Дарога з Вільні да Менску была наезжанай ды густа ўсаджанай корчмамі… Затое і шпегамі. Карэту перастрэлі яшчэ двойчы, на гэты раз жаўнеры каралеўскага войска. Адзін раз — за Красным, праверылі дакументы, упэўніліся, што ў старога ў карэце няма шнару на шчацэ, і вочы не светлыя… Цяпер пан Грос жагнаўся, як прававерны каталік, заклікаў у сведкі матку боску Чанстахоўску… Потым падарожных правяралі на ўездзе ў горад — тут ужо спатрэбіўся аўтарытэт Пранціша Вырвіча, бо ў каравуле быў драгун, які раней служыў у ягонай харугве. Пранціш і малады афіцэр з зухаватымі вусамі — Вырвіч падобных так і не адрасціў — абмяняліся апошнімі навінамі пра свае палкі, вайсковае начальства…
І няўмольна накручвалася нітка лёсу на клубок, які трымала чыясьці кашчавая рука, і змрачнеў полацкі алхімік, сузіраючы шэрае неба над шэрым Менскам, і мармытаў:
— Рысы, якімі выяўляюць вясёлку, ствараюцца са спалучэння фарбаў, а менавіта кінавары і вірыдонавай, а таксама вірыдонавай і фоліюма, а таксама фоліюма і вохры, а таксама мянеска і вохры, а таксама кінавары і фоліюма…
І назва фарбы «менеск», якой карысталіся майстры пры маляванні вясёлкі, з Кнігі таямніцаў Тэафіла, была ў гэтых мясцінах імем пракаветнага млынара, чый млын вольна перасоўваўся па берагах Свіслачы, і малоў Менеск паміж жорнамі камяні, і пёк з каменнай мукі будучыню беларусаў…
І, калі добра сцямнела, падарожныя пасяліліся ў дамку за Траецкім прадмесцем, невялікім, але каменным, на два паверхі. Прыслуга ў доме зноў не задавала ніякіх пытанняў, гасцей чакалі пакоі і вячэра.
Вырвіч глядзеў праз круглыя шкельцы ў свінцовых балонях, якімі было зашклёнае вакно, і ўспамінаў, як калісьці гэтак жа пазіраў на Менск — з вежы кляштара бернардзінак, а побач была панна Паланэя Багінская, ганарыстая і вясёлая… Тады бачыўся, лічы, увесь горад — а цяпер, скрозь цьмяную слюду, можна разгледзець удалечыні хіба срэбную палоску ракі, якая перарываецца чорным абрысам паўзруйнаванага Траецкага кляштара.
Пранціш, спяшаючыся, крэмзаў алоўкам няроўныя радкі на змятым аркушы — Лёднік загадаў пііту заўсёды мець пры сабе аловак і паперу.
Запісаны верш заўсёды нагадваў Вырвічу злоўленага рукой матыля — нібыта тая ж істота, што кружляла над табою, захапляючы зіхатлівай прыгажосцю, але ж — змятыя крылцы, сцерты пылок, і жыцця няма… Але полацкі Фаўст настрога забараніў драгуну нішчыць плён натхнення, як у таго было ў звычаі, і спісаны аркуш пасля некаторага вагання аўтара адправіўся разам з іншымі ў патаемную кішэню камзола.
Вырвіча і ягонага былога слугу пасялілі ў розных пакоях — уласна кажучы, на другім паверсе дамка, дакладней, мансардзе, толькі і меліся гэтыя два пакойчыкі. Можна было расцэньваць гэта як асаблівую павагу, а можна — як спробу пазбавіць не да канца надзейных наймітаў магчымасці перагаворвацца і сачыць за іншымі насельнікамі дома.
За сцяной сціхла вячэрняя малітва, адчытаная Лёднікам… Гараджане загасілі агні. Напэўна, маладому драгуну належала соладка і моцна заснуць — адно з правілаў вайсковай навукі вучыла, што на вайне трэба любы зацішак, хвілю бяспекі выкарыстаць, каб паспаць, няважна, дзе ты знаходзішся, у мокрым акопе альбо ў захопленым варожым палацы. Але Пранціш памятаў і правіла навукі шпегаўскай: ніколі не паслабляць увагі, нават калі ўкладуць на мяккія пярыны пад анёльскія спевы. Таму і пачуў асцярожныя крокі па драўлянай лесвіцы і ціхі стук у дзверы Лёдніка. Доктар, які таксама не пагарджаў шпегаўскай навукай, дзверы адчыніў зараз жа.
— Вас чакаюць у пана Шрэдэра, вашамосць, — прагучаў голас Гроса. — Вазьміце з сабою ўсе лекі і інструменты.
Зразумела, і Пранціш зараз жа з’явіўся пры поўнай экіпіроўцы. Лёднік нават не спрабаваў не ўзяць яго з сабою.
Шрэдэр, трохі больш збляднелы, чым звычайна, сядзеў на ложку ў гасцёўні з зачыненымі аканіцамі і вялікай печчу, аблямаванай галандскай плінфай з сінімі дамкамі на белым фоне.