Калі расейскі атрад знік за паваротам, Лёднік змусіў фурмана спыніць карэту і рашуча сеў у яе — з такім злосным абліччам, што пярэчыць было неразумна, гэта ўсведамляў нават Зыгмунт Грос. Пранцысь улез следам, зусім заціснуўшы Гроса у кут.
— Ну што, будзем тлумачыцца? — застрашліва ветліва прамовіў Лёднік. — Мяне нельга падмануць кроплямі дурнап’яну, хірургічным выдаленнем шнару і праваслаўным жагнаннем. За каго мы з панам Вырвічам маем сумніўны гонар рызыкаваць жыццём, а, шаноўныя адэпты Ордэна Ісуса? Я, ведаеце, дастаткова часта гуляў са смерцю, але кожны раз прынамсі ведаў, дзеля чаго.
— І ці не варта было сапраўды здаць дзяржаўнага злачынцу ўладам — маю падставы меркаваць, што атрыманая за яго ўзнагарода будзе не меншай, чым тая, што прапанаваў нам пан Юдыцкі, — пагрозна дадаў сваё Пранціш.
Пан Грос запытальна зірнуў на Шрэдэра, які ляжаў, адкінуўшыся на аксамітную падушку, так што ягоны твар амаль хаваўся ў ценю. Падобна, Грос прачытаў, што належала, у абліччы старога.
— Я разумею ваш непакой, панове, — прамовіў ён. — Вы ўжо ведаеце, што пану Шрэдэру, нягледзячы на паважаны ўзрост, давялося не так даўно прайсці шмат пакутаў. Запэўніваю вас, калі ён патрапіць зноў у рукі тых, ад каго мы пана з вялізнымі намаганнямі вызвалілі, яму давядзецца спазнаць пакуты яшчэ горшыя. Хаця злачынства — пан Езус мне сведка — ніякага не ўчыняў.
— У вязьніцу і на прэнт прыводзяць не толькі злачынствы, дарагі пан Лёднік, — ціха прамовіў Шрэдэр, звяртаючыся толькі да доктара, што Вырвіча трохі скрыўдзіла. — Губіць нас проста валоданне нейкімі ведамі, давераная нам таямніца. Ad notanda[7], вам гэта добра вядома, пан доктар.
Лёднік апусціў вочы.
— Так, мне гэта добра вядома, пан Шрэдэр. І мушу сказаць, што не хачу больш мець ніякага дачынення да таямніцаў, за якія палітыкі гатовыя скасіць, як траву, тысячы бязвінных жыццяў.
Карэта зноў пачала падскокваць на каранях, за вокнамі сцямнела — густы лес не прапускаў нават сціплае святло.
— Мы не выбіраем нашы шляхі, пан Баўтрамей, — прамовіў стары. — Нам толькі дазваляецца думаць, што мы вольныя ў гэтым выбары. Кнігу лёсаў напісалі задоўга да нас, і атрамант з яе старонак не счысціш, як у звычайным палімпсесце. Я ніколі не спрачаўся, калі мне давалі асабліва складанае і небяспечнае даручэнне, бо спадзяюся на Божую волю. Вы правільна здагадаліся, я бываў у Тамашове і ведаў магістра Габрыелюса, вашага колішняга настаўніка. Праўда, асабліва сардэчнага сяброўства у нас з ім і ягонымі паплечнікамі не атрымалася, — пан Шрэдэр зірнуў на прабітую даланю. — Замест таго, каб займець ад магістра пэўныя паперы, я мусіў даводзіць, што я не блюзнер, перад рэлікварыем святога Тамаша… Вы, пан Лёднік, як я разумею, таксама адчыталі там пакаянны канон, насадзіўшы рукі на цвікі. Для чалавека, які валодае здольнасцямі да канцэнтрацыі і да ізаляцыі болевых адчуванняў, гэта не так складана. Затое мне ўдалося сабраць дастаткова сведчанняў пра блюзнерствы самога пана Габрыелюса, каб яго праз нейкі час пазбавілі званняў і выслалі з горада, а ведзьмакоў, што пры ім карміліся, адправілі пад нагляд святой інквізіцыі. Гэта была нялёгкая справа, пан Баўтрамеюс, — пасміхнуўся стары. — Я рады, што сярод тых няшчасных не аказалася вас. Шкада было б дапытваць і вешаць такога таленавітага чалавека.
Пранціш і доктар перазірнуліся, бо абодва раптам усвядомілі, што гэты скалечаны стары без ваганняў мог сам калечыць і забіваць тых, каго лічыў ворагам «адзінай ісціны»… І, пэўна, даводзілася яму гэтым займацца.
— Ну, ну, не палохайцеся, — мякка прамовіў езуіт. — Вы ж не маглі не здагадвацца, калі патрапілі ў Акадэмію, якую заснаваў наш орден, што пра вас даведаюцца ўсё… І я ведаю, што вы, доктар, адмовіліся ад магіі і алхіміі. Але ваш шлях, аmicus meus[8] — быць у цэнтры палітычных авантураў і пошуку вялікіх рэліквіяў. Хочаце вы таго ці не. Таму цяпер — проста выканайце сваю працу, не спрабуючы даведацца больш, чым патрэбна, пастарайцеся падтрымаць у ва мне жыццё і ясны розум, пакуль я не выканаю тое, што мушу… Нават калі вам давядзецца ўжыць нешта з арсеналу забароненых уменняў. Мне такое не дадзена, а вам — так, не адмаўляйцеся… Грэх я вазьму на сябе. Праводзьце гэтую карэту да Гутаўскага кляштара… А далей — вы вольныя. Абяцаю, што вашу кафедру, пан Баўтрамей, у Акадэміі чапаць не стануць, а пан падхаружы ў хуткім часе атрымае званне паручніка.
Гэтая абяцанка Вырвіча, аднак, не ўзрадвала.
— А калі б жаўнеры ўсё-ткі западозрылі нас… Што? Безнадзейная бойка?
— Не такая ўжо безнадзейная, — азваўся Грос са злавеснай усмешкай. — Я адказваю за бяспеку пана Якуба, а мне даводзілася бываць і на гарачэйшай патэльні. І вас не дарэмна наймалі, панове. Мы добра ведаем, на што вы ўдваіх здатныя. І на што не здатныя — напрыклад, аддаць старога чалавека на катаванні. Што ўскосна пацверджвае ваш учынак з выкупам габрэйкі.