- Безумоўна, - сказаў Грыфiн. - Аднак падумайце: бачнасць залежыць ад таго, як бачнае цела рэагуе на святло. Давайце ўжо я пачну з азоў, тады вы лепш зразумееце далейшае. Вы цудоўна ведаеце, што цела альбо паглынае святло, альбо адбiвае, альбо праламляе яго, а можа, i ўсё разам. Калi цела не адбiвае, не праламляе i не паглынае святло, то яно не можа быць бачным само па сабе. Так, напрыклад, вы бачыце непразрыстую чырвоную скрынку таму, што колер паглынае некаторую долю святла i адбiвае астатняе, а менавiта усе чырвоныя промнi. Калi б скрынка не паглынала некаторай часткi святла, а адбiвала б яго ўсяго, то яна была бы блiскучай белай скрынкай. Успомнiце срэбра! Алмазная скрынка не паглынала б шмат святла, i яе паверхнасць таксама адбiвала б мала святла, але ў асобных месцах, у залежнасцi ад размяшчэння плоскасцяў, святло адбiвалася б i праламлялася, i мы б бачылi блiскучую павуцiну адлюстраванняў i празрыстых плоскасцяў. Нешта накшталт светлавога шкiлета. Шкляная скрынка не такая блiскучая i не настолькi выразна бачная, як алмазная, таму што ў яе менш адлюстраванняў i праламленняў. Зразумела? З вядомых кропак такая скрынка будзе празрыстай. Некаторыя гатункi шкла больш бачныя, чым астатнiя. Хрустальная скрынка блiшчэла б мацней, чым скрынка са звычайнага аконнага шкла. Скрынку з вельмi тонкага звычайнага шкла было б цяжка разгледзець пры дрэнным асвятленнi, таму што яна не паглынае амаль нiякiх промняў i адбiвае i праламляе зусiм мала святла. Калi вы пакладзеце кавалак звычайнага шкла ў ваду цi, яшчэ лепш, у якую-небудзь вадкасць, больш шчыльную, чым вада, то вы шкла амаль зусiм не ўбачыце, таму што святло, пераходзячы з вадою ў шкло, праламляецца i адбiваецца вельмi слаба i ўвогуле не трапляе амаль нi пад якое ўздзеянне. Шкло ў такiм выпадку амаль гэтак жа нябачнае, як струменi вуглекiслаты цi вадарода ў паветры. I па гэтай жа прычыне.
- Так, - сказаў Кемп, - усё гэта нескладана. У такiх рэчах цяпер разбiраецца кожны школьнiк.
- А вось яшчэ адзiн факт, у якiм разбярэцца любы школьнiк. Калi разбiць кавалак шкла i дробна стаўчы яго, ён стане значна больш прыкметным у паветры i ператворыцца ў рэшце рэшт у белы непразрысты парашок. Гэта адбываецца таму, што ператварэнне шкла ў парашок павялiчвае лiк плоскасцяў праламлення i адлюстравання. У шкляной пласцiнцы ёсць усяго дзве паверхнi, у парашку ж кожная крупiнка ўяўляе сабою плоскасць праламлення цi адлюстравання святла, i скрозь увесь парашок святла праходзiць вельмi мала. Але калi белы шкляны парашок апусцiць у ваду, то ён амаль зусiм знiкае. Шкляны парашок i вада маюць амаль аднолькавы каэфiцыент праламлення, i святло, праходзячы з аднаго асяроддзя ў другое, праламляецца i адбiваецца вельмi мала. Вы робiце шкло нябачным, змяшчаючы яго ў вадкасць з прыблiзна з такiм жа каэфiцыентам праламлення; усялякая празрыстая рэч робiцца нябачнай, калi яе змясцiць у асяроддзе, якое валодае аднолькавым з ёй каэфiцыентам праламлення. I калi вы крышачку падумаеце, то вы зразумееце, што шкляны парашок можна зрабiць нябачным i ў паветры, калi толькi пашчасцiць давесцi каэфiцыент праламлення святла ў iм да каэфiцыента праламлення святла ў паветры. Бо ў такiм выпадку, пры пераходзе святла з парашка ў паветра, яно не будзе нi адбiвацца, нi праламляцца.
- Усё гэта так, - сказаў Кемп. - Але ж чалавек - не шкляны парашок.
- Не, - сказаў Грыфiн. - Ён больш празрысты.
- Глупства.
- I гэта гаворыць урач. Як лёгка ўсё забываецца! Няўжо за дзесяць гадоў вы паспелi пазабываць усё, што ведалi па фiзiцы? А вы падумайце, колькi iснуе празрыстых рэчываў, якiя празрыстымi не здаюцца! Папера, напрыклад, складаецца з празрыстых валокнаў, i калi яна ўяўляецца белай i непразрыстай, то гэта адбываецца па той жа самай прычыне, па якой нам здаецца белым i непразрыстым тоўчанае шкло. Прамаслiце белую паперу, запоўнiце ўсе поры памiж часцiцамi паперы маслам так, каб праламленне i адлюстраванне адбывалiся толькi на паверхнях, i папера зробiцца такой жа празрыстай, як шкло. I не толькi папера, але i валокны бавоўны, iльну, шэрсцi, драўнiны, а таксама - заўважце гэта, Кемп! - i косцi, i мышцы, i валасы, i ногцi i нервы. Адным словам, увесь чалавечы арганiзм складаецца з празрыстай тканкi, за выключэннем чырвоных крывяных шарыкаў i цёмнага пiгменту валасоў; вось як мала патрэбна, каб мы маглi бачыць адзiн аднаго. Па большай частцы тканкi жывой iстоты не менш празрыстыя, чым вада.
- Правiльна, правiльна! - усклiкнуў Кемп. - Толькi сёння ноччу я думаў аб марскiх лiчынках i мядузах!