Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

Пакалоўшы сабе ногі, яны прайшлі па ёй да канца і апынуліся каля разбуранага цаглянага дома. Было відаць, што ў доме даўно ніхто ня жыў. Але цяпер у ім нехта быў – Лёся і Лёччык пачулі, як нехта ходзіць там, шумна дыхаючы і раскідваючы нагамі друз і бітую цэглу. У траве стракаталі конікі, як маленькія пішучыя машынкі.

З дому выйшаў чалавек у салдацкім шлеме, насунутым на самыя вочы.

“Цель визита?” – спытаў ён непрыязна.

“Мы ідзем у Брэмэн”, – сказала Лёся. – “Я Лёся, а гэта мой брат Лёччык. Мы пайшлі туды, куды паказваў указальнік, і вось…”

Яна разьвяла рукамі, паказваючы, што крыху разгубленая і ня ведае, што рабіць далей.

“Это ваши вещи?” – адрывіста спытаў чалавек у касцы. – “Что у вас там? Вы же понимаете, здесь граница. Что, не видно, что ли?”

І ён паказаў за сьпіну. І праўда, на цагляным будынку, які глядзеў на Лёсю і Лёччыка ўсімі сваімі пустымі вокнамі, вісела шыльда з надпісам: “Паграничный кантрол”. І літары былі такія самыя, што на ўказальніку – белыя і няроўныя.

“А мы сапраўды патрапім у Брэмэн, калі пройдзем гэты “паграничный кантрол”? – спытала Лёся.

“Да”, – гаўкнуў чалавек у шлеме. – “Вещи? Я спросил, какие у вас вещи!”

“Толькі гэта”, – сказала Лёся і працягнула яму, пасьля роздуму, атлас і рукапіс невядомага пісьменьніка. – “Гэта ўсё”.

Памежнік схапіў атлас і паперы і вокамгненна перадаў іх камусьці, хто стаяў па той бок дзьвярэй, што матляліся на адной завесе.

“Подождите здесь, вас позовут”, – сказаў ён і таксама зьнік у дзьвярах.

Лёся і Лёччык стаялі, пераступаючы з нагі на нагу. Нешта не сыходзілася, але што? Усчаўся вецер, сонца зайшло за памежную хмару, луг вакол быў непрытульны і дзікі, зарослы пустазельлем, і ўвесь час здавалася, што з травы нехта выскачыць. Зрэшты, доўга чакаць ім не давялося.

“Войдите!” – пачулі яны голас з цаглянага будынку. Трымаючыся за рукі, яны ўвайшлі, асьцярожна ступаючы па бітым шкле і раструшчанай цэгле. Чаго толькі не валялася тут на падлозе!.. Старыя плякаты, купкі чалавечага дзярма, пустыя бутэлькі з-пад пладова-ягаднага віна, газэтнае ашмецьце, зьдзьмуты гумовы мяч, зламаны парасон, бронзавыя бюсты і гіпсавыя скульптуры розных клясыкаў, генэралаў і іншых даўно памерлых герояў, некаторыя амаль у натуральную велічыню… Дошкі, недапалкі, матрацы, згнілыя коўдры, кавалкі брызэнту…

Усярэдзіне стаяў стол, а за ім сядзеў яшчэ адзін памежнік, нічым не адрозны ад першага – нават каска на ім была гэтаксама нізка насунутая на твар. Перад ім стаяла пішучая машынка, і памежнік нешта друкаваў адным пальцам – і зноў у Лёсі зьявілася адчуваньне, што нешта ня так.

“Ён націскае адну і тую ж літару”, – шапнуў Лёччык. – “Я чую па гуку”.

Яны пастаялі крыху, а потым памежнік перастаў біць па клявішы і паволі ўзьняў галаву.

“Я Лёся, а гэта Лёччык…” – цярпліва пачала тлумачыць Лёся, якая ведала, што дарослыя людзі ня дзеляцца інфармацыяй адно з адным, а любяць атрымліваць яе зь першакрыніц.

“Я знаю”, – адной рукой памежнік, які сядзеў за машынкай, прыўзьняў каску, а другой махнуў – і раптам усе вокны ў разбуранай будыніне зрабіліся непранікальныя, быццам зарасьлі цэглай.

“Баравой Дохлы!” – вохнула Лёся.

“Баравой Дохлы!” – прамовіў, як вылаяўся, Лёччык.

І сапраўды, на іх глядзелі тыя самыя намаляваныя вочы, глядзелі абыякава і пуста, як на нешта, чый лёс даўно вырашаны.

“Как вы меня назвали?” – спытаў вялікі рот пад гэтымі невідушчымі вачыма, шырокі, глыбокі рот, поўны зубоў-іголак. – “Баравой кто? Я рядовой Бохан, вашу мать! Рядовой Бохан!”

Баравой Дохлы падняўся з-за стала і падбег да іх. Ростам ён быў амаль да самай столі, скрозь якую дзіркамі сьвяціла нядобрае неба. Баравой Дохлы схапіў са стала іхны атлас, і рукапіс, і разарваў усё гэта на дробныя шматкі – адным рухам: быццам папера сама разьляцелася белым пер’ем ад аднаго толькі дотыку гэтых жудасных рук.

“Девочька”, – прашыпеў ён, патаптаўшыся па абрыўках. – “Вкусная, грязная девочька с грязным голосом! Нет, ты не достанешся злому доктору с его холодными железными игрушками, ты будешь моя. А к доктору поедешь ты…”

Ён паказаў пальцам на Лёччыка.

“Доктору нужны мальчики, он их так любит! А девочька, скажем мы ему, девочька умерла! Случяйно! И мы его не обманем!”

І тады ён лізнуў Лёсіна калена – толькі што быў вышэйшы за ўсіх, даставаў галавой да самай столі, і тут апынуўся ў іх пад нагамі. Але яны нічога не пасьпелі зрабіць, як Баравой Дохлы зноў вырас да таго месца, дзе цяпер сьвяціла лямпачка – бо ў доме было цёмна і зьніклі ўсе вокны.

І тут зазваніў тэлефон. Баравой Дохлы нехаця палез у кішэню сваіх салдацкіх штаноў.

“Да”, – сказаў ён, і на грудзі яму капнула сьліна, ружовая і густая. – “Да! Да-да-да!”

“Ничего, я успею,” – сказаў Баравой Дохлы, хаваючы тэлефон у кішэнь. – “Маленькая девочька, маленькій язык, маленькие заботы… Когда я вернусь, вы будете крепко спать. Спокойной ночи!”

І ён выйшаў з дамка, замкнуўшы за сабой дзьверы. Лёся і Лёччык засталіся ў поўнай цямрэчы.

А цагляны будынак, на якім усё яшчэ вісела шыльда з надпісам “Паграничный кантрол”, пачаў запаўняць газ.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы