Читаем Белы конь полностью

Усе першыя жыхары Мястэчка былі сталярамі і на сваёй фабрыцы даставалі з пушчанскіх дрэў пякучы шкіпінар, мэблю, дошкі і дылёўкі – доўгія, жоўтыя, бы грамнічныя свечы. Такому занятку аддаваліся з панядзелка па суботу. Восеньскімі і зімовымі досвіткамі, раней за сонца, чорныя фігуркі людзей высыпаліся з маленькіх домікаў, утыкаліся ў морак завулкаў, каб, давалокшыся да галоўнай вуліцы, выявіцца нанава святлу і свету. А вуліца згартала іх і, падштурхоўваючы стрэлкамі гадзіннікаў, што няўхільна набліжаюцца да шостай гадзіны, кіравала на раззораны ліхтарамі фабрычны пляц. Перасякалі браму сотнямі. І толькі іх твары, хвілінай раней высечаныя з адной глыбы паўсвятла, заставаліся ананімнымі, кропля ў кроплю падобнымі адзін да аднаго. Калі якраз у такі момант Юры Гагарын кружыў у сваёй бліскучай бляшанцы над Зямлёй і калі б час дазволіў яму назіраць гэты абразок, не магла б яму прыйсці ў галаву іншая думка, чым уяўленне бязмежнага сабора, што, прадчуваючы блізкі канец свету, склікае да алтара ўсіх, хто жывы.

А потым, як штодзень падымалася сонца і вандравала з усходу на захад – у дзве гадзіны пасля поўдня фабрычная брама выпускала людзей на вуліцу. Разам з сонечным святлом кожнаму чалавеку вяртаўся свой твар, у кожнага ўзнікалі свае думкі і раскрываліся свае сцежкі. Сямейныя няспешна ішлі дадому, халасцякі зачэпліваліся за бар “Сонейка”, а маладыя і закаханыя ляцелі імклівым крокам насустрач свайму каханню.

Суботнімі адвячоркамі сталяры крочылі ў лазню адмыцца ад жывічных араматаў. Але лясны водар быў мацнейшы за ўсе лазні свету – уціскаўся пад пазногці, учэпліваўся ў валасы, насычаў скуру, і сёмага дня, у нядзелю, накрываючы яго святочнымі касцюмамі, яны ішлі ў царкоўку або касцёлік згаварыць малітву за спакой і нязменнасць шасці бліжэйшых дзён.

Побач з лазняй стаяў музей. Будынак быў невысокі, але прасторны. Дакладна такія павінны быць музеі пралетарскай рэвалюцыі, ды і ўсе астатнія. У мінуўшчыну трэба заходзіць з пахіленай галавой, вандраваць зігзагамі калідораў, у якіх не ведаеш, а толькі здагадваешся, што чакае за чарговым паваротам. Час у музеях не цячэ жывымі струменямі – ён выстаўлены там на агляд паасобнымі, замарожанымі фрагментамі. Найважнейшымі – на думку тых, хто ў дадзены момант валодае светам. У залах гэтага музея ў шкляных вітрынах, як доказ пралетарскага паходжання, жоўклі партыйныя білеты, агітацыйныя лістоўкі і газеткі Мястэчка. Зза чырвоных сцягоў вытыркаліся барадатыя партрэты. У непарушнай цішыні Ленін з Марксам назіралі, ці не зварочвае са шляху парадак свету, вызначаны іх тоўстымі кніжкамі і канчаткова замацаваны салютам “Аўроры”.

Па суседству з музеем знаходзіўся Дом партыі. Гэты гмах, які заўсёды зірыў на вуліцу высокімі, чорнымі вокнамі, рабіў уражанне мёртвага, пакінутага самому сабе, і толькі ў першы майскі дзень вокны яго раскрываліся, а вялікі балкон ажываў і запаўняўся гоманам. Мёртвасць была ўсёткі толькі павярхоўнай. За тоўстымі сценамі, за густымі заслонамі, праз якія не прабіцца ані святлу, ані слову, вырашаліся справы куды важнейшыя, чым у магістраце. Менавіта тут, пакуль чалавек рабіўся сапраўдным чалавекам, праходзіў ён своеасаблівы каранцін. Кандыдаты ў кіраўнікі або дырэктары, бы цацачныя салдацікі, доўга круціліся ў тоўстых пальцах сакратароў. Цацкі ўсміхаліся какетлівымі ўсмешкамі, тактоўна пералічвалі заслугі, вышэптвалі ўсе гісторыі свайго жыцця – чыстыя, бы сляза анёла. Дакладна так паводзяць сябе маладыя паненкі, калі створаны ў марах прынц абдорвае іх выпадковай ласкай, і гэтую ласку хочацца ім затрымаць за сабой на ўсё астатняе жыццё. А стомленыя вочы сакратароў, разгледзеўшы дэталёва чалавечыя фігуркі, рабілі баланс усіх “за” і “супраць”, падводзілі рыску і вырашалі – хто застаецца на стале, а хто ідзе пад стол.

У такі свет заехала аднойчы на трох фурманках Сонька Іванюк. На пляц побач з домікам сястры Марусі разгрузіла сваю хатку, а рукі суседзяў і нават зусім незнаёмых людзей, узамен за добрае слова, хутка паднялі яе на фундаменты. Шмат якія местачкоўцы былі тады яшчэ малодшымі за сваё Мястэчка і слова “дзякуй” кружылася з рук у рукі поўнацэннай манетай.

З першага дня ў Мястэчку дзецям пачалі блытацца сцежкі. На пачатку ўсё выглядала нявінна, нават смешна. Малы Антон, адпраўлены ў школу, міжвольна кіраваўся на лес. Высланы ў ларок за хлебам, Коля вяртаўся, сціскаючы ў пальцах жоўты лімон. А наймалодшы, Сашка, зусім забыў дарогу ў даросласць. Праходзілі дні і месяцы, а ён заставаўся ў краіне дзяцінства. Ледзь навучыўшыся хадзіць, пачаў паспяхова набіраць шлях на фабрыку. Абмінаючы чуйны позірк маці, незаўважна вышмыгваў з панадворка. Гравейкамі, маставой, асфальтам дабіраўся да фабрычнай брамы.

– Таксама хачу быць сталяром, – выпінаючы маленькія грудзі, зазіраў у вочы вахцёрам.

– Гадоў праз пятнаццаць, – смяяліся вахцёры. – І не забудзь падрасці!

Аднак Сашка, які ведаў толькі гэтую адну сцежку і забыўся на ўсе астатнія, нават на існаванне часу, з’яўляўся ў фабрычнай браме, не чакаючы прызначаны тэрмін. Прыходзіў праз тыдзень, праз месяц.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Ход королевы
Ход королевы

Бет Хармон – тихая, угрюмая и, на первый взгляд, ничем не примечательная восьмилетняя девочка, которую отправляют в приют после гибели матери. Она лишена любви и эмоциональной поддержки. Ее круг общения – еще одна сирота и сторож, который учит Бет играть в шахматы, которые постепенно становятся для нее смыслом жизни. По мере взросления юный гений начинает злоупотреблять транквилизаторами и алкоголем, сбегая тем самым от реальности. Лишь во время игры в шахматы ее мысли проясняются, и она может возвращать себе контроль. Уже в шестнадцать лет Бет становится участником Открытого чемпионата США по шахматам. Но параллельно ее стремлению отточить свои навыки на профессиональном уровне, ставки возрастают, ее изоляция обретает пугающий масштаб, а желание сбежать от реальности становится соблазнительнее. И наступает момент, когда ей предстоит сразиться с лучшим игроком мира. Сможет ли она победить или станет жертвой своих пристрастий, как это уже случалось в прошлом?

Уолтер Стоун Тевис

Современная русская и зарубежная проза