У такую хвіліну, напароўшыся на паспалітае няшчасце чалавечага роду, неразуменне, Валодзя завязваў вусны стужкай нятоенай пагарды і змаўкаў канчаткова. Пад глухое бразгатанне насычаных паштэтам бляшанак адступаў ад месца, дзе пакамечылi гонар яго і ягоных продкаў.
Дома з яшчэ большай заўзятасцю ўгрызаўся ў старыя запісы. Аднак, чытаючы іх, часцей ды часцей заходзіўся рогатам, а няшчасныя лісткі паперы заканчвалі жыццё ў палымяным нутры кафлянай печкі.
Спапяліўшы ўсе свае сшыткі, ён перайшоў на паліцы Стэфаніі. Першыя тыдні круціўся там хаатычна, вызначаючы шлях інтуіцыяй, прадчуваннем, залатымі зорамі літар, рассеянымі на небасхіле кніжных хрыбтоў. У кніжках Стэфаніі замыкаўся цалкам іншы свет і нічым не ёнрыпамінаў таго свету, запісанага ім у старых і нават навейшых сшытках. З першага дотыку ён паказаўся халодным і непрыхільным – каменным, быццам асуджаным на вечнасць.
Спатрэбіўся не адзін тыдзень і месяц, каб зразумелася блытаніна вулачак, абкладзеных чэсанымі камянямі, абведзеных маўклівымі камянічкамі, што, у чаканні лепшых дзён, бавяць час, сціраючы пыл з латунных статуэтак і гербавых фарфораў. Гады праз два ён вывучыў гэты свет, як яму здавалася, з першай па апошнюю літару. І ўжо лёгкім крокам, не разглядаючыся па баках, перабягаў тыя вулачкі. Дзверы камяніц адкрываў машынальна, як адчыняюцца дзверы ў свой бацькоўскі дом, а з пакоя ў пакой ступаў упэўнена, поламі пінжака не звальваючы на падлогу застылыя ў латуні і фарфоры цацкі.
– Пфі! – сказаў ён сабе аднойчы. – Не такі яе свет і страшны. А ў параўнанні з прасторамі Драгабыцкіх тут няма нічога асаблівага. Мы не горшыя за іх.
Але ўсётакі свет, запісаны ў кніжках Стэфаніі, даваў Валодзю дзіўную моц. Ён пачаў адчуваць сябе стваральнікам, адзіным такога роду скульптарам, які не з дрэва, не з гліны, а з неназванай, першапачатковай матэрыі высякае сябе самога, сваю ўласную постаць. Абдорвае яе жыццём і надзяляе лёсам.
Чым далей бацька адыходзіў ад рэальнасці, тым часцей маці стала забягаць у касцёл. Раней заходзіла туды за вялікім святам, раз, два разы ў год, а зараз бачылі яе там кожны тыдзень, кожны другі дзень, а затым і штодзень. Сядала і размаўляла са сваімі святымі. Пра што – я не ведаў. Для мяне ўсё было тут новае і незразумелае, і трэба было нерухома сядзець на лаўках, зусім іначай як у царкоўцы, куды часам трапляў за бабкай Сонькай, і дзе ў чаканні прычасця можна размясціцца па правы бок алтара, побач з мярэжнай перагародкай, што аддзяляе хор ад вернікаў, можна таксама стаіцца з левага, жаночага боку, адразу за дзяўчатамі.
Калі дзяўчаты ўкленчвалі, іх кароткія спаднічкі ахоплівалі адно тое, што неабходна, а калі пачыналася адбіванне паклонаў, ад дзявочага гардэроба заставаліся няважныя шматачкі. Але грэх зазіраць дзяўчатам пад спадніцы, калі да Вялікадня тры або чатыры дні. І тады, высока задзіраючы галаву, можна было сачыць, як пад купал узлятаюць анёлы, шчыльным вяночкам абводзяць архангела Міхала і, прыставіўшы да пульхных вуснаў залатыя трубы, дзьмуць у ягоныя вушы нябеснымі фанфарамі.
У анёлаў былі кароткія і салідныя ногі. Дзякуючы невядомаму маляру, што захапіўся не антычнымі маэстрамі, а дзіўнай сумессю Рубенса з Пікасо, яны нагадвалі постаццю малога Сашку.
У касцёле, задзіраючы галаву, я бачыў толькі белую столь, і заставалася глядзець, як маці шэптам размаўляе з невядомымі святымі, і здагадвацца, што гутарка ідзе пра вяртанне бацькі ў ранейшы свет.
Але каталіцкія святыя не маглі знайсці шлях да душы майго бацькі, бо калі мы вярталіся з касцёла, ён, быццам нічога не здарылася, крочыў з аднаго кута пакоя ў другі кут, паўтараючы адны і тыя словы: “Яшчэ не разгадаліся ўсе загадкі, дрэмлюць яшчэ ў далёкай мінуўшчыне справы, загорнутыя ў чорнае палатно забыцця, і калі зараз не разбудзіць іх, не вывесці пагуляць на свежае паветра, застануцца там назаўсёды”. Аднак, як шукаць шлях у сакрэтны свет, Валодзя не ведаў. Здаралася, пабуджалі яго рухацца ў добрым напрамку размовы з суседзямі. Кожная недаверлівая ўсмешка, поціск плячэй, кожнае насычанае абыякавасцю “можа і быў, хто яго там ведае”, давалі сілу і вызначалі мэту: пакінуць за сабой у гэтых слоўнамімічных дыялогах апошняе слова, пасля якога няма ўжо ніякай недагаворанасці і сумненняў.