Зрэшты, ён хутка падабрэў, і яны яшчэ доўга хадзілі па замку, размаўляючы пра Гісторыю. Увечары на машыне мужавага аднакурсьніка яны паехалі ў мястэчка. Аднакурсьнік жыў з жонкаю ў шматкватэрным двухпавярховым доме. Ім з мужам паслалі ў асобным пакоі, чыстая пасьцель пахла чужой жанчынай, яе ўздыхамі, яе клопатамі, пральным парашком у яе руках. Уначы муж прачнуўся і пачаў гладзіць Босую па сьпіне, ён дыхаў шумна і быў падобны ў цемры да вялікага дывана, які паклалі ў ложак і накрылі коўдрай, каб зьбіць кагосьці з толку, можа, і саму Босую? Яна пераконвала яго не рабіць глупства, ёй здавалася, што яе шэпт і ягоныя ўздыхі чуваць на ўвесь дом, а сьцены былі тонкія, тонкія… Яна ўжо хацела саступіць, дзеля міру ў сям’і і каб нарэшце хоць трохі паспаць, дзень быў цяжкі — саступіць, хоць ёй зусім не хацелася ніякіх любошчаў, яна і думаць не магла пра тое, каб зараз займацца нечым падобным.
Яна думала пра Ганну. Пра тое, як тая сьціскала ногі — так, што нават дужы панок і ўсе ягоныя служкі не маглі рассунуць. Быццам паралізаваная.
Яна ўяўляла сабе, як Ганна стаіць, прывязаная да дрэва. І адчувае ў гэты момант узбуджэньне. Але позна. Вяроўка ўпіваецца ў рукі. «Сухазельле ў грудзі ўпілося».
У цыцкі. У лыткі.
Паміж ног. І агонь лашчыцца, кусае, балюча, лезе на цела, абдымае панскімі рукамі.
Яна не магла саступіць. Ганна забараніла ёй гэта. Вясковая дзяўчына Ганна пасялілася недзе ўнутры Босай і паралізавала ёй рукі і ногі. Босая ляжала ў ложку, пад чужой коўдрай, ля свайго законнага мужа, і — не магла.
Яна думала толькі пра паралюш і агонь, вяроўкі і тры дні. Не, яна яшчэ ня думала пра помсту — але аднекуль гэтая лічба, сакральная лічба тры, усё ўсплывала і ўсплывала. Тры дні Ганна не давала, тры дні ён угаворваў яе бізунамі і пернікамі — і за гэта яна мела права некалі, празь вякі пасьля сваёй гібелі, на тры дні зрабіцца гаспадыняй Замку. Самага вялікага скарбу князёў Якуцкіх — які яны праябалі.
«Праябалі», — прамовіла Босая проста ў твар мужу, і ёй зрабілася крыху лягчэй.
Раніцай муж прачнуўся пануры і злосны. Яны з аднакурсьнікам выпілі за сьняданкам бутэльку самагону і зноў засьпявалі тую самую песьню.
Босая не магла гэтага больш чуць. Яна выскачыла на вуліцу і пабегла да Замка. Мужаў прыяцель знайшоў яе там і пасадзіў у машыну. Ад Босай засталіся на дыванку брудныя сьляды і пах гісторыі.
Праз паўгода яны з мужам разьвяліся. Потым у Босай яшчэ доўга не было мужчын — ад кожнага ішоў саладжавы пах гарэлага мяса. Яна не магла нічога з сабой зрабіць; дома яна почасту здымала зь сябе ўсё, надзявала белыя калготкі і завязвала на сабе вяроўкі — пакуль хапала рук, пакуль не заблытвалася ў вузлах, пакуль не выбухала плачам і асалодай. Яна нікога да сябе не пускала, апрача Ганны. Згарэлая Ганна прыходзіла начамі і заставалася да раньня. Босая гаварыла зь ёй, пакуль адной цудоўнай летняй раніцай не зразумела, што так больш працягвацца ня можа.
І тады яна ўпершыню ўзяла ў рукі тэлефон і пазваніла старой знаёмай, зь якой яе злучала адна маленькая таямніца. Таямніца мінулага, пра якую ня ведаў ніхто, апрача некалькіх дзевак, пра якіх яшчэ ў школе казалі, апасьліва азіраючыся: «Без царя в голове».
«…Без царя в голове, — урачыста прамовіў Міхаіл Юр’евіч і праверыў вузел вяроўкі, што перахоплівала Босую крыж-накрыж. Міхаіл Юр’евіч вельмі ганарыўся гэтым вузлом, даўно ў яго не было нагоды завязаць такі. — Пусть перед тем, как понести заслуженную кару, эта девка подумает хорошенько, какую обиду она нанесла нормальным людям и хорошим приличным женщинам. Я человек строгий, но справедливый. За все надо платить».
У правай руцэ Міхаіл Юр’евіч трымаў запаленую паходню і значна больш нагадваў гордага нашчадка князёў Якуцкіх, чым я, іхны сапраўдны патомак. Я стаяў зусім блізка ад ужо раскладзенага вогнішча. Мяне трымалі за рукі: справа Паўлюк, зьлева Рыгор. Я хацеў крычаць, але не было чым. Язык абмяк, язык імпатэнта, ня здольнага абараніць ні сваё каханьне, ні сваю нянавісьць.
«Спалить ее, спалить муху!» — прагудзеў п’яны Віталік, як адзінокі футбольны фанат.
«Ежели кто сомневается, я потом объясню, почему мы все решили правильно, прогоню сомнение, — прагундосіў поп, уважліва азіраючы нашыя такія розныя твары. — С цитатами объясню, все по-писаному. Но сначала сделаем дело, товарищи мои в бозе, православные мои. Может, и сомнения кончатся, пока ведьма эта гореть будет».
«Да поджигай уже! — ня вытрымаў Цімур. — Гори, горилла!»
«Спалім — і дуды вобземлю!» — бліснуў веданьнем фразэалёгіі Паўлюк.
«Я, конечно, могу сам, — сказаў Міхаіл Юр’евіч. — Но вдруг кто хочет? Я уступлю».
«Австрияку дайте, — сказала Жанчына ў Зялёным. — Он вообще ничего не делал, только скуголил три дня подряд, голова болит уже. Пусть хоть сейчас поработает».
Аўстрыяку патлумачылі, чаго ад яго хочуць. Ён з жахам паглядзеў — чамусьці на мяне — і залапатаў, замахаў рукамі.