— Яе вялікасці даклалі, што я згаварыўся з маім сябрам Варфаламеем Лёднікам, што я дазволіў змоўшчыкам сысці, зрабіўшы імітацыю бойкі… І што ягоная мосць князь Рапнін, мой апякун, атрымаў за гэта вялікія грошы ад князя Радзівіла. А вы ж ведаеце, што канцлер Панін — дзядзька ягонай мосці Мікалая Рапніна, таму падазрэнне падае і на яго, чаму многія ў Санкт-Пецярбурзе вельмі рады, бо дасюль ніяк не маглі ачарніць яснавяльможнага канцлера ў вачах яе вялікасці. Вось бачыце, што нарабіў наш агульны знаёмы, вучоны доктар?
Пан Міхайла быў амаль у адчаі, так што Пранцішу нават зрабілася яго трохі шкада. Але Лёдніка было шкада куды больш. І Вырвіч спытаўся насмешна:
— Выходзіць, вы цяпер таксама дзяржаўны злачынца, ваша мосць?
Разанцаў злосна бліснуў шэрымі вачыма:
— У нашым родзе ніколі не было здраднікаў! І не будзе! Ёсць адзін сродак давесці, што рапарт быў праўдзівы… Князь Рапнін пацвердзіў і ягонай мосці канцлеру Паніну, і яе вялікасці Кацярыне, што прафесар Лёднік сапраўды з’яўляецца выбітным майстрам фехтавання і здатны на падобныя подзвігі. Але яе вялікасць не можа даць веры такому цуду, не ўбачыўшы сваймі вачыма.
— І гэта значыць… — пачаў здагадвацца Пранціш.
— І гэта значыць, што ў мяне загад прывезці дзяржаўнага злачынцу ў Санкт-Пецярбург, дзе ён мусіць пацвердзіць праўдзівасць маіх слоў. Альбо абвергнуць… Яе вялікасць літасціва дала згоду высветліць усё падчас калядных карнавалаў, калі ў яе з’явіцца вольны час. Але…
Разанцаў апусціў вочы і кусаў вусны, быццам яму стала страшэнна няёмка.
— Але… Варфаламей у кепскім стане.
— Што вы з ім зрабілі, нягоднікі? — Саламея кінулася на графа.
— А што вы хацелі, каб дзяржаўнага злачынцу пернікамі частавалі? — выкрыкнуў знерваваны граф, адчапляючы ад сябе ўгневаную кабету. — Ён сам вырашыў свой лёс — сваім учынкам і сваёй упартасцю падчас следства! Я і так загадаў яго не калечыць, косткі не ламаць… Проста, пакуль мяне не было, ён паводзіўся занадта дзёрзка, ну і тыя, хто дапытваў, перастараліся…
— Я павінна яго ўбачыць!
Вочы Саламеі гарэлі сінім агнём, так, што Разанцаву было відавочна не па сабе.
— Я і хацеў прапанаваць… Я ведаю, што вы, пані Саламея, таксама выдатная лекарка… Доктар, думаю, жадаў бы, каб менавіта вы яго і лекавалі, ад рук любай усё ж хутчэй зажывае, праўда? Мы перавядзем Варфаламея ў добрыя ўмовы… Усе лекі, якія патрэбныя, дамо… Зможаце сына да яго прывесці… Пану Вырвічу, нават калі паправіцца, лепей не паказвацца — ён таксама пад падазрэннем, але ліст зможаце яму напісаць.
— Карацей, гатовы на ўсё, каб толькі Бутрым ачуняў і згадзіўся вас абяліць перад царыцай, — саркастычна прагаварыў Пранціш. — Вы ж цяпер усе ад ягоных словаў і ягонага самаадчування залежыце, ці не так?
— Так… — Разанцаў цвёрда зірнуў Вырвічу ў вочы. — Магу легчы пад тыя ж бізуны. І я зразумею, калі цяпер Варфаламей не захоча за мяне заступацца. Але гэта шанец выратавацца і для яго. І, паверце, я не зраблю закладнікамі ягоную сям’ю. Вам у любым выпадку нічога не пагражае, даю слова.
— Вязіце мяне да яго зараз жа! — пані Саламея хапала бутэлечкі з лекамі і ссыпала ў чорную валізку, якой карыстаўся Лёднік, калі хадзіў да пацыентаў. Павярнулася да Разанцава, і ў яе быў такі твар, з якім царыта Іпаліта змагалася за свой пояс з нахабным афінянінам Тэсеем.
— Але калі з маім мужам здарыцца штосьці непапраўнае, я вас выклічу на двубой і заб’ю!
У абодвух прысутных мужчын не ўзнікла і цені сумніву, што менавіта так і станецца.
Тое, што Разанцаў даверыў лячыць вязня Саламеі, ні яе самую, ні Пранціша не здзіўляла: па-першае, пані Лёднік сапраўды была добрай лекаркай, навучанай геніяльным мужам, а па-другое, у доктара ўтварылася такая рэпутацыя, што ні адзін віленскі медык не наважыўся б без ягонай згоды ўзяцца за лячэнне, калі заставаўся шанец, што злосны прафесар ачуняе і выкажа ўсё, што думае, пра здольнасці калегі. Дый звязвацца з бунтаўніком і блюзнерам мала хто захацеў бы.
…За вакном згушчаўся чорна-белы прыцемак — снег яшчэ толькі намацваў свае новыя ўладанні, і першыя сняжынкі, пасланыя на выведку, утваралі сіня-белыя лапікі на жабрацкіх рызманах ліцвінскай глебы, якая зараз жа абтрасала са сваіх лахманоў прыгожыя, ды халодныя латкі. Але тыя ліцвіны, хто ўвесну, на святога Марціна, варажыў на грудной костцы марціновай запечанай гусі, ведалі дакладна, што зіма чакаецца снежнай і марознай.
напяваў Пранціш дзіцячую песеньку і нецярпліва пазіраў праз цьмяныя шыбы — ці вернецца сёння пані Саламея? А пакуль спрабаваў вярнуць целу былы спрыт, што не так проста пасля трох тыдняў у блёкаце і гарачцы. Паціху соўгаўся, трымаючыся за сцены і мэблю, рабіў дыхальныя практыкаванні, якім навучыў Лёднік.