А потым я стаяў у царкве, узiраўся ў смутныя аблiччы Марыi i Магдалiны, што трымаюць варту над чорным прамавугольнiкам плашчанiцы. Глядзеў i ў васкавы твар распятага на крыжы Iсуса, i была ў мяне на Iсуса балючая крыўда: чаму якраз у першы дзень мая дазволiў нягоднiкам зрабiць здзек над сваёй асобай? У той дзень, калi ў Мястэчку гучаць духавыя аркестры, вулiцамi пад музыку маршыруюць жаўнеры ў парадных мундзiрах i дзяўчаты ў спартыўных касцюмах, дзядзька Ваня, стоячы на балконе Дома партыі, пасылае зза буйных, чорных вусоў ветлiвую ўсмешку ўсяму свету, а ў кiёску, побач з каталiцкім касцёлам упершыню пасля зiмовага перапынку прадаецца марожанае. А з першага смутку выплываў другi смутак: "Бедны дзядзька. Як жа зараз яму жыць, пасля смерцi з такiмі перспектывамі?”
Нахабнае пытанне таўклося ў маіх грудзях доўгiя днi i месяцы, разгаралася пры нагодзе ўсялякiх харцэрскiх святкаванняў – менавiта тады запрашалi мы дзядзьку Ваню, прысаджвалi яго да вогнiшча, вязалi на шыю чырвоную хустку, а ён, падставiўшы твар да полымя, прыводзiў з далёкай мiнуўшчыны i перадаваў нам выявы вялiкіх подзвігаў.
I я таксама глядзеў у агонь, а вачыма душы ўяўляў, як распаўзаюцца, уздымаюцца чырвоныя языкi, i не паспееш аглянуцца, як бяруць у абдымкi дзядзьку Ваню. З трэскам спапяляюцца ногi, што пратапталi не адну партызанскую сцежку, i рукi, якiя нiколi не прамахнулiся, узяўшы на прыцэл варожы аб’ект, i вочы – яны ж заўсёды адсочвалі пагрозу, нябачную іншым вачам. Уявiўшы такiя пякельныя пакуты, я тайком адступаў ад вогнiшча, стрымгалоў ляцеў да хаты i, забiўшыся пад коўдру, доўга плакаў.
Было ў нас да дзядзькі Ванi асаблiвае пачуццё – мужчынскае каханне, што ўзнiкае ў супольнай барацьбе, асаблiва калi мэта такой барацьбы – перайначыць свет. Праўда, нiколi не стаялi мы з дзядзькам Ванем у акопах, цёмнай ноччу не выходзiлi з пушчы, не паўзлі крадком пад зорамi ў напрамку чыгункi, каб там, адной хiтра пастаўленай мiнай спынiць жалезны кровазварот, што забяспечвае варожую армiю бiнтамі, амунiцыяй i кансервамі. Не дазволiў нам лёс. Шкада.
Дзядзьку Ваню бачу на нашай вуліцы так даўно, як далёка ахоплівае яе мой позірк. Можна сказаць – ён равеснік маёй свядомай памяці. Пэўна таму, што пасуседску з ягоным домам быў домік цёткі Любы і дзядзькі Колі, куды я заходзіў ці не кожны другі дзень. Калі б была цікавасць зазірнуць у сямейныя архівы, выявілася б, што Ваня быў дзядзькам зусім не нам, а толькі рудому Вiцiку, як старэйшы брат ягонай маці, пані Ніны. Нам, згодна з местачковымi канонамi, заставалася афiцыйнае проша пана або – нат i ўзяўшы пад увагу супляменнасць вулiцы – не нашмат iнтымнейшае “пан Ян”. Аднак спакон вякоў мы клiкалi яго дзядзькам, а ён частаваў нас цукеркамi: "Ну, смургалi, марш вучыцца i вырастаць! Айчына чакае афiцэраў, шахцёраў i другiх спецыялiстаў. Крочым у добрым напрамку і ўсё найлепшае – наперадзе!”
У светлы вобраз айчыны і яе будучыні ўносіў дысананс пан Алёшка. Не зважаючы на свой дзевяноста дзевяты год, ён шторанак займаў у мясной лаўцы чаргу за свiнiнай або цяляцiнай. Былі гэта чэргі даўжэйшыя за чыгуначныя эшалоны, што, загружаныя невядома чым, ідуць невядома куды, з аднаго краю свету на другі. Забіваючы доўгае чаканне, пан Алёшка выдаваў зусiм іншыя прагнозы. Прымыкаў вейкі, зазiраў у сваю мiнуўшчыну, выцягваў адтуль абадраных жабракоў, нанова ўладкоўваў iх пад цэрквамi i касцёламi, клiкаў на вулiцу доўгiя шэрагі беспрацоўных, а затым, запаўняючы палiцы кiлбасамi i паляндвiцамi, пускаў у разгон чэргi, што нахабна гуртуюцца ў мясных крамах.
“Трындзіць старык ад залiшне доўгага жыцця, – казаў у такiх выпадках дзядзька Ваня. – Мiнуўшчына не вернецца, бо не дазволіць наш высока ўзняты сцяг!” У такiя хвiлiны нам хацелася стаць дарослымi, пераняць гэты сцяг ды разгарнуць яго на ўвесь свет.
– А дзядзька Ваня, ён праваслаўны цi каталік? – У лугах, што цягнуцца ўскраінай пушчы, мы гулялі ў сцізорык. Заядла, заўзята, быццам на сталёвае лязо абапіраўся лёс свету. Сцізорык быў маленькі, шматкаляровы, якраз выструніўся лязом, але ў пластмасавай ручцы прыхоўваўся штопар, пілка для пазногцяў, невядомага прызначэння шпікульцы. Дакладна такія сцізорыкі прадаюцца падчас царкоўнага фэсту ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, што ў праваслаўным календары адзначаецца за тры дні да заканчэння вакацыяў.
Вастрыё забівалася ў траву, небам ішлі самалёты, знікалі за павеўнымі сукенкамі апошніх летніх аблачын, выходзілі на чыстае поле і зноў чорным пузам рэзалі блакіт.
– Рускія на Чэхаславакію сунуць, – руды Віцік прыклаў далонь да ілба, пальцы склаў у казырок, засланяючы вочы ад нахабных промняў. А дзядзька Ваня кажа:
– Ото цяпер ужо добра адлупцуюць пэпікаў па дупе.