Зямля, загартаваная ў доўгай гісторыі ледавікамі, землятрусамі і шматлікімі сутычкамі з каметамі і астэроідамі, і гэты кароткі эксперымент вытрымала, не маргнуўшы вокам. Больш пацярпела яе жывая матэрыя. У полі асот узяў перамогу над аўсом, а коні, прастаяўшы зіму на поснай сечцы, дайшлі да вясны моцна скарочанай чарадой. Але тады жыхарам маленькай Апакі працягнула руку дапамогі заакіянская імперыя. У выпадку Уладзіміра Іванюка падтрымка выявілася чорным, смалістым канём. У гонар ахвяравальнікаў назвалі яго Унрам.
“Якое цікавае жыццё. Раз чалавек на белым кані, другі раз на чорным”, – здзіўляўся Уладзімір, закладваючы хамут на смалістую шыю Унры.
Загледжаны ў чорную кропку, Уладзімір ішоў за плугам і думаў: “А калі б так даць каню абсалютную волю, мабыць, пралажыў бы ён скібу аж у сваю далёкую Амерыку? А можа, плюнуў бы на плуг ды праляжаў бы ў цяньку дзень да вечара?”
Часам, калі жаўрукі песняй збівалі з прасторы пах неба і скідалі яго ўніз, спыняў каня і слухаў. Затым схіляўся, набіраў жменю пяску, нюхаў яго. Прыжмурыўшы вочы, чарговы раз трапляў у здзіўленне: “Арамат нябёсаў нічым не адрозніваецца ад арамату зямлі. Значыць, хто ведае пах зямлі, не заблудзіць і ў небе”.
Аднойчы, калі жаўрукі ашалелі ў бясконцай песні ды цягнулі яе так доўга, пакуль неба поўнасцю не звалілася на поле і лес, а дзед Уладзімір, прысеўшы на кукішкі, насычаў ноздры араматам блакітаў, чорны Унра капытом, магутнейшым за кулак Махамеда Алі, пацэліў яму дакладна ў патыліцу. Засталося зрабіць адзін крок і ступіць у нябёсы.
– Усе імперыі на тое і ўзнікаюць, каб тутэйшага праваслаўнага мужыка шпарыць з абедзвюх рук па мухаедах, – сцвердзіла бабка Сонька. – І лепей тры разы прамаўчаць, як тры разы сказаць “так” або “не”.
На тры фурманкі яна загрузіла хатку і сыноў і выправілася ў Мястэчка, дзе раней пасялілася яе малодшая сястра Маруся, што за ваенным часам насіла ў лес партызанам хлеб і маленькую жменьку звычайнай, жаночай радасці. Зараз, заваяваўшы магістраты і іншыя важныя ўстановы, партызаны паклікалі за сабой і яе. Уладкавалі вахцёркай на фабрыцы і кожны год у Дзень перамогі прыхарошвалі яе бліскучым медалём або ордэнам.
– Дом патрабуе жанчыну, а зямля мужчыну. А ў Мястэчку можна жыць і без зямлі. Вось і выжывеш, – разважыла Маруся.
І паехалі.
Мястэчка
Над Мястэчкам заўсёды стаяў цень пушчы і пах жывіцы. Прадмесце выходзіла з дрэў аднапавярховымі домікамі, якія расстаўляліся ўздоўж завулкаў, а крутыя, гравейныя завулкі, склікаючыся ў пары, у тройкі, выбягалі на выкладзеныя камянямі вулачкі. Не даходзячы да цэнтра, брук перадаваў палачку асфальтаваму палатну галоўнай вуліцы, а драўляныя хаткі саступалі месца шматпавярховым бетонным блокам.
Па адзін бок гэтай асфальтавай стужкі шэрым прамавугольнікам стаяў магістрат, па другі – фабрыка. У сценах магістрату вырашаліся шляхі Мястэчка, у фабрычных цэхах прыходзілі на свет сталы і крэслы. Час ад часу нейкі рабочы развітваўся з цікавай блузай і станком і перасяляўся ў магістрат або фабрычны кабінет. Здаралася так, бо мясцовы свет быў вельмі малады, і лёсы людзей пісаліся ад рукі, не зважаючы на рэкамендацыі ранейшых пакаленняў, а нават і універсітэцкія дыпломы.
Чалавек вяртаўся дамоў, адчыняў шафу, даставаў адтуль касцюм, падступаў бліжэй да вакна, цаля за цаляй ацэньваючы прыдатнасць старой вопраткі да новага жыцця. Апярэджваючы збянтэжаны позірк шлюбнай жонкі, казаў: “А раніцай пайду не на фабрыку, а ў магістрат. Бо я ўжо інспектар”. Або: “Падрыхтуй белую кашулю. З заўтрашняга дня я не за станком, а пры стале, у кабінеце".
Да поўначы ён вывучаў мудрагелісты шыфр гальштука, а яна прасавала кашулі. Уяўляла пры тым вочы бліжэйшай суседкі, калі раніцой у чарзе за хлебам выявіць для яе шэптам сваю найнавейшую таямніцу: “Ведаеш? У мяне зараз супольная падушка з кіраўніком цэха”. А калі суседка ад хвалявання каўкне сліну і разявіць раптоўна засохлыя вусны, бо першая здагадка, якая прыйдзе на думку, будзе цалкам непрыстойнай, тады вось, не шэптам ужо, а поўным голасам скажа: “Майго вылучылі, ён цяпер кіраўнік цэха”.
Разглядаючы цэнтр Мястэчка, хтось можа здзівіцца адсутнасці ратушы, пышных палацаў, экзатычных паркаў, спярэшчаных фантанамі або тоўсценькімі купідонамі. Але здзіўляцца не трэба. Мястэчка яшчэ малодшае за бліжэйшы свет, і не так, здаецца, даўно ў цэнтры яго расла пушча і сюды прыязджалі пастраляць зуброў літоўскі князь або польскі кароль. Потым высеклі дрэвы, узнікла фабрыка, а прыцэліцца на буйную звярыну пасунуліся міністры ды ўсялякага калібру дырэктары і сакратары. Бо свет мае свае прынцыпы і беражэ іх як зрэнку. За кожнай уладай, вызначанай – не мае значэння – Богам ці выбарчым бюлетэнем, крочыць нязменная цяга да дубальтоўкі або штуцара.