Прыйшла кабета, немаладая, маўклівая, у белай хустцы. Не здзівілася, што хворы прытомны, на ўсе пытанні адказвала: «А Бог яго ведае, мой пане…». Зато прыгатавала смачны булён і аўсяную кашу, якая падалася драгуну далікатэсам. А раз есці зноў хочацца, значыць, будзем жыць, і трымціце, ворагі, і чакайце нас, прыўкрасныя дамы… Ганулька Макавецкая, пэўна, сядзіць у Ляшчынах і тужыць, і лье слёзы па бравым драгуне. Вось яна б зараз вакол яго насілася з лекамі і напоямі, тонкія ручкі б дрыжэлі, цёмныя вочы напаўняліся слязьмі — то ад жалю, то ад шчасця. А Пранціш паблажліва б камандаваў: гарбату падагрэй! Кнігу падай! Люльку пачысці! О, трэба яшчэ вывучыцца курыць — Лёднік дужа не ўхваляў гэтую агульную моду, і Вырвіч падпаў пад занудны ўплыў доктара. А гэта ж так мужна выглядае — адкінуўся ў фатэлі, нага за нагу, і пускаеш дым з доўгай люлькі…
Вось Міхалішыўна, напэўна, толькі пасмяялася б над тым, як важна драгун пыхкае дымам — не раўнуючы цмок… І даглядала б яго, як пані Саламея — не плакала, а спрытна рабіла перавязкі, змушала захоўваць дыету, жартамі ды трапнымі гісторыямі не давала б хвораму надта шкадаваць сябе… «Вось ваш святы Франтасій змог нават пазбаўлены галавы дайсці да храма, развітацца са сваім біскупам. А ў вас, пан Франтасій, і галава, і рукі-ногі на месцы… Ёсць людзі, якім нашмат горай, чым вам!». Вырвіч нібыта наяве пачуў іранічны голас Міхалішыўны. Якую цяпер, магчыма, абдымае кароль і цалуе празрыста-зялёныя русалчыны вочы…
Вырвіч ажно замыкаў ад гневу і болю і пастараўся адагнаць непрыемнае відовішча… Праўда, яшчэ больш балюча было ўяўляць, як зараз валяецца ў каменным мяшку непрытомны доктар Лёднік…
Хворая рука пачынала патроху ажываць, боль у плячы ўжо не ірваў на часткі. Вырвіч абшукаў камзол: вось ліст для палкоўніка Масальскага, у якім нябожчык Шрэдэр запэўніваў, што падхаружы Вырвіч як найлепей выканаў даручэнне па суправаджэнні хворага шляхціца ў паломніцтве да святых мясцінаў. Каб ведаць, чым абернецца — адразу паслаў бы да Хута суддзю Юдыцкага з ягонай спакуснай прапановай! Вось скрэмзаныя паперы і аловак — а вершаў набралася парадкам, хаця што гэта за вершы — няўклюдныя, як матылі з абарванымі крылцамі, хоць зараз адпраўляй іх у вогненную магілу… Толькі абяцанне Лёдніку не давала так учыніць.
Саламею прывезлі назад у карэце Разанцава, калі было ўжо зусім цёмна, і цені ад полымя свечак варушыліся па сценах, абклееных цёмна-сінімі шпалерамі ў залатыя кветкі, як начніцы. Жанчына зайшла ў пакой, валізка выпала з яе рукі на падлогу. Жонка доктара бяссіла апусцілася на крэсла, закрыла твар рукамі, і раптам плечы яе затрэсліся — Вырвіч яшчэ ні разу не бачыў, каб яна так адчайна плакала, хаця перажыць давялося разам нямала. Ён у самых жахлівых прадчуваннях падкульгаў да пані і крануў рукой за плячо. Яна падняла твар, велічная прыгажосць якога змусіла б не аднаго рыцара кінуцца зараз жа на абарону хай бы і ад крыважэрнага цмока.
— Прабач, нервы не вытрымалі…
Выцерла тонкай рукой слёзы, цяпер у яе рысах праз адчай вызірала тая ўнутраная сіла, якая робіць прыгажосць нечым большым, чым аб’ект для прыемнага сузірання.
— Збілі яго так, што жывога месца няма, — голас Саламеі быў суровы, толькі ледзь прыкметна дрыжэў. — Спіна — адна суцэльная рана, так што давялося цэлае палатно бальзамам вымачыць і прыкласці… Апрытомнеў толькі на хвілю… Каб прабурчэць, што я ў бальзам не дадала дастаткова ладану.
Усмешка кранула куточак вуснаў Саламеі. Доктар, напэўна, і на тым свеце пачне вучыць прабацьку Абрама правільнай рэцэптуры піва, а херувімаў — гігіене наконт падтрымкі пер’яў у чысціні.
— Перанеслі Бутрыма ў самы лепшы пакой, здаецца, каменданта выселілі, — працягвала жанчына. — Вырашыла адразу заехаць да цябе, каб Алесіка слязьмі не палохаць — бо адчувала, што не вытрымаю, а пры… гэтых таксама плакаць не хацелася.
Жанчына здушыла ўсхліп, страсянула галавой, яе нізкаваты голас зноў загучэў цвёрда.
— Зараз заеду дадому, суцешу сыночка, набяру яшчэ лекаў — і назад… Да Бутрыма… Алесік з Хвелькай перабудзе. Прабач, і да цябе ў бліжэйшыя дні наўрад выберуся, застанешся з Агапай, яна маўклівая, але старанная. Трэба яшчэ спадара Лі абавязкова да мужа прывезці. З ягонымі нетрадыцыйнымі метадамі весялей справа пойдзе…
— Як ты думаеш, доктар ачуняе? — у страшнай трывозе папытаўся Пранціш.
— Не ведаю… Усё ў волі Божай… — ціха прагаварыла Саламея, голас яе дрыжэў. — Але Бутрым моцны. Будзем маліцца і спадзявацца…
Памаўчалі…