Дэспатычнае самавольства, нахабны прыгон і патрыярхальнасць — чацвёртага кіта не было. А на гэтых трох стаяў «трэці Рым», аслеплены ідэяй уласнай велічы настолькі, што яму было ўсё роўна, шмат ліхтароў на вуліцах ці не. А іх было мала, таму што большую частку дрэннага канаплянага масла з'ядалі пажарныя, абавязкам якіх было гэтыя ліхтары чысціць і запальваць. З'ядалі з дрэнна абдзёртай грачанай кашай, галоўнай і ледзь не адзінай сваёй ежай.
Ён ненавідзеў яго за тое, што горад, у масе сваёй, не жыў і нават не хацеў жыць уласнай думкай. Вярхі жылі разбэшчаным рабалепствам перад «грамадскай думкай», якую ўвасаблялі прыдуркаватыя ад старэчага маразму галовы ангельскага клуба. Галовы ў сваю чаргу схіляліся перад разумовым убоствам так званай дзяржаўнай ідэі. Астатняя частка жыла плёткамі і мамонай і пакорай перад законам, які не закон.
Нельга курыць на вуліцах — не будзем. Нельга насіць доўгія валасы — не будзем. Нельга есці бліны іначай як на масленіцу і ў належныя для таго дні — не будзем. І ўсё гэта пакорліва і безнаракальна, хаця б у пастанове і не было ніякага сэнсу.
Насіць вусы могуць адны ваенныя. Іншым саслоўям гэта забараняецца. Бараду дазволена насіць мужыкам, папам, стараабрадцам і асобам вольнага стану ў паважным узросце. Чыноўнік павінен галіцца. Яму, безумоўна, забараняюцца вусы і барада. Пры дасягненні ж пэўных ступеняў ён мае права насіць маленькія бакенбарды — favoris, у тым, аднак жа, выпадку, калі яму гэта прыхільна папусціць начальства. Маладым барада забаронена. Калі ж яна расце і запускаецца — гэта адзнака нігілізму і вальнадумства*.
Алесь ненавідзеў яго за тое, што ён не ведаў і не жадаў прадбачыць будучыні, цалкам пакладаючыся ў гэтым на прароцтвы і прадраканні смярдзючага ідыёта Карэйшы*, у святасць і ўсёведанне якога бязмерна верыў.
Карэйша зараз дажываў свой век у доме вар'ятаў. Што яны — не вар'яты, а «нармальныя» — будуць рабіць без яго?
…Добра, што ў будачнікаў аднялі алебарды. Такі быў сімвал ідыёцтва ўладатрымальнікаў! Такое бруднае і грубае сярэдневякоўе! Як увесь гэты быдлячы свет.
— Вы нешта сказалі? — страпянуўся Алесь.
— Вы ўпершыню ў Маскве? — паўтарыў купец.
— Упершыню, — сказаў Загорскі.
Ён не вельмі хлусіў, кажучы гэта. Тэатры, універсітэт і рэстараны — гэта была не Масква. Ён, Алесь, стаяў цяпер твар у твар з сапраўднай Масквой. Яму трэба было цяпер жыць з ёю і мець справу з ёю і, дзякуючы небяспечнасці свёй справы, спусціцца ў такія цёмныя глыбіні, такія лабірынты і прорвы, якіх цалкам і на ўсю глыбіню не ведаў ніхто. Ён упершыню ішоў да яе, і яму было нават трохі страшна. Бо тут раскашавалі і забівалі, здабывалі сабе хлеб гандлем і рабункам, з дазволу і патаемна, а то абыходзілася і без яго, без гэтага хлеба.