Нельга, немагчыма для нерваў… Кожную хвіліну яна магла сарвацца, і тады…
— Катаржныя, стаяць на месцы!
Загорскі баяўся тлуму. Але тыя і так стаялі, як саламяныя слупы, разумеючы яшчэ менш, чым варта.
Алесь хітнуў галавою ў бок Кірдуна. Кірдун пачаў спускацца па адхоне да стрэльбаў. Вочы канвойных — сінія, цёмныя, бляклыя, тытунёвыя — ад самай зямлі — сачылі за ім. Насцярожаныя, як у зацкаваных звяроў.
Яны глядзелі, як спускаецца да стрэльбаў зусім не ваенная, зусім нястрашная постаць аднаго з тых, што асмеліліся напасці на этап, постаць першага, убачанага імі.
Кірдун спускаўся, адваліўшы цывільны зад, размахваючы рукамі. І грозна трапятала пад яго дабрэчымі вачыма чорная павязка, а ў руцэ быў калун, якім ён зваліў дрэва. І гэта была памылка.
Цішыня абарвалася.
Крайні ў адной з ножак літары «П» не вытрымаў. Здаравенны крываногі унтэр.
Крутануўся на месцы і — ніхто не паспеў апамятацца, як крайняя з кінутых канвойнымі стрэльбаў была ўжо ў ягоных руках. Сашчэрыліся зубы, нібы унтэр урэшце зразумеў:
— Салдаты, гэта ж разбой!
Кірдун ішоў проста на рулю, што ўздымалася насустрач яму.
Стрэл.
Чакалі, што Кірдун пахіснецца або кінецца ў хмызы, а замест гэтага ўбачылі, як унтэр схапіўся за перадплечча.
Загорскі павёў вачыма налева і ўбачыў, як дыміцца штуцэр у руках Кандрата.
— Адстраляўся, камрад, — сказаў Кагут.
Халімон падышоў да унтэра і ўзяў стрэльбу з паралізаванай рукі.
— Так, дзядзька, не трэба, — разважліва сказаў ён.
І тут, нібы ў адказ на стрэл, запознена загаласілі бабы на вазах, зараўлі катаржане, заплакалі дзеці. Паміж варты, што ляжала на зямлі, аддаўся крык:
— Гэта разбой! Што вы ляжыце? У ружжо!!!
Алесь загадаў даць другі залп. Зноў паверх галоў. І, калі свіст куль нібы адсек голас, рэзка крыкнуў:
— Ці-ха!
На дапамогу Кірдуну спускаліся ўжо Сноп і Міхайла. Шчалканаў гуляў пісталетамі, па чарзе прыцэльваючыся ў салдат.
Цішыня. Толькі недзе плача дзіця. Жаласна і ціха, як кацяня.
Алесь устаў.
— Усе, хто працягне руку за зброяй, будуць забітыя на месцы, — сказаў ён. — Тыя з этапа, што стануць парушаць парадак і перашкаджаць справе — таксама. Усім сядзець і чакаць сваёй чаргі.
Людзі сабралі зброю і, пакінуўшы яе пад даглядам Кірдуна, сталі над вартай. Унтэр пагойдваўся, трымаючыся за руку, выскаляў зубы.
— Баба, — загадаў Алесь адной з катаржанак, — перацягні яму рану.
Тая боязна — бачком паўз Алеся — падалася да параненага. Надта ўжо грозна глядзелі вочы над павязкамі.
Алесь адчуў раптам страшэнны позыў да таго, каб памачыцца. Яму стала нясцерпна сорамна. Намаганнем ён стрымаў сябе і тут убачыў, што ў гэты самы непадыходзячы момант Мсціслаў і Шчалканаў робяць тое самае. Робяць, не саромячыся нават таго, што, магчыма, нейкая баба з вазоў бачыць іхнія спіны сярод дрэў.
І тут ён зразумеў, што нічога саромнага тут няма.
Сямёра супраць паловы ўзвода. Неабстрэляныя хлопцы супраць ваякаў.
Нічога саромнага тут не было.
І тады прыйшла радасць. Такая вызваленая, што Алесь затрымцеў.
— Катаржане, — глуха сказаў ён. — Той, хто хоча ўцякаць, хто можа ўцякаць, хто абдумваў уцёкі — можа зараз скарыстацца з гэтай магчымасці. Хто не думаў над гэтым, але каму пагражаюць руднік або смерць — таксама. Я патрабую толькі аднаго: парадку. Мы здымем з вас кайданы, але той, хто будзе пнуцца наперад усіх, — здыме іх апошні.
У галаве калоны сядзеў ужо Аляксандар Шчалканаў захутаны, як бедуін, пабрынкваў вязкай адмычак.
Салдат паднялі і пад рулямі павялі ў гай. Зноў паклалі на траву.За імі, але трохі ў другі бок, папоўз этап. Апошнія вызвалілі дарогу вазы: перавалілі канаву і з рыпеннем пацягнуліся ў гушчар.
Алесь паглядзеў, ці добра сочаць за салдатамі (іх, на ўсякі выпадак, перавязалі і паклалі квадратам), і пайшоў да вязняў. Там ужо ваўсю ішла праца. Шчалканаў перабіраў адмычкі, з бліскавічнай хуткасцю шукаючы патрэбную, камбінуючы іх, час ад часу весела пазвоньваючы імі.
Загорскі абвёў вачыма вязняў і ўбачыў, што Адрэя між іх не было. І гэта было добра. Значыцца, яго ўжо ўмыкнулі хлопцы. Яны дамовіліся, што гэта будзе зроблена непрыкметна, каб ніхто не ведаў, дзеля каго быў зроблены напад на этап.
А новавяскоўцы не скажуць. Звязаныя па руках і нагах, павінныя ў падвойным разбоі, а значыць, і ў падвойным пакаранні.
— Людзі, — сказаў Алесь. — Цяпер ужо не катаржане, а людзі. Падумайце добра. Я раіў бы пайсці ўсім. Хто пападзецца, а хто і не. Адсюль нямераныя дарогі. На Ўладзімір, і Ніжні, і Кержанец, і налева, на Растоў Вялікі, Пераяслаў, Волагду, Архангельск. А калі за Волгай павернеце — то Вялікі Ўсцюг і Перм… Думайце хутчэй. Канваіраў патрымаем да вечара… Хто не будзе ўцякаць?
Знайшлося чалавек восем.
— Ну вось. Астатнія — ідзіце.
Падалі кайданы. І гэта была найлепшая для слыху музыка.
РАЗДЗЕЛ ІХ
Сонца сядала. Калоднікі даўно разышліся ў розныя бакі. Тыя, што не захацелі ўцячы, сядзелі каля салдат.
Прарыпелі вазы. На месцы вызвалення засталася купа кінутых халатаў ды яшчэ паўсюль, як змеі, блішчалі ў траве кінутыя кайданы. Нібыта распаўзлося кубло.
Шчалканаў паматваў кісцямі рук: