Не, выседзець немагчыма… Адвага ці мёд п’е, ці кайданы трэ. Застаецца спадзявацца, што Лёднік сапраўды ўшчэнт выснажыўся — Вырвіч бачыў, чаго таму каштаваў «энергетычны масаж», і спіць не так чуйна, як звычайна. Былы шкаляр хуценька змайстраваў пад коўдрай з усяго, што пад руку трапілася, «цела», як звык рабіць у канвенце езуіцкага калегіюму, выбіраючыся ноччу на пракуды, ціхенька вышчаміўся за дзверы і слізгануў уніз па прыступках. Каб не сутыкнуцца з кімсьці, давялося сунуцца ў катух пад лесвіцай, прызначаны для прыслугі — там пахла півам і хтось, лежачы на сенніку, соп, бачачы ўва сне, відаць, дзясяты шчасліва асушаны куфаль. Нечая постаць набліжалася да прыадчыненых дзвярэй. Дрогкае святло свечкі слізганула ў пакой, як здрадлівы балотны агеньчык. Вырвіч прыціснуўся да рыззя, што вісела на ўбітым у сцяну цвіку і выпраменьвала водар прэлага лісця.
— Трэба прыхапіць Базыля, — зашапталіся ў калідоры. — Ён нягеглы, але дужы і да таго ж нямко.
Зараз жа ў пакой зайшоў чалавек, захутаны ў плашч:
— Базыль, уставай! Праца ёсць…
Для вернасці тыцнуў похвамі шаблі ў постаць на сенніку і сышоў. Базыль замыкаў… Але не прачнуўся, толькі перавярнуўся на другі бок і засоп далей. Напэўна, піва ў Менску варылі не горшае, чым у Вільні.
Гэтым Вырвіч не мог не скарыстацца. Хуценька намацаў вопратку, што вісела на сцяне… Світка была трохі велікаватая ў плячах — на жаль, Пранціш Вырвіч не адрозніваўся асілкавым целаскладам, затое меўся капюшон… Які драгун зараз жа нацягнуў на галаву. Ён бачыў учора гэтага Базыля — унуранага, з апушчанай галавой, толькі адзін раз паказаліся з-пад каптура запалыя вочы на круглым твары. Нічога, не пазнаюць… Крывабокага нямко ўдаваць няцяжка.
На двары сабраўся тузін самых падазроных асоб: у плашчах, капелюшах, каптурах, насунутых на вочы, як у Пранціша, альбо з завязанымі да вачэй шалікамі. А вось, мусіць, і пан Шрэдэр — ступае павольна, але сам, нездарма Лёднік стараўся.
Адна з постацяў стала перад ліхтаром, чалавек прыўзняў руку, адхінулася крысо плашча… Сіні жупан са срэбным літым поясам, з гузікамі з вензелем Караля Радзівіла… Альбанчык! Адзін з прыбліжаных Пане Каханку! У бойку пад штандарам свайго пана, дзе можна загінуць, альбанчыкі заўсёды так апраналіся, значыць, і цяпер чакае небяспека. Вырвіч агледзеўся: вунь у таго таксама шабля з-пад плашча тырчыць, срэбны пояс паблісквае… Значыць, дзеля Радзівіла справа будзе!
— Ідзі за намі, рабі, што скажу, тады заўтра дазволю ў карчомку схадзіць на ўвесь вечар, — шапнуў Пранцішу адзін з людзей, магчыма, гаспадар дома, у якім яны спыніліся. Ілжэ-Базыль пакорліва нахіліў галаву, перакасіўся набок…
Постаць за постаццю знікалі ў напрамку руінаў Троіцкага кляштара, быццам прывіды мнішак, якія калісьці тут жылі, збіраліся на месу. Апошні чалавек вёў каня, запрэжанага ў калёсы, так што ўзнікала падабенства і з таемным пахаваннем. Цемра была — як у закінутай печы, толькі першы, хто ішоў — здаецца, Грос — падсвечваў шлях ліхтарыкам-кажаном, які ашчаджаў нешырокі прамень… Дзесьці падаў голас сабака, але не злосны, не спалоханы — а так, санліва-дзелавы: вось, бачыце, я на варце, я не лайдачу… Закрумкалі вароны ў парадзелых шатах цудам ацалелых ад нядаўняга пажару таполяў. Пранціш прайшоў разам за ўсімі ў прагал брамы. Потым па прыступках — уніз, у сутарэнні, над якімі засталіся толькі рэшткі храма. Ногі слізгалі па мокрым каменні. Пана Шрэдэра падтрымлівалі пад рукі, але ён рухаўся дастаткова бадзёра.
Вырвічу было непамысна, як каляднай гусі, якая раптам уцяміла, што за харчаванне разынкамі і арэхамі трэба расплочвацца. Відно было, што ўваход у сутарэнні нядаўна расчышчалі: убаку ляжалі кучы друзу. А ў каменных плітах падлогі ўгадваліся дзверы. Пранціш успомніў, што такія ж ён бачыў у сутарэннях кляштара бернардзінак, дзе ім даводзілася хавацца з Лёднікам, і вялі яны ў падземныя хады, якімі з’ядноўваліся ўсе храмы горада і ратуша. У ратушу яны тады і хадзілі гэтымі пацучынымі ўладаннямі…
Але тут давялося спускацца куды глыбей, чым у базыльянскім кляштары, стромыя каменныя прыступкі ніяк не заканчваліся — добра, што цяпер запалілі адразу некалькі ліхтароў, а то галаву звярнуць было б, як клёцку пражаваць. Так, без майстэрства Лёдніка Якуб Шрэдэр і з адной такой прыступкі не споўз бы… Ды яшчэ камень вільготны — вада ажно па сценах цячэ. Ну так, непадалёк жа рака… І калі хады вядуць у цэнтр горада, значыць, цяпер давядзецца прайсці пад рачной плынню. Ад гэткага ўсведамлення Пранціш стаў мокры, як той мур. Добраахвотна лезе ў пастку… А пры сабе ні шаблі, ні пісталета… Толькі кінжальчык за пояс сунуў. А ў іншых вунь — і зброя з-пад плашчоў выпірае, і ўсялякія жалезныя прылады… Не, Лёднік мае рацыю, калі лаецца на вучня за легкадумнасць.
Але калі спусціліся ў праход з высокай скляпеністай столлю, дастаткова шырокі, каб размінуліся два чалавекі, нават такія тоўстыя, як нябожчык кароль Аўгуст Сас, прадчуванне прыгодаў і прагная цікаўнасць выціснулі ўсякую боязь. Пранціш насунуў капюшон глыбей і закульгаў за кампаніяй.