Усё адно. Таму што яны трымаюцца ў чысціні, працуюць, таму што іх гоняць, таму што слава тым, каго гоняць, таму што яны вераць, няхай у цёмнае — абы толькі не ў боскасць цароў і іхняга быдла.
…І палонны блакіт Круціцкага церамка.
Чыўін сустрэў Алесеў прыезд спакойна.
— Значыцца, дні тры не будзеш?
— Не.
— Ну што ж, я задаволены. І тваімі… камісійнымі, і табой. І тым, што ведаеш нас, што разумееш… Значыцца, скора і дадому?
— Скора.
— Я ведаю. То бывай.
— Дзяніс Авакумыч, — ахнуў Алесь. — Ды як вы падумалі, што я знікну?
— Справа можа прымусіць.
— А я ўсё ж заеду. А каб паверылі, пакіну ў вас Лебедзя і шчанюка.
— Ну, глядзі, — павесялеў стары
…Незадаволены быў удзелам новавяскоўцаў адзін Кірдун. Бурчаў:
— Звязаўся з атрэб'ем, з пазадкамі… Кня-язь…
— Кінь. Самому брыдка.
— То нашто?
— Андрэй — вось нашто. Ён праз мяне, калі падумаць, сеў. А ты згодзішся ўчатырох на этап напасці? На палову ўзвода каравульных?
— Усямёх таксама не цукар…
— То вось і маўчы.
Алесь сам ведаў: рызыка страшная. Дзейнічаць трэба было рашуча, не вагаючыся ані на хвіліну, і нават пры гэтай умове больш шанцаў было на тое, што ім не выйсці жывымі. Іх чацвёра ішлі на гэта свядома. Алесь і Кандрат — як кроўныя, Мсціслаў — з-за Янькі і сяброўства, Кірдун — бо сюды ішоў Алесь. І ён не шкадаваў траіх новых. Самі селі за стол з Хлюстом, самі напалі на брычку, самі павінны былі б загінуць ад нажа, каб не ён, Алесь. Хай плацяць.
…І вось ён сядзеў і праз апушчаныя веі бачыў, як блішчыць пад сонцам забрукаваны кавалак дарогі, як — калі павесці вачыма направа — брук скончыцца і пойдзе гразь да самага Ніжняга, увалы і шлях, які то нырае ў лагчыны, то (далёка-далёка) узбягае на грады.
А калі паглядзець налева — убачыш голы, але ўжо трошачкі зялёны масіў Ізмайлаўскага звярынца і дарогу.
І на дарозе — ані душы.
А вунь там абдзертае, іржавае золата купалоў Усясвяцкага манастыра. А на дарозе — ані душы.
«Што магло здарыцца з этапам? Чаму не паўзе?»
Алесь быў на адпраўцы мінулага этапа. І вось ён сядзеў і ўяўляў.
…Жоўты, абдзерты дом ля заставы. Ля яго — ціснуцца. Большасць тых, што праводзіць, адстае ад этапа тут: прыміраецца. А частка адстае унь там, каля «слёзнага» Ляснога вострава за тры вярсты адсюль. Што ісці далей? Не дазваляюць, дый не трэба, усё адно не дапаможаш. І чаму там толькі не засыхаюць бярозы?… Столькі слёз… Назаўсёды разлука.
…І вось выводзяць з жоўтага этапнага дома людзей. Вісіць над галовамі галошанне, бабы ломяць рукі, мужыкі глядзяць у зямлю.
Пастроілі. Павялі. Наперадзе тыя, у каго кайданы і на руках і на нагах. Потым — тыя, што толькі з ручнымі кайданамі. За імі — тыя, што зусім без кайданоў.
А потым вазы з хворымі, дзецьмі, бабамі. Дзяцей таксама вязуць.
Божа мой, Божа! Нібы ўся імперыя здымаецца з месца і цягнецца кудысь.
Рыпяць колы. Едуць. Як табар. Як татарскія арбы. Як печанежскія вежы. Звіняць ланцугі, стрэльбы вартавых.
У гразь і пыл. У спёку і снег. Кожны панядзелак і аўторак.
І пойдуць. Пойдуць. А паўз іх будуць пралятаць тройкі са срэбнымі дугамі. Будуць стаяць багацюшчыя пастаялыя двары, бо гэта не толькі дарога слёз, а і дарога «да Макарыя», на кірмаш. І адны будуць везці тавары, а другія ўсю дарогу жыць з міласціны, а таму перад кожнай вёскай зацягваюць «песню літасці», у такт ёй бразгаючы кайданамі.
Даколе, Пан Бог!!!
Дзеляць як хочуць, шматуюць, гандлююць, аддаюць слабога ў першыя — лепшыя рукі, кідаюць яго, як мяч, не пытаючы, хто ён.
Куды вядзеш, дарога? На таржышча? У руднік?
Дакуль!!!
Кандрат крануў Алеся за плячо і, калі той павярнуўся, спалохаўся ягонага аблічча.
— Братка, ты што?
— Чаго табе?
Кандрат моўчкі паказаў рукою, і тады Алесь зразумеў, што «Милосердная» яму не толькі ўяўлялася.
Па дарозе павольна паўзла шэра-жоўтая пляма. Шэрая ад пылу і халатаў. Жоўтая ад абліччаў, рук, ад бубновых тузоў тых, што ехалі на вазах, седзячы спіною да коней.