Невiдзiмка прачнуўся якраз у тую хвiлiну, калi Кемп запячатваў пiсьмо. Ён прачнуўся ў дрэнным настроi, i Кемп, якi чуйна прыслухоўваўся да самага нязначнага шорагу, пачуў злоснае шлёпанне ног у спальнi наверсе. Потым пачуўся грукат стула, якi ўпаў, i звон разбiтага шкла. Кемп паспяшаўся наверх i нецярплiва пастукаў у дзверы спальнi.
Раздзел XIX
НЕКАТОРЫЯ АСНОЎНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ
- Што здарылася? - спытаўся Кемп, калi Невiдзiмка ўпусцiў яго ў пакой.
- Ды нiчога, - быў адказ.
- А шум чаму?
- Прыпадак раздражняльнасцi, - сказаў Невiдзiмка. - Забыўся пра сваю руку, а яна балiць.
- Вы, як бачна, схiльны да такiх успышак?
- Так.
Кемп прайшоў цераз пакой i падабраў асколкi разбiтага шкла.
- Усе факты пра вас сталi вядомымi, - сказаў ён, выпростваючыся. - Усё, што здарылася ў Айпiнгу i ўнiзе, у шынку. Свет даведаўся пра свайго нябачнага грамадзянiна. Але нiхто не ведае, што вы тут.
Невiдзiмка вылаяўся.
- Тайна раскрыта, - працягваў Кемп. - Гэта ж была тайна, я мяркую? Не ведаю, што вы думаеце рабiць, але, зразумела, я гатовы дапамагчы вам.
Невiдзiмка сеў на ложак.
- Наверсе пададзена снеданне, - паведамiў Кемп, стараючыся гаварыць натуральным тонам, i з задавальненнем убачыў, што яго дзiўны госць ахвотна падняўся пры гэтых словах. Кемп павёў яго па вузкай лесвiцы наверх.
- Перш чым мы з вамi што-небудзь распачнём, - сказаў Кемп, - я хацеў бы даведацца больш падрабязна, як жа гэта вы сталi нябачны. - I, кiнуўшы iмгненны насцярожаны позiрк у акно, Кемп усеўся з выглядам чалавека, якога чакае доўгая i грунтоўная размова. У яго зноў прамiльгнула думка, што ўся гэтая гiсторыя - бязглуздзiца, трызненне вар'ята, але думка гэта адразу ж знiкла, калi ён зiрнуў цераз стол на Грыфiна: безгаловы, бязрукi халат сядзеў за снеданнем i выцiраў нябачныя губы сурвэткай, якая цудам трымалася ў паветры.
- Гэта вельмi проста i зусiм праўдападобна, - сказаў Грыфiн, адклаўшы ў бок сурвэтку.
- Для вас, вядома, але... - Кемп засмяяўся.
- Ну так, i мне гэта, вядома, спачатку здавалася чарадзействам, але цяпер... Божа лiтасцiвы! Нас чакаюць вялiкiя справы! Упершыню гэта iдэя ўзнiкла ў мяне ў Чэзiлстоў.
- У Чэзiлстоў?
- Я пераехаў туды з Лондана. Вы ведаеце, я ж кiнуў медыцыну i заняўся фiзiкай. Не ведалi? Ну, дык вось: я заняўся фiзiкай. Мяне захапiла праблема святла.
- А-а!..
- Аптычная непранiкальнасць! Усё гэтае пытанне - суцэльная сетка загадак, скрозь яе вельмi цьмяна прасвечвае няўлоўнае рашэнне. А мне тады было ўсяго дваццаць два гады, i я быў энтузiяст, вось я i сказаў сабе: "Гэтаму пытанню я прысвячаю ўсё сваё жыццё. Тут ёсць над чым папрацаваць". Вы ж ведаеце, якiм бываеш дурнем у дваццаць два гады.
- Яшчэ невядома, цi не дурней мы цяпер, - сказаў Кемп.
- Як быццам веды могуць задаволiць чалавека! Але я ўзяўся за работу i працаваў як катаржны. Мiнула паўгода ўзмоцненай працы i роздуму - i вось скрозь туманную заслону блiснула асляпляльнае святло! Я знайшоў агульны закон пiгментаў i праламленняў святла - формулу, геаметрычны выраз, якi ўключае чатыры вымярэннi. Дурнi, звычайныя людзi, нават звычайныя матэматыкi i не здагадваюцца, якое значэнне мае для тых, хто вывучае малекулярную фiзiку, якi-небудзь агульны выраз. У кнiгах - кнiгах, якiя ўкраў гэты валацуга, - ёсць цуды, магiчныя лiчбы! Але гэта не быў яшчэ метад, гэта была iдэя, якая магла навесцi на метад. А пры дапамозе гэтага метада выявiлася б магчымасць, не змяняючы ўласцiвасцi матэрыi, - за выключэннем колеру ў некаторых выпадках, - практычна звесцi каэфiцыент праламлення некаторых рэчаў, цвёрдых цi вадкiх, да каэфiцыента праламлення паветра.
Кемп прысвiснуў.
- Гэта цiкава. Але ўсё ж для мяне не зусiм ясна... Я разумею, што такiм шляхам вы маглi б сапсаваць каштоўны камень, але каб зрабiць чалавека нябачным - да гэтага яшчэ далёка.