Ёсць кніжкі, здольныя змяніць калі не гісторыю чалавецтва, то напэўна лёсы паасобных людзей. Гэтая кніжка папалася Валодзю ў рукі вынікам чыстага выпадку. Лістануў адну старонку, другую, трэцюю і, знеахвочаны, ужо адстаўляў яе на паліцу. Выштурхнутая з рук чуйным крылом анёлаахоўніка, яна шлёпнулася на дыван, раскрылася. З фатаграфіі, гарызантальна расцягнутай на падлозе, глядзеў на Валодзю незнаёмы чалавек. Спазіраў уважліва і адважна. Валодзя прысеў на кукішкі, пальцамі крануў твару на фатаграфіі – асцярожна, як кранаюць вочы чалавека, памерлага хвілінай раней. Але вочы не закрыліся, яны хацелі жыць і з яшчэ большай увагай узіраліся ў Валодзю бліскучымі чорнымі ліхтарыкамі. “Леў Сапега”, – бязгучным шэптам прачытаў прозвішча чалавека на фатаграфіі. “Дзе і калі я бачыў такія вочы? Недзе тут, блізка, учора, сёння... Але ж так, у люстэрку іх бачыў!”, – прыхапіў кніжку і панёсся на сустрэчу з люстрам.
Валодзя трымаў у руках кніжку і не верыў сваім вачам. Праглынуў яе цягам аднае ночы, з раніцы перачытаў другі раз, вечарам трэці. З вечаровай цішыні выразна і рэальна выяўлялася шолахам паперы апошняе адсутнае звяно пакаленняў.
– Мама, – спытаў бабку Соньку. – А праўда, старэйшая пані Драгабыцкая, ну, маці пана Стасінка, яна з Сапегаў была?
– З Сапегаў? – Сонька паціснула плячыма. – А чорт яе ведае. З якіхсьці паноў, але як звалі? Можа, Валкавыцкія або Далэнгевічы? А можа і Сапегі, як кажаш. Пад Высокім, зараз яно за граніцай, трымалі маёнтак. І хутчэй за ўсё – небагаты. Стары пан цяляпкаўся часам у госці да дачкі на абдзёртай цялежцы. А конь – куды яму да Султана...
Аднак ва ўяўленні Валодзі скрыпячая цялежка пераўтваралася ў шыкоўную карэту. Бо чалавек, які дасягнуў моцы стваральніка, можа ўсё. Памыляцца і выпраўляць памылкі. Узнагароджваць і караць, а калі з’явіцца капрыз, ён можа сцерці стары быт і пачаць новы, а брычку, даведзеную да непрыдатнага стану, заступіць экіпажам, запрэжаным шасцёркай коней.
Пад восень конскія капыты пачалі выбіваць новы шлях паміж дваром Драгабыцкіх і Высокім. На пачатку элегантныя карэты бегалі на замак Сапегаў раз у тыдзень, затым два разы, тры. З першым снегам карэты пайшлі на спачын, а ў дарогу, штодзённа ўжо, выпраўляліся не менш элегантныя сані. І калі Валодзя напружваў нюх, даходзіў да яго пах конскага поту, і шэсць хамутоў, спятых лейчынамі ў неразлучную еднасць, вырасталі панад раз’юшанымі грывамі магутнай струной дышля. Востры зiмовы вецер, згушчаны, сцiснуты ў вiхуру шпаркiмi капытамi, граў на гэтай струне бясконцае “угага”. Вясной пан Драгабыцкі павёў панну Сапежанку пад вянец, а выезды прыпыніліся, ахінуліся цішынёй і спакоем сямейнага жыцця. Яшчэ некалькі месяцаў Валодзя сачыў за сцежкамі маладой пары, а калі прыйшоў на свет паніч Стасінак, ён вярнуўся да сучасных праблемаў.
У той дзень, калі Валодзя першы раз спаслаўся на сваіх славутых продкаў Сапегаў, местачкоўцы прапусцілі яго да прылаўка без чаргі.
– Сапегаў ніколі б і ні за што не паставілі ў такую чаргу, – сказаў Валодзя і зрабіў накід маёмасці, якая за апошнія месяцы паспела ўзяць пад сябе ладны фрагмент пространі ды разоў у дзесяць павялічыць жывы інвентар.
– Сотні гектараў залатой пшанiцы, кароў тысячы, а курачакiндыкаў, колькi iх? Адзiн Гасподзь мог бы пералічыць. Сам замак у Высокім большы за вашу фабрыку. Па той бок засталося ўсё, за граніцай – уздыхнуў і паказаў рукой на пушчу і змоўк.
– Сапегі, кажаце?! І замак большы за фабрыку?! – суразмоўцы, як і раней, чухалі патыліцы нібыта ўсур’ёз, хмурылі бровы, але вочы адводзілі ў бок і з вуснаў і вачэй маленькімі змеямі сплывалі ўсмешкі. З часам змеі пачалі пераўтварацца ў цёплачорных ластавак спагады, каб, нарэшце, застыць у халодных камянях абыякавасці.
Ад такіх усмешак дарога да дому выдоўжвалася ў маленькую Галгофу, у шлях пакуты і крыўды. Балючай іголкай даймала шкадаванне за ўсе родавыя браўнiнгi, пiсталеты, шаблi, у выніку гiстарычнай завiрухi праваленыя глыбока пад зямлю, адкуль дастаць iх зможа толькі якi цуд або чарговая няўдача панi Гiсторыi. I зараз нi застрэлiць каго, нi сабе кулю ў лоб пусцiць. А хацелася прабіць навылет халоднае сэрца пана Стасінка, што для звычайнай выгады аддало яго ў чужыя рукі, і расстраляць мужыцкую прагнасць фурмана Уладзіміра Іванюка, што ялавіцай перакрыла ягоны, Валодзін, жыццёвы шлях, і капітана Жлуктова забіць, і ўсіх іншых невядомых людзей, хто прыклаў руку да ўзнікнення граніцы за Саўчуковай стадолай.
Асабліва даймала граніца. Калі раней яна ляжала на душы халодным лязом, што размяжоўвае на дзве часткі сад пана Драгабыцкага, то цяпер з зааранай паласы падымалася зубатым Цэрберам, шматгаловай гідрай, тупым, непадкупным вартавым, пастаўленым невядома кім і невядома навошта. Ці не з адной мэтай – каб яму, Валодзю, сакрэтнаму сыну паніча Стасінка, а мабыць і ўнуку славутай сапегаўскай дынастыі, зламаць жыццё.
Сонька
Бабка Сонька адышла ў сакавіку, разам з апошнім снегам.