Пасля гэтай размовы Міхал адправіўся на службу, а Бася разам з сяброўкамі пайшла да княгіні, дзе яе папрасілі пачытаць кнігу ўслых. Дзяўчынка забралася на лавачку перад пюпітрам, на якім стаяла кніга і, убачыўшы перад сабою зусім неразборлівы шрыфт, паспрабавала спаслацца на мізэрнасць святла, але слугі адвесілі занавескі і перанеслі пюпітр бліжэй да вокнаў. Басі нічога не заставалася, як пачаць чытанне. З-за таго, што кніга была на лаціне, задача ўскладнялася. Дзяўчынка зрабіла выгляд, што ў яе прыпадак кашлю, намагаючыся тым часам разабраць хаця якія-ніякія літары. Нарэшце, убачыўшы некалькі слоў, падобных па напісанні да англійскіх, яна зразумела, якія літары як выглядаюць, і пачала чытаць па складах. Басі было так нязручна ад уласнага невуцтва, што яна пачырванела і сарамліва зірнула на паннаў ды паненак. Але, убачыўшы, як усе станоўча ківаюць і ўважліва ўслухоўваюцца ў кожнае слова, дзяўчынка здагадалася, што большасць з іх разумее раўнютка столькі ж, колькі і яна сама. Натхнёная гэтым нечаканым адкрыццём, Бася, ужо нічога не баючыся, смела ўзялася чытаць далей. Пасля таго як яна скончыла, сяброўкі пахвалілі яе:
– Ты так добра чытаеш на лаціне!
4 снежня ўвесь Кракаў святкаваў імяніны вялікай княгіні Барбары. Калі Бася разам са світай княгіні Альжбэты шпацыравала па двары рэзідэнцыі, Міхал паклікаў яе і працягнуў нейкі пакунак.
– У цябе ж сёння таксама імяніны, як і ў вялікай княгіні, – сказаў юнак.
Бася разгарнула пакунак і ўбачыла невялікі кінжалік са срэбнай дзяржальняй і прыгожымі похвамі.
– Няхай у цябе будзе гэты кінжал. Што, калі табе выпадзе ратавацца, а мяне не будзе побач?
– Дзякуй, Міхалачак! – прамовіла Бася, разглядаючы падарунак. – Мне так прыемна, што ты памятаеш пра мае імяніны!
Міхал усміхнуўся.
– Ты можаш насіць яго ў складках адзення, – параіў ён. Бася схавала кінжал.
– А калі твае імяніны?
– Ох, Баська, яшчэ не хутка – летам.
– Шкада, – працягнула дзяўчынка. – Але ты мяне абавязкова папярэдзь – я таксама табе нешта падару.
– Дамовіліся, я абавязкова скажу табе, – паабяцаў Міхал. Тут яго паклікаў нехта з жаўнераў.
– Ну вось, у мяне зноў варта, – уздыхнуў юнак.
Сябры развіталіся, і Бася далучылася да сябровак, якія з цікаўнасцю сачылі за дзяўчынкай і згаралі ад нецярплівасці даведацца, што ж такое падарыў ёй Міхал.
Раздзел 13
Надышоў дзень каранацыі. З’ехалася ўся шляхта Кароны і Вялікага княства. Усе запрошаныя намагаліся перавысіць адзін аднаго пышнасцю і багаццем убораў. Бася разам з сяброўкамі праціскалася праз агромністы натоўп, які сабраўся каля Кафедральнага сабора. Каб не згубіцца, дзяўчыны ўзяліся за рукі і чарадой прабіраліся наперад. Але тут высветлілася, што Зося адстала, і ім давялося ісці супраць велізарнага натоўпу, каб адшукаць сяброўку, якая знянацку згубілася.
Нягледзячы на адтаптаныя ногі і шматлікія штуршкі локцямі, дзяўчыны ўсё ж такі здолелі дабрацца да Сабора, дзе ўжо пазбіралася шляхта і найбліжэйшыя сваякі вялікай княгіні і караля Жыгімонта ІІ Аўгуста.
– Ой, у мяне ўсе ногі адтаптаныя! – пачала скардзіцца Зося.
– З-за цябе мы ўвогуле маглі сюды не патрапіць! – упікнула яе Кшыся.
– Чаму?
– Бо пакуль мы цябе шукалі, тут ужо магло не застацца месцаў.
– Але мы ж усё роўна паспелі, – умяшалася ў спрэчку Ануся. – Тым больш што і месцы добрыя занялі – адсюль усё будзе бачна.
– Я ўяўляю, як было б крыўдна стаяць недзе ў кутку ды нічога не бачыць, – працягвала сцвярджаць сваё Крысціна.
– А ў мяне ўсё роўна ножкі баляць…
Бася не звяртала на дробныя спрэчкі сябровак аніякай увагі, а разглядала Сабор, яго скляпенні, вітражы і цудоўныя роспісы, якія, за выключэннем некалькіх, амаль што не захаваліся ў ХХІ стагоддзі. Калі дзяўчынка была тут у сваім часе, толькі некалькі фрэсак былі адкрыты – і яна магла адно ўяўляць, наколькі прыгожымі яны былі ў мінулым.
Святары пачалі запальваць свечкі. Раптам Бася пачула чыйсьці гнеўны крык:
– Ды ты ўвесь час на штосьці скардзішся! Ніякіх сіл з табой не стае! Заўжды ты ныеш і ныеш – усё табе не так!
Бася аглянулася і ўбачыла, што гэта яе сяброўкі крычаць і сварацца на ўвесь Сабор.
– Ды няўжо? Затое ты ў нас толькі і ведаеш, як да ўсіх чапляцца! – агрызнулася Зося на Кшысю.
Ануся, не ведаючы, што рабіць, толькі спалохана пазірала на абедзвюх.
– Што? Я? – абурылася Крысціна.
– Ну, мабыць, хопіць? У рэшце рэшт, вы ж у Саборы! Пасаромеліся б, – сярдзіта зашыпела на іх Бася.
Паненкі збянтэжана паглядзелі на яе.
– Гэта ўсё яна! – паказала пальцам на Зосю Кшыся.
– Хлусня! Я толькі сказала, што ў мяне баляць ногі, а ты пачала лаяцца! – апраўдвалася тая.
– Зараз жа сціхніце! Учынілі тут немаведама што, – упікнула іх Бася. – Як можна!
– Ой, зірніце, а нашыя месцы! – раптам усклікнула Ануся. Паненкі павярнуліся. Выявілася, што, пакуль яны сварыліся, натоўп, які з кожнай хвілінай павялічваўся, выціснуў іх амаль не да самага краю Сабора, адкуль зусім нічога нельга было ўбачыць.
– А я казала! Я ж ведала, што так яно і будзе, – тонам вяшчухі сказала Крысціна.
– Як жа! Калі б ты не пачала на мяне крычаць і лаяцца… – з’едліва заўважыла Зося.