Сам не ведаю чаму, я вярнуўся i загаварыў з ёй. Яна аказалася самым звычайным стварэннем.
Усё маё знаходжанне на старым папялiшчы было падобна на сон. Я не адчуваў тады, што я адзiнокi, што я перайшоў з жывога свету ў пустыню. Я ўсведамляў, што згубiў цiкавасць да навакольнага. Але прыпiсваў гэта агульнай пустаце жыцця. Вярнуцца ў свой пакой азначала для мяне зноў забыць сапраўдную рэчаiснасць. Тут было ўсё тое, што я ведаў i любiў: апараты, падрыхтаваныя доследы. Амаль усе перашкоды былi ўжо лiквiдаваны, заставалася толькi абдумаць некаторыя дробязi.
Калi-небудзь, Кемп, я апiшу вам усе гэтыя вельмi складаныя працэсы. Не станем зараз уваходзiць у падрабязнасцi. У большасцi, за выключэннем некаторых пунктаў, якiя я лiчу за лепшае захоўваць у памяцi, усё гэта запiсана шыфрам у тых кнiгах, якiя сцягнуў валацуга. Мы павiнны злавiць яго. Мы павiнны вярнуць гэтыя кнiгi. Галоўная задача заключалася ў тым, каб змясцiць празрысты прадмет, каэфiцыент праламлення якога патрэбна было знiзiць, памiж двума святловыпраменьваючымi цэнтрамi эфiрнай вiбрацыi, - пра яе я раскажу вам потым. Не, не рэнтгенаўскiя промнi. Не ведаю, цi апiсваў хто-небудзь тыя промнi, пра якiя я кажу, але яны iснуюць, гэта несумненна. Я карыстаўся двзюмя невялiкiмi дынама-машынамi, якiя пускаў у ход пры дапамозе таннага газавага рухавiка. Першы мой дослед я прарабiў над кавалкам белай шарсцяной тканiны. Да чаго ж дзiўна было бачыць, як гэтая белая мяккая тканiна паступова таяла, быццам струмень пары, i потым знiкала зусiм.
Мне не верылася, што я гэта зрабiў. Я сунуў руку ў пустату i намацаў тканiну. такую ж шчыльную, як i раней. Я незнарок тузануў, i яна ўпала на падлогу. Я не адразу знайшоў яе.
А потым здарылася вось што: я пачуў за спiной мяўканне, павярнуўся i ўбачыў на вадасцёкавай трубе за акном белую кошку - худую i страшэнна брудную. Мяне нiбы асянiла. "Усё гатова для цябе", - сказаў я, падышоў да акна, адчынiў яго i ласкава паклiкаў кошку. Яна зайшла ў пакой мурлыкаючы, небарака, яна ледзьве не здыхала ад голаду, i я даў ёй малака. Уся мая правiзiя захоўвалася ў буфеце, у кутку пакоя. Выхлебтаўшы малако, кошка стала разгульваць па пакоi, абнюхваючы ўсе куткi - мусiць, яна вырашыла, што тут будзе яе новы дом. Нябачная ануча некалькi ўсхвалявала яе - вы паглядзелi б, як яна зафыркала! Я пасадзiў яе вельмi зручна на маiм складным ложку i пачаставаў маслам, каб яна дала памыць сябе.
- I вы паспрабавалi правесцi над ёй дослед?
- Так. Але напаiць кошку зеллем - гэта не жарт, Кемп! I дослед мой не ўдаўся.
- Не ўдаўся?
- Па двух пунктах. Па-першае, кiпцюры, а па-другое, пiгмент... забыўся яго назву - на задняй сценцы вока ў кошак, помнiце?
- Tapetum.
- Ага, tapetum. Гэты пiгмент не знiкаў. Пасля таго, я даў ёй сродак для выбельвання крывi i зрабiў над ёй розныя другiя працэдуры, я даў ёй опiума i разам з падушкай, на якой яна спала, змясцiў яе каля апарата. I потым, калi ўсё страцiла колер i знiкла, засталiся дзве невялiкiя плямы - яе вочы.
- Цiкава!
- Не магу гэта растлумачыць. Кошка, зразумела, была забiнтавана i звязана, i я не баяўся, што яна збяжыць. Але яна прачнулася, калi ператварэнне яшчэ не зусiм закончылася, i стала жаласлiва мяўкаць, i тут пачуўся стук у дзверы. Стукала старая, якая жыла ўнiзе i падазравала мяне ў тым, што я займаюся вiвiсекцыяй, - п'янiца, у якой на свеце нiчога i нiкога не было, акрамя гэтай кошкi. Я паспяшаўся ўжыць хлараформ, кошка замоўкла, i я прачынiў дзверы. "Гэта ў вас кошка мяўкала? - спыталася яна. - Ужо цi яе мая?" - "Не, вы памылiлiся, тут няма нiякай кошкi", - адказаў я даволi ветлiва. Яна не вельмi паверыла i паспрабавала зазiрнуць у пакой. Мусiць, дзiўным здаўся ёй мой пакой: голыя сцены, вокны без фiранак, складны ложак, газавы рухавiк у дзеяннi, свячэнне апарата i слабы дурманлiвы пах хлараформа. Нарэшце, ёй давялося задаволiцца гэтым i адправiцца нi з чым.
- Колькi часу патрэбна на гэта? - спытаўся Кемп.
- На дослед з кошкай пайшло гадзiны тры-чатыры. Апошнiя знiклi косцi, сухажыллi i тлушч. А таксама кончыкi афарбаваных валаскоў шэрсцi. I, як я ўжо казаў, радужнае рэчыва на задняй сценцы вока не знiкла.