледным святлом.

— Ну вось, адна загадка Ведзьмінай тоні мае вельмі простую адгадку, — падсумаваў Віцька. — Заўтра нам трэба разгадаць яшчэ адну.

— Цяжкавата будзе, — астудзіў яго пыл дзед Васіль. — Нічога, хлопцы, я тут не пазнаю. Прайшоўся вось — і не магу сказаць нават, у якім месцы была зямлянка. Ды і зіма тады была, — са скрухай закончыў стары.

— А якія дрэвы там раслі? — спытаў Віталь.

— За столькі гадоў твае дрэвы зусім другімі сталі, — махнуў рукой Віцька. — Трэба абыходзіць увесь востраў і шукаць…

— Што шукаць? — загарэўся Віталь. — Васіль Яўменавіч, дык якія дрэвы каля зямлянкі вашай раслі?

— Некалькі ялінак было… Але ж іх тут многа дзе.

— Ну, вялікіх ялін тут мала…

— За столькі гадоў… магла вырасці яліна, а магла малой засохнуць. І вырасці магла, а потым упасці і згніць, — гнуў сваё Віцька.

— Так, усё магло быць, — нявесела зазначыў дзед Васіль. — Але паспрабуем заўтра пашукаць найперш вялікія яліны. Пад нагамі паглядзім — мо дзе ляжыць тоўстая гнілая… Зямлянка наша даўно абвалілася… Ну, нейкая яміна павінна быць…

— Карацей, нечага цяпер спрачацца, — спыніў хлопцаў Сяргей. — Будзе ранак — будзе бачна. Кладземся спаць, а то рыбалку праспім.

— Не праспіце, я вас пабуджу, — паабяцаў дзед Васіль. — Кладзіцеся, адпачывайце. Натаміліся за дзень.

Сам ён яшчэ доўга сядзеў ля кастра, паліў і паліў свае самакруткі, толькі сіні дымок віўся над яго галавой…

Частка 25

Ранак выдаўся ціхім, нечакана цёплым, хоць і вада была блізка. Лес не звінеў мноствам галасоў, як тады пасля кароткага дажджу, не, у лесе даўно пачаўся новы дзень, і галасы ў ім былі падобныя на гукі ў ранішняй вёсцы: усе выкліканыя турботай, клопатам, пачаткам новага дня.

Жэнька расплюшчыла вочы — у палатцы было ўжо светла. І азірацца не трэба было — па дыханні зразумела, што ўсе яшчэ спяць.

Жэнька асцярожна зняла з сябе ручку Нэлы, прыкрыла акуратней малую, устала. Адкрыў у другім канцы палаткі вочы Сяргей, умомант сеў, глянуў на Жэньку, на сонечныя плямы на брызенце палаткі:

— Чорт, рыбалку праспалі! — адчайна прашаптаў ён і тут жа выскачыў вонкі.

За ім выйшла і Жэнька. Зірнула на гадзіннік — сем гадзін раніцы.

Дзед Васіль сядзеў ля распаленага кастра. Відаць было, што ён толькі што падвесіў над ім чайнік — яшчэ не высахлі кроплі вады на баках. Полымя невялікага кастра лізала чорныя бакі чайніка, шыпела.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Русская печь
Русская печь

Печное искусство — особый вид народного творчества, имеющий богатые традиции и приемы. «Печь нам мать родная», — говорил русский народ испокон веков. Ведь с ее помощью не только топились деревенские избы и городские усадьбы — в печи готовили пищу, на ней лечились и спали, о ней слагали легенды и сказки.Книга расскажет о том, как устроена обычная или усовершенствованная русская печь и из каких основных частей она состоит, как самому изготовить материалы для кладки и сложить печь, как сушить ее и декорировать, заготовлять дрова и разводить огонь, готовить в ней пищу и печь хлеб, коптить рыбу и обжигать глиняные изделия.Если вы хотите своими руками сложить печь в загородном доме или на даче, подробное описание устройства и кладки подскажет, как это сделать правильно, а масса прекрасных иллюстраций поможет представить все воочию.

Владимир Арсентьевич Ситников , Геннадий Федотов , Геннадий Яковлевич Федотов

Биографии и Мемуары / Хобби и ремесла / Проза для детей / Дом и досуг / Документальное
Как
Как

Али Смит (р. 1962) — одна из самых модных английских писательниц — известна у себя на родине не только как романистка, но и как талантливый фотограф и журналистка. Уже первый ее сборник рассказов «Свободная любовь» («Free Love», 1995) удостоился премии за лучшую книгу года и премии Шотландского художественного совета. Затем последовали роман «Как» («Like», 1997) и сборник «Другие рассказы и другие рассказы» («Other Stories and Other Stories», 1999). Роман «Отель — мир» («Hotel World», 2001) номинировался на «Букер» 2001 года, а последний роман «Случайно» («Accidental», 2005), получивший одну из наиболее престижных английских литературных премий «Whitbread prize», — на «Букер» 2005 года. Любовь и жизнь — два концептуальных полюса творчества Али Смит — основная тема романа «Как». Любовь. Всепоглощающая и безответная, толкающая на безумные поступки. Каково это — осознать, что ты — «пустое место» для человека, который был для тебя всем? Что можно натворить, узнав такое, и как жить дальше? Но это — с одной стороны, а с другой… Впрочем, судить читателю.

Али Смит , Рейн Рудольфович Салури

Проза для детей / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Современная проза