Читаем Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча полностью

Нейкі час дарога ішла моцна пад адхон. Там, дзе са столі не крапала, а лілося, пэўна, і несла свае восеньскія воды Свіслач. Потым шлях стаў сушэйшы, павёў наверх. Затое з’явілася шмат адгалінаванняў. Вось тут і распараджаўся пан Шрэдэр, які ішоў наперадзе разам з Гросам. Стары спыняўся, падносіў ліхтар да сценаў, вышукваючы аднаму яму вядомыя знакі… Часам у цемры бакавога ходу мроіліся нечыя чырвоныя вочы… Ніхто не размаўляў, нічога не пытаўся. Нават Шрэдэр паказваў дарогу толькі жэстамі. Таму калі ён вымавіў: «Тут!», слова прагучала пад вільготнымі зводамі, як грымоты.

Але «тут» азначала глухі цагляны мур, у які ўпіраўся адзін з бакавых хадоў. Як кажуць, прыйшоў, таўкача аблізаў ды пайшоў.

Тым не менш ніхто не здзівіўся, двое выйшлі наперад і па знаку Гроса, які трымаў ліхтар, пачалі дзяўбсці сцяну цяжкімі чаканамі.

Вырвіч не паспеў засумаваць — таму што кладка была ў адну цагліну, і хутка замест сцяны зеўраў прагал, за якім бачыўся працяг сутарэння.

Парушальнікі спакою пацучынага царства адзін за адным прабіраліся ў новы ход. Потым быў яшчэ адзін мур, які належала разбіць…

І вось…

Пан Якуб Шрэдэр пачаў чытаць малітву, слёзы цяклі па ягоным маршчыністым твары — як у чалавека, які нарэшце выканаў даўно ўзятую на сябе прысягу і цяпер вольны…

Вырвіч сунуўся ў прагал… Ад бляску давялося прыжмурыцца. Залатыя падсвечнікі, паціры, рэлікварыі, прыкрашаныя каштоўнымі камянямі…

У галаве нарэшце бліснула здагадка.

Золата езуітаў!

Здарылася гэта ў 1701 годзе. Тады цар Пётр Першы са сваім войскам заняў Менск… І дужа пасябраваў з езуітамі — паколькі быў схільны да ўсяго новага, да навук і майстэрстваў. Яго ўразіла сістэма навучання ў калегіюме, нават падумваў нешта пераняць… Але між тым царскаму саюзніку Аўгусту Моцнаму далі пытлю, наперадзе расейцаў чакала адступленне, і настрой цара перамяніўся… Расейскія войскі, а там было шмат калмыцкіх атрадаў, пачалі рабаваць дамы і храмы. Не адрозніваючы каталіцкіх, уніяцкіх і праваслаўных. Тады і схавалі езуіты свае скарбы ў сутарэннях. А потым настала вялікая пошасць, смерць забрала апошніх сведкаў…

Але, відаць, не ўсіх. Пан Якуб Шрэдэр — ці як яго там насамрэч завуць — захоўваў таямніцу схаванага золата. Наўрад ён сам прысутнічаў пры падзеях шасцідзесяцігадовай даўніны — але нехта яму сакрэт перадаў. Цяпер было зразумелым, чаму старога катавалі, і з-за чаго на яго палявалі і расейцы, і людзі караля… Мяркуючы па ўбачаным, тут золата хопіць, каб развязаць яшчэ адну вайну. І скарыстацца ім прызначана Пане Каханку, самаму магутнаму апаненту Панятоўскага і расейцаў.

Грос выйшаў са скарбніцы з невялікім куфэрачкам у руках, пляскатая фізіяномія яго ззяла, як намаслены блін.

— Ёсць! Зверху стаяла, рызай накрытая.

Шрэдэр абапёрся рукой аб сцяну.

— Пакажы!

Зыгмунд адчыніў куфэрак і дастаў адтуль загорнутае ў калісьці белае палатно нешта незразумелае: пашкамутаная залатая палоска, скручаная ў няроўную васьмёрку і потым яшчэ раз перагнутая напалам, са слядамі мацаванняў, дзе, напэўна, калісьці былі каштоўныя камяні, с высечаным дзіўным арнаментам. Быццам цмок пажаваў.

Шрэдэр дрыготкімі пальцамі перажагнаўся, потым раптам дакрануўся вуснамі да залатога скрутка.

— Дзякуй табе, Божа!

Грос цалаваць знойдзенае не стаў, проста схаваў куфэрак за пазуху. Рэліквія нейкая, відаць.

Пранціша заўважна штурханулі ў спіну.

— Чаго стаіш, як даўбень, ідзі насі!

Вырвіч пакорліва прыняў ад здаровага спадара з насунутым на твар капюшонам невялікую, здавалася б, скрыню… І ледзь не паваліўся з ёю на падлогу: мусібыць, нямко-прыслуга Базыль і звык цягаць такі цяжар, але шляхціц Вырвіч гэтак падарвецца! Пранціш патрос сваю ношку: манеты, здаецца. А ўявіць, колькі ісці да выхаду!

Але з’явілася некалькі ручных калёсцаў, напэўна, загадзя падрыхтаваных у сутарэннях, і справа пайшла хутка. Вырвіч паспеў два разы адвезці гружаную каламажку да выхаду — так ужо чакалі трое, перадаючы адзін аднаму ўздоўж лесвіцы каштоўнасці…

Калі Пранціш вярнуўся апошні раз, ён заўважыў, што пан Шрэдэр, які так і стаяў ля ўваходу ў скарбніцу, побач з ліхтаром, заплюшчыў вочы і паціху абсоўваецца на падлогу… Падобна, здарылася тое, пра што папярэджваў Лёднік: скончыўся часовы эфект лекаў, і цяпер хвораму станецца яшчэ горш… Чаму ж Грос марудзіць даць мікстуру?

Пранціш нагружаў сваю каламажку, удаючы, што цалкам паглынуты гэтым працэсам, а сам пільна прыглядаўся. Грос стаў над старым, на ягоным твары можна было нават прачытаць некаторую разгубленасць. Рука палезла ў кішэню каптана, нерашуча дастала бутэлечку з чырвонай вадкасцю, але шкляніца вярнулася на месца. Між тым апошнія скарбашукальнікі пакідалі сутарэнне. Толькі Пранціш дагружаў срэбныя талеркі. Грос агледзеўся, потым нахіліўся над панам Шрэдэрам, крануў за шчаку — галава старога бязвольна апусцілася на плячо. Відаць, Зыгмунд вырашыў, што Шрэдэру засталося нядоўга. Выпрастаўся і прагаварыў урачыста, як над свежай магілай:

— Вы выканалі сваю місію, настаўнік. Золата паслужыць нашым мэтам. Дзякую вам. Цяпер я не павінен умешвацца ў Божую волю. Прабачце. Усе мы — ганчакі Божыя. Амін.

Перейти на страницу:

Похожие книги