— А што зробіць з намі пасля ягамосць Караль Радзівіл? — асцярожна папытаўся Вайніловіч. Марыконі раззлавана фыркнуў:
— Радзівілы таксама не ўсемагутныя. Прыйдзе сіла і на іх!
— Вось як… — працягнуў Вайніловіч. — Чуў я, што хутка на Беларусі з’явіцца адна святыня… дужа магутная… І аб’явіцца яна ў руках наступнага караля, якога ніхто не пераможа. І гэта, магчыма, будзе не Радзівіл. Вы нічога не чулі пра гэтую святыню?
Голас рэктара гучаў мякка, як быццам ён асцярожна раскладаў сіло са слоў.
— Нічога, — коратка адказаў Марыконі.
— А што за святыня? — зацікавіўся Длускі.
— Тая, якую варта вярнуць у Рым, святому прастолу, — гэтак жа мякка, але з затоенай пагрозай, прамовіў рэктар. — Запэўніваю вас, што той, хто гэта зробіць, займее магутную падтрымку ад касцёлу… Калі ж не — накліча на сябе вечны праклён.
— Я б на месцы вашай правялебнасці не надта верыў чуткам, — суха прамовіў Марыконі.
— Наш айцец Ігнаці Лаёла вучыў быць пільнымі да ўсяго… — мякка запярэчыў Вайніловіч. — Пад кожным недарэчным забабонам можа выявіцца рэальная таямніца альбо пракуды д’ябальскія. У Полацку нашыя браты з ласкі караля-нябожчыка Стафана Баторыя збудавалі касцёл Святога Стафана. Падчас будоўлі сустрэліся з дзіўнымі з’явамі… І чуткамі.
Езуіт памаўчаў, відаць, чакаючы каментароў, не дачакаўся і працягнуў:
— Магчыма, пан Марыконі, вы нешта даведаецеся пра пэўную святую рэч, і падкажаце тым, хто на яе палюе, як трэба ўчыніць.
— Калі раптам даведаюся, васпан, падкажу, — холадна запэўніў Марыконі.
— І галоўнае — ні слова пра нашыя намеры нават на споведзі! Лепей да мяне на споведзь прыходзьце! — напаўжартоўна папярэдзіў Вайніловіч.
Калі свечка былі затушаная, дзверы кабінету зачыніліся і крокі на калідоры змоўклі, шкаляры наважыліся пакінуць куфар. Пранцысь з палёгкай расцёр знямелы бок…
— Яны ж на ключ кабінет зачынілі! — з роспаччу прашаптаў Міхась. Але Пранціш толькі паблажліва паляпаў малодшага сябрука па плячы… Пасля навукі Лёдніка Вырвіч мог узначаліць банду злодзеяў і шарыцца па дамах, нягледзячы ні на якія засовы — праўда, доктар ашалеў бы, каб такое пачуў.
На вуліцы быў холад сабачы… Раптам паваліў мокры снег. Шкаляры подбегам рушылі да інтэрнату… Сталі пад дрэвам.
— Ну, слава святому Францыску, абыйшлося! — радаваўся Міхась. — Шабля твая ў цябе, ніхто нас не ўбачыў! Чаго ты кіслы, як капуста?
— Мне не падабаецца справа з Валадковічам… — прыгнечана прызнаўся Вырвіч. — Гэта не высакародна — без суда і закону расстраляць шляхціца.
Дзесьці на Верхнім рынку забрахаў сабака, і яму адазваліся супляменнікі па ўсім горадзе.
— А што табе да Валадковіча? — паціснуў плячыма Гулец. — Каб перастрэў яго дзесь, думаеш, ён бы цябе дукатамі асыпаў? Лупцаваць бедных шляхціцаў бізунамі, як ён — гэта, па-твойму, высакародна?
Вырвіч уздыхнуў, адчуваючы сябе апошнім дурнем. Але ўжо ведаў, што не можа ўчыніць іначай.
— Трэба яго папярэдзіць.
Гулец ажно падскочыў.
— Ну ты вар’ят! Яго ж і ў Менску няма.
— Можа, праз суддзю… Юдыцкага таго… — неахвотна прагаварыў Вырвіч, успамінаючы непрыемныя хвілі свайго і Лёдніка зняволення, і як Юдыцкі разбіў доктару лоб, і пагражаў праверыць Пранцысева шляхецтва… Але нават дзеля помсты ворагу сармацкія ідэалы прадаваць нельга. Двубой — так… Перайграць ворага, перамудрыць — пачэсна. Схапіць гуртам аднаго ды расстраляць — ганьба! Няхай ён тройчы заслугоўвае. Цяпер Пранціш разумеў, чаму Лёднік збіраўся лекаваць у лесе параненага канваіра, што не перашкодзіла б яму раней ці пазней засячы свайго пацыента шабляй у бойцы. Высакародны чалавек — гэта той, у каго ёсць прынцыпы, якія ён не пераступіць нават дзеля ўласнага выратавання.
Міхась Міцкевіч відавочна не разумеў, чаму атаман раптоўна стаў на бок Радзівілаў, і Вырвіч не стаў яго цягнуць з сабой. Папрасіў толькі скінуць з вакна свечку, крэсіва і крэйду.
У Вырвіча намаляваўся цікавы план, які спалучаў салодкую помсту і выкананне сармацкага доўгу. Дом на Падгорнай нездарма быў названы праклятым. Пару гадоў таму жыла там прыгожая паненка, было ў яе два заляцаннікі, адзін, як водзіцца, стары і багаты, другі — малады і бедны. Паненка ахвотна памяняла б іхнія якасці, што дазволіла б ёй нарэшце вызначыцца, а пакуль тлуміла галаву абодвум. А калі бедны шляхціц пачаў афектавацца, пастанавіла: няхай прынясе ёй асаблівыя лілеі, што растуць толькі ў Нясвіжы, у аранжарэі палаца вялікага гетмана Казіміра Радзівіла Рыбанькі, і аддасць яна ўзамен сваё сэрца.
Добра яшчэ, зорачку з неба не папрасіла.