- Тут хтосьцi пастукаўся ў дзверы. Гэта быў гаспадар дома, якi прыйшоў з пагрозамi i роспытамi, стары польскi жыд, у доўгiм шэрым сюрдуце i стаптаных туфлях. "Вы ноччу мучылi кошку", - запэўнiваў ён; старая, напэўна, паспела ўжо разбалбатаць. Ён патрабаваў, каб я яму сказаў, у чым справа. Вiвiсекцыя строга забаронена законам, адказнасць можа трапiць i на яго. Я сцвярджаў, што нiякай кошкi ў мяне не было. Тады ён заявiў, што гудзенне газавага рухавiка чуецца ва ўсiм доме. З гэтым я, вядома не пагаджаўся. Ён усё круцiўся вакол мяне, стараючыся прашмыгнуць у пакой i заглядваючы туды скрозь свае акуляры ў мельхiёравай аправе, i раптам мяне ахапiў страх, каб ён не адкрыў маю тайну. Я стараўся стаць памiж iм i маiм апаратам, але гэта толькi падагравала яго цiкаўнасць. Чым я займаюся? Чаму я заўсёды адзiн i хаваюся ад людзей? Цi не займаюся я чым-небудзь злачынным? Цi не небяспечна гэта? А я нiчога не плачу зверх звычайнай кватэрнай платы. Яго дом заўсёды карыстаўся добрай рэпутацыяй, у той час калi суседнiя дамы гэтым пахвалiцца не могуць. Нарэшце я страцiў цярпенне. Папрасiў яго выбiрацца. Ён запратэставаў, штосьцi мармытаў пра сваё права ўваходзiць да мяне, калi яму пажадаецца. Яшчэ секунда - i я схапiў яго за каўнер... Штосьцi з трэскам парвалася, i ён кулём вылецеў у калiдор. Я зачынiў за iм дзверы, замкнуў iх на ключ i, увесь дрыжучы, апусцiўся на крэсла.
Гаспадар яшчэ нейкi час шумеў за дзвярамi, але я не звяртаў на яго ўвагi, i ён хутка пайшоў.
Гэтае здарэнне змусiла мяне да рашучых дзеянняў. Я не ведаў, нi што ён мяркуе рабiць, нi якое мае на гэта права. Пераезд на новую кватэру затрымаў бы маю работу, а грошай у мяне ў банку засталося ўсяго дваццаць фунтаў. Не, нiякага прамаруджання я не мог дапусцiць. Знiкнуць! Спакуса была неадольная. Але тады пачнецца следства, пакой мой разрабуюць...
Адна думка пра тое, што работу маю могуць раскрыць цi спынiць у той момант, калi яна амаль закончана, прывяла мяне ў лютасць i вярнула мне энергiю. Я спешна выйшаў са сваiмi трыма тамамi заметак i чэкавай кнiжкай цяпер усё гэта знаходзiцца ў таго валацугi - i накiраваў iх з блiжэйшага паштовага аддзялення ў кантору захоўвання пiсем i пасылак на Грэйт-Портленд-стрыт. Я пастараўся выйсцi з дому як мага цiшэй. Вярнуўшыся, я ўбачыў, што гаспадар дома спакойна падымаецца па лесвiцы, - ён, вiдавочна, чуў, як я замыкаў дзверы. Вы рассмяялiся б, калi б убачылi, як ён адскочыў убок, калi я дагнаў яго на пляцоўцы. Ён кiнуў на мяне спапяляльны позiрк, але я прабег мiма яго i ўляцеў да сябе ў пакой, стукнуўшы дзвярамi так, што ўвесь дом задрыжаў. Я чуў, як ён шоргаючы нагамi, даплёўся да маiх дзвярэй, трохi пастаяў каля iх, потым спусцiўся ўнiз. Я адразу ж стаў рыхтавацца да доследу.
Усё было зроблена на працягу гэтага вечара i ночы. У той час, калi я яшчэ знаходзiўся пад адурманьваючым дзеяннем лекаў, якiя я прыняў для абясколервання крывi, хтосьцi стаў стукацца ў дзверы. Потым стук спынiўся, крокi аддалiлiся было, але зноў прыблiзiлiся, i стук у дзверы паўтарыўся. Хтосьцi паспрабаваў штосьцi прасунуць пад дзверы - нейкую сiнюю паперку. Тут мне не хапiла цярплiвасцi, я ўскочыў, падышоў да дзвярэй i расчынiў iх насцеж. "Ну, што яшчэ?" - спытаўся я.
Гэта быў гаспадар, ён прынёс мне павестку аб высяленнi цi нешта падобнае. Ён працягнуў мне паперу, але, бачна, яго чымсьцi здзiвiлi мае рукi, i ён зiрнуў мне ў твар.
З хвiлiну ён стаяў разiнуўшы рот, затым крыкнуў штосьцi невыразнае, выпусцiў i свечку i паперу i, спатыкаючыся, кiнуўся ўцякаць па цёмным калiдоры да лесвiцы. Я зачынiў дзверы, замкнуў iх на ключ i падышоў да люстэрка. Тады я зразумеў яго жах. Твар у мяне быў белы, - быццам з белага каменя.
Але я не чакаў, што мне давядзецца так многа пакутаваць. Гэта было жахлiва. Уся ноч прайшла ў страшных мучэннях, млоснасцi i непрытомнасцi. Я сцiснуў зубы, усё цела гарэла, як у агнi, але я ляжаў нерухома, быццам мёртвы. Тады я зразумеў, чаму кошка так выла, пакуль я не захларафармаваў яе. На шчасце, я жыў адзiн, без служанкi. Былi хвiлiны, калi я плакаў, стагнаў, размаўляў сам з сабою. Але я не вытрымаў... Я страцiў прытомнасць i апрытомнеў толькi сярод ночы, вельмi аслабелы. Боль я ўжо зусiм не адчуваў. Я вырашыў, што забiваю сябе, але паставiўся да гэтага цалкам абыякава. Нiколi не забуду гэтага свiтанку, не забуду жудасцi, якая ахапiла мяне пры выглядзе маiх рук, якiя былi нiбы зроблены з дымчатага шкла i паступова, з наступленнем дня, станавiлiся ўсё больш празрыстыя i тонкiя, так што я мог бачыць скрозь iх усе прадметы, якiя былi бязладна параскiданы па пакоi, хоць i заплюшчваў свае празрыстыя павекi. Цела маё зрабiлася нiбы шкляное, косцi i артэрыi паступова бляднелi, знiкалi; апошнiмi знiклi тонкiя нiткi нерваў. Я рыпеў зубамi ад болю, але вытрымаў да канца... Нарэшце засталiся толькi амярцвелыя белыя кончыкi пазногцяў i бурая пляма нейкай кiслаты на пальцы.