Вырвіч пры згадцы пра Батысту ледзь не падскочыў — боль перашкодзіла.
— А дзе камзол, які на мне быў? Вы з яго нічога не даставалі?
Саламея, мудрая жанчына, не стала нічога перапытваць, а хуценька прынесла Пранцішаву вопратку.
— Не стала мыць, каб чагось не сапсаваць, мала што ты мог прыхаваць…
Вырвіч, як мог паспешліва, абмацаў кішэні: вось ён, ліст, перададзены Шрэдэрам! Магчыма, дапамога егіпецкага жраца, здрадніка, з-за якога Бутрым і патрапіў у турму, спатрэбіцца, каб доктара ж і выцягнуць. І ўспамін пра Міхалішыўну прымусіў сэрца здрыгануцца… Што маг з ёй вытварыў за гэты час?
— А не чуваць нічога пра нягодніка Батысту? — спытаў Пранціш праз зубы.
Саламея горка ўсміхнулася.
— Яшчэ як чуваць! Уся Варшава толькі пра іх і гаворыць, аж сюды чуткі дайшлі: пра вялікага прадказальніка і чарадзея графа Рудольфіюса Батысту і ягоную прыгажуню-жонку, як яна на гарачых вуголлях таньчыць і бессаромна ногі паказвае. Пан Рысь збіраўся быў паехаць мага на двубой выклікаць, але яго адгаварылі: Батыста ў фаварытах у Панятоўскага, кароль нават за жонкай яго валочыцца, і, кажуць, быў адораны ейнымі ласкамі…
Пры гэтых словах Вырвічу стала так балюча, што, здаецца, сэрца спыніцца… Пані Саламея ажно спалохалася:
— Табе кепска? Прыляж…
Вырвіч адкінуўся на падушку, сцяўшы зубы. А чаго ён чакаў, што егіпецкая прынцэса ні з поля вецер будзе захоўваць яму вернасць? Што ж, яна дастаткова прыгожая, таленавітая, разумная і… і незвычайная, каб счараваць нават караля, тым больш маладога і кідкага на кабетаў. А Батыста яшчэ, пэўна, і змушае нявольніцу да выгаднага флірту з манархам. А можа, Міхалішыўна ў Цялка і закахалася — а чаму не, прыгожы, дужы, далікатны, на флейце грае, Шэкспіра перакладае… А яна для яго ў спачывальні Афелію або Віёлу разыгрывае… А што ж, усемагутная мадам дэ Пампадур, фаварытка французскага караля, таксама з беднаты, з гразі вылезла, а ўсёй дзяржавай кіруе, каралева ёй кланяецца… Пазалаці вароне пер’е — вось табе і пава.
— Кажуць, Батысту расейская царыца да сябе запрашае на Каляды… А ў Расіі яго зусім не дастанеш, — скрушна прагаварыла Саламея.
— Нічога, я яго адусюль дастану… — ненавісна прагаварыў Вырвіч. — У мяне ёсць чым яго на наліснік раскатаць. А ты не чула, ці не перадаваў ён Панятоўскаму адну дужа рэдкую рэліквію?
— Не, не расказвалі такога…
Для каго ж італьянскі шалбер прыберагае карону святога Альфрэда, якую везлі для Пана Каханку? Бо трымаць такую рэч пры сабе — усё роўна што ездзіць з бомбай з запаленым кнотам. Няўжо для імператрыцы? Эх, з Лёднікам бы параіцца…
Успамін пра доктара зноў увагнаў у тугу.
Саламея лекаркай была дасведчанай, рану драгуна спрытна перавязала, паабяцала, што праз некалькі дзён можна паспрабаваць устаць.
Некалькі дзён! Ды для Бутрыма кожны дзень у вязніцы — пакутлівае стагоддзе… Драгун не збіраецца адлежвацца, калі ўжо ачомаўся. Ды зараз ён усю Вільню на ногі паставіць, каб доктара вызваліць! І Батысту знойдзе, і Разанцава…
— Вітаю ягамосць Вырвіча і пані Лёднік.
Граф Міхайла Разанцаў зайшоў у пакой, як быццам да сябе дахаты. У дарожным плашчы і капелюшы, з якога яшчэ не строс першы, вільготны, снег, рука яго нервова камячыла дарагія шчыгрэневыя пальчаткі.
— Рады бачыць, што пан Вырвіч апрытомнеў.
Па голасе графа, аднак, гэтага не было чуваць. Халодны быў голас, са стрыманым гневам і горыччу, быццам гаварыў з сябрамі, якія яго моцна расчаравалі.
Саламея ўскочыла, у яе руцэ апынуўся кінжал. Вырвіч пакутліва азіраўся ў пошуках шаблі.
— Не хвалюйцеся, вам нічога не пагражае. Калі будзеце паводзіць сябе разумна. Калі б я хацеў, пана Вырвіча даўно б арыштавалі.
А граф змяніўся. Схуднеў, на твары стома, вочы пачырванелыя, зморшчыны паглыбіліся… Здаецца, гады, а не месяцы прайшлі ад Бутрымавай лекцыі, пасля якой ягоны сябар Міхайла Разанцаў, абараняючы дакладчыка, распавядаў пра расейскую кунсткамеру…
— Спадзяюся, вы зацікаўленыя ў тым, каб доктар Лёднік быў жывы і здаровы?
Саламея і Пранціш перазірнуліся, жанчына насцярожана спытала:
— Што ад нас для гэтага патрабуецца?
Граф нават не пасміхнуўся.
— Нічога, што было б для вас ганебна.
Памаўчаў, пахадзіў па пакоі, нібы наважваючыся на шчырасць, невясёлая ўсмешка перакрывіла ягоны твар.
— Кола Фартуны круціцца незалежна ад нашых жаданняў… Я сёння вярнуўся з Санкт-Пецярбургу. Выклікалі мяне па справе закалоту, які я па даручэнні канцлера Паніна павінен быў выкрыць. Справа мусіла быць гучнай, з прыцягненнем многіх вядомых родаў… Усе мы ведаем, што дзякуючы майму сябру Баўтрамею Лёдніку і ягонаму своеасабліваму пачуццю доўгу гучная справа пераўтварылася ў фарс.
Разанцаў з сілай сцебануў пальчаткамі аб край стала, нібыта той быў ва ўсім вінаваты.
— Майму рапарту ніхто не паверыў! У мяне, як і ў кожнага больш-менш прыкметнага чалавека, шмат ворагаў, якія не супраць заняць маё месца або нашкодзіць тым, хто мной апякуецца. Дзвесце ўзброеных жаўнераў супраць аднаго прафесара! Ну, добра, у бойцы ў зале змаглі ўзяць удзел не больш трох дзесяткаў… Але — ён быў адзін! Ніхто не забіты. Не паранены… Ды нада мной проста пасмяяліся!
Граф хадзіў туды-сюды, як звер у клетцы.