– Падрос я? – пытаў. – Хачу быць найбольшым сталяром у Мястэчку.
Але і праз год, і праз два гады нязменна гучаў адказ: “А ні халеры не пнешся ты ўверх. Вось дзіва!”. І Сашка смутнеў. А калі чарговыя пяць гадоў паднялі яго толькі на адзін сантыметр, расплакаўся.
– Не плач! – сказалі вахцёры. – Не можаш быць найбольшым, заставайся найменшым. Найменшых таксама здалёк бачна.
З гэтага дня ў Сашкі завязалася асаблівае сяброўства з кравецкім сантыметрам. Раскладваў яго на поўную даўжыню, прытрымліваў нагой адзін канец, другі працягваў да макаўкі. Працэдура была складаная, а дакладнасць памераў далёкая ад дасканаласці. Аднойчы на касяку кухонных дзвярэй ён паставіў рыску. Падступаў да яе два разы ў дзень – раніцой і вечарам. Прымерваўся, поўны хваляванняў і неспакою, а калі аказвалася, што сёння таксама, нават на волас, не перасякаецца запаветны знак, уздыхаў з палёгкай.
– І чаму ж ты не расцеш? – бедавала Сонька. Варыла зёлкі, шаптала над імі таемныя закляцці, дом насычаўся лясным пахам, а Сашка надалей заставаўся малы. Зёлкі выліваў крадком за парог, а магічныя словы праходзілі міма, не кранаючы яго, бо закляцці спрацоўваюць толькі тады, калі чалавек выходзіць ім насустрач.
Аднойчы, калі Валодзя забыў сваё імя і на сходах чужой хаты прасядзеў да прыцемкаў, пакуль не знялі яго адтуль рукі выпадковых людзей, Сонька спалохалася канчаткова.
– Ну, як цябе завуць? Прыпомні. Гэта ж так звалі твайго бацьку, і твайго дзеда, і дзеда твайго дзеда.
Яна любіла Валодзю мацней за ўсіх сваіх сыноў. Быў найстарэйшы, і ад бацькі, апроч імя, узяў таксама вочы – светласінія, кранутыя здзіўленнем і задумай. Але Валодзя нічога не мог прыпомніць.
– Не ведаю. Не ведаю, хто я.
Менавіта ў той дзень чатыры сыны Сонькі пачулі дзіўную гісторыю.
“Калі ўдарыў гром, расшчапляючы на дзве раўнюткія палавіны тысячагадовае дрэва, пачаўся наш свет. Дрэва, узятае на прыцэл вогненнай куляй, было вышэй за ўсе астатнія дрэвы, і быццам міфічная вавілонская вежа, краналася неба. Гэтае дрэва немагчыма прыпісаць у якуюнебудзь катэгорыю, вядомую сучаснаму чалавеку, бо было яно створанае як першае і апошняе, з адной мэтай – на волю агню. Сухое, жылястае валакно дубіны спляталася там з вальховымі слаямі – ружовымі і сакавітымі. Сталёвашэрую грандыёзнасць граба перабягалі мяккай, алебастравабелай фастрыгай ліпавыя ніткі, задуменная хмурнасць ёлкі хаатычнай асновай перасякалася з ветрагоннай палахлівасцю вярбы. Калі магутны гром пераліўся з аднаго канца пушчы на другі канец і калі развеяўся дым, а прыведзеныя цікавасцю птушкі вярнуліся на суседнія дрэвы, з расшчэпленага пня выйшлі мужчына і жанчына. Мужчыну звалі Валодзем, а жанчыну Сонькай. З іх пачалося нашае Мястэчка і нашая сям’я”.
Такі аповед перадала Сонька Іванюк сынам, сабраўшы іх за кухонным сталом, калі яны пачалі губляць памяць і блытаць сцежкі. Прыдумала яго на ляту, з першага па апошняе слова свядома абмінаючы фізіку, гісторыю і біялогію, бо кожнай сям’і неабходныя свае імёны і свая памяць, і яны важнейшыя за ўсе, пацверджаныя навукай, але чужыя праўды.
Гісторыю Валодзя занёс на паперу, прыадзеўшы яе ў параўнанні ды эпітэты. Быў такі сшытак у клетку на трыццаць дзве старонкі, які з таго дня пачаў хутка запаўняцца, бо траплялі туды кожны дзень кожнае слова і думка. Запоўніўшы адзін сшытак, працягваў пісаць у наступным. З часам накапілася іх непраўдападобна шмат, займалі ўсе шуфляды, ляжалі на стале і на паліцах, спускаліся на падлогу, праз кухню і сенцы выходзілі на сходы, на панадворак і далей, у бліжэйшыя вулачкі. Не ўдавалася іх абмінуць, але можна было па іх ступаць, як па знаёмых слядах.
Лісткі, запісаныя ў першых сшытках, прыпаміналі дрэва, з якога пачалося Мястэчка. Двор пана Драгабыцкага пераклікаўся там з маленькім дамком на граніцы. Чорны амерыканскі конь хадзіў у пары з белым Султанам, савецкі капітан, засеўшы пад грушай, піў чарку з прыгожымі нямецкімі хлопцамі, а ўсе закусвалі яечняй, падсмажанай рукамі Сонькі.
– Пісьменнік ты мой, – усміхалася Сонька, запускаючы пальцы ў светлыя валасы, нахіленыя над сшыткам. Але, па праўдзе, яна казытала белагаловы цень Уладзіміра, што нават гэтымі вулачкамі ступаў яе следам, выяўляўся раз майскім воблакам, другі раз срэбным рысункам на зімовым акне. І тады першы раз з вуснаў Сонькі зляцела сумнай усмешкай: “Твой бацька павінен быў стаць паэтам”.
Сяктак замацаваўшыся на новых сцежках, хлопцы пачалі вызначацца на будучыню.
– Я буду міліцыянерам. Міліцыянераў усе баяцца, – сказаў Антон, калі ў пошуках самагонкі іх дом наведалі незнаёмыя мужчыны ў сініх мундзірах. Пайшлі з нічым, бо Сонька ведала закавулкі свайго панадворка лепей за іх, але дзіўны цень страху тоўкся ў яе вачах яшчэ некалькі дзён.
– Я таксама хачу быць міліцыянерам, – адгукнуўся Коля.
У доўгія зімовыя вечары марылі, хто кім стане ў дарослым жыцці. Не здагадваючыся пра існаванне магістратаў і дамоў партыі, размалёўвалі абразкі не менш фантастычныя, чым выведзеныя пэндзлікамі марозу на аконным шкле. А затым раніца сцірала ўсё, а новы дзень прыносіў новыя планы.