Читаем Белы конь полностью

З таго дня Валодзя Іванюк, калі ён упершыню паддаўся сумненням, ці ў ягоных вачах ёсць, прынамсі, адна іскрынка ад вачэй старога Уладзіміра Іванюка, часцей пачаў гасцяваць у сшытках, запісаных доўгімі дзесяцігоддзямі. Гартаў старонкі, перачытваў асобныя словы і радкі. На адных радках ягоны твар закрывала чорная хмара, на іншых вусны расхіляліся ва ўсмешцы, яшчэ якія пераскокваў абыякава, не паглыбляючыся ў нутро літар. Часам заходзіўся гучным рогатам. Тады бесцырымонна вырываў лісток і кідаў яго ў печ. “Дурніца якаясь. Так не было, бо не магло так быць. Няўжо гэта я запісваў?” – папракаў сваю маладую наіўнасць.

Вечарамі на доўгія хвіліны ён спыняўся каля люстэрка. Абмацваў пальцамі нос, шчокі, вусны. Абапіраючы падбародак на ўказальны палец, нерухамеў у саноўнай позе. “Напэўна ж не абыхто я. Такі твар не даюць першаму сустрэчнаму”, – сумненні падступалі хвалямі і прымушалі яшчэ глыбей зазіраць у сябе. І чым далей у сябе заходзіў, тым больш пытанняў выносіў, вяртаючыся назад. Часам сустракаўся ў люстры з тварамі братоў. Былі звычайныя, будзёныя, як і ўсе астатнія ў Мястэчку. “Чаму такая вялікая розніца між намі?”, – здзіўляўся.

Аднойчы вечарам, калі зайшла да нас бабка Сонька, Валодзя спытаў, быццам мімаходам, не зводзячы вачэй з шкляной роўнядзі:

– Мама, а які быў пан Драгабыцкі?

– Пан Драгабыцкі?.. – не адразу зразумела, пра што яе пытаюць. – Ах, пан Драгабыцкі... Працаваў там твой бацька. Фурманіў, пакуль не пажаніліся мы. А пан аказаўся нядрэнны, нават ялавіцу не пашкадаваў яму на добры пачатак. Госпадзі, як даўно ўсё тое...

Шукаючы шлях да сябе сапраўднага, Валодзя забягаў у старыя фатаграфіі. Было іх няшмат і, кпінай лёсу, самая зараз важная, самая жаданая канула як камень у ваду. Гартаў папкі, тоўстыя ад усялякіх папераў, раскопваў шуфляды і паліцы. Рукамі адчаю ныраў у кішэні старой вопраткі, забытай, дажываючай век на гарышчы. Траплялася ў рукі ўсё, ды – як звычайна ў жыцці – не тое якраз, што шукаецца. Аднойчы крадком залез у куфар бабкі Сонькі, які мог быць равеснікам свету ды прыхоўваць пад счарнелым векам усе таямніцы сям’і. Дарма. Апроч вытканай на кроснах капы, нічога там не знайшлося.

А тую фотакартку прыпамінаў з дзяцінства. У старой хаце яна прыхарошвала сцяну так доўга, што перасталі на яе звяртаць увагу. Была там ці не, калі разбіралі дом і ад’язджалі ў Мястэчка? Невядома. Толькі выплывала на памяць затуманенай, пажаўцелай плямай – брычка, конь, малады фурман сціскае ў далонях ляйчыну, за спіной фурмана пан Стасінак.

– Была такая картачка, праўда, – пацвердзіла бабка Сонька, пакліканая на дапамогу. – Каля царквы, на Ўспенне здымаліся. Прыязджаў фатограф, ці не з Бельска, і здымаліся. А які год – забі, не памятаю. І куды прапала, таксама не ведаю.

– А які быў пан Стасінак? – задаваў Валодзя чарговае пытанне.

– Пан Стасінак? Ах, пан Стасінак. Сын старога пана. Прыгожы. Вочы чорныя, бліскучыя... І конь у яго быў, Султанам клікалі. Белы, як з восеньскай iмглы выліты. А як падрываў капыты, як раскiдваў грыву! Глядзiш і не ведаеш – дзе канчаецца конь, а дзе пачынаецца вецер...

На ўспамін далёкай маладосці твар бабкі Сонькі святлеў і ўсміхаўся, але чарговая думка сцірала ўсмешку, паварочвала ў смутак:

– Пана Драгабыцкага першыя саветы расстралялі, а Султана зварылі і пасяклі на гуляш другія саветы. І пан Стасінак не выратаваўся. Збег у Варшаву, але там немцы ў паўстанні ўтрупянілі. Але памёр прыгожа. Шаблю ў далонi сцiснуўшы, клубком жывой адвагi пайшоў на бяздушную кучу жалеза, якую танкам называюць.

Валодзя вяртаўся да люстэрка, а паўсвятло адвячорка распальвала ў ягоных блакітных вачах чорныя, бліскучыя ліхтарыкі. За дзвярыма шкла і часу ўсё выразней маляваўся прасторны дзядзінец двара пана Драгабыцкага, стайня, фурман Іванюк побач з белым канём...

– Закладай, Уладзімір, Султана ў аглоблi. Махнемся ў свет, на вёску зiрнем, – пан Стасінак выходзіў з люстра, асцярожна зачыняў за сабой шкляныя дзверы, садзіўся ў брычку.

I ехалi – у лес, у поле... А таксама на рэчку. У апошняе лета туды якраз часцей. За Старыной, за мосцiкам, не даходзячы да пушчы, рэчка запавольвае крок, прыпыняецца шматлiкiмi паваротамi, утульваецца ў ляшчыны, калiны, дзiкiя парэчкi. У такiм вось месцы сустракаецца пан Стасiнак з Сонькай. Сонька заўжды з'яўляецца першая. Распранаецца, заходзіць у рэчку, летняй вадой змывае стому прамінулага дня. Ад сонца, што какетліва ападае ў абдымкі гарызонту, яе аголенае цела наліваецца колерам маладой медзі і спружыністасцю царкоўнага звона. Пан Стасінак падкрадваецца да Сонькі, агортвае спiну, а яна, бы срэбная ртуць, выкоўзваецца з ягоных абдымкаў, абарочваецца, жыватом утульваецца ў ягоны жывот, запускае пальцы ў густую чупрыну i калышацца – унiз i ўверх, унiз i ўверх, аж рэчка, чырвоная вечаровым сорамам, выходзiць з берагоў.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Ход королевы
Ход королевы

Бет Хармон – тихая, угрюмая и, на первый взгляд, ничем не примечательная восьмилетняя девочка, которую отправляют в приют после гибели матери. Она лишена любви и эмоциональной поддержки. Ее круг общения – еще одна сирота и сторож, который учит Бет играть в шахматы, которые постепенно становятся для нее смыслом жизни. По мере взросления юный гений начинает злоупотреблять транквилизаторами и алкоголем, сбегая тем самым от реальности. Лишь во время игры в шахматы ее мысли проясняются, и она может возвращать себе контроль. Уже в шестнадцать лет Бет становится участником Открытого чемпионата США по шахматам. Но параллельно ее стремлению отточить свои навыки на профессиональном уровне, ставки возрастают, ее изоляция обретает пугающий масштаб, а желание сбежать от реальности становится соблазнительнее. И наступает момент, когда ей предстоит сразиться с лучшим игроком мира. Сможет ли она победить или станет жертвой своих пристрастий, как это уже случалось в прошлом?

Уолтер Стоун Тевис

Современная русская и зарубежная проза