Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

Круціліся ліхтары. Круціліся парэнчы на ганках. Круціліся нізкія парканы. Круціліся елкі і шыльды, якія сьвяціліся ў прыцемках, усё больш густых і шматзначных. Яму пачулася нейкая музыка, толькі ягоная музыка, мэлёдыя на чатыры чвэрці, у якой было ўсё: і калыханка, і нейкі джаз, і местачковы блюз, і славянскі базар.

Сэканд Хэнд. Тавары з Еўропы.

Престиж. Магазин сантехники.

Зоомир.

Кафэ Лагуна.

Сэканд Хэнд. Престиж. Магазин сантехники. Зоомир. Кафэ Лагуна. На іншую перадачу, ды на газ. І яшчэ газу. Вясёлага газу, ад якога хочацца сьмяяцца і адпусьціць стырно. Сэканд, Кафэ, Зоомир, престиж, лагуна, сэканд. Сэканд мір, факінг сьвет. Як яна магла? Як яна магла кінуць яго тут, у той момант, калі патрэбная яму як ніколі? Калі ён хацеў пабыць адзін, яна заўжды была побач, як цень – не прагнаць. А цяпер…

На імгненьне яму здалося, што ў сьвятле фараў проста перад ім узьнік Лёччык, і бацька рэзка затармазіў. Але гэта быў нейкі падлетак, зусім п’яны, ён нешта крычаў… бацька асьцярожна аб’ехаў яго і выруліў на суседнюю вуліцу, прапусьціўшы перад сабой міліцэйскі ўазік. Яму захацелася напіцца. Як некалі. Так, каб час спыніўся, каб нічога ня памятаць.

Крадучыся, ён ехаў па вуліцы імя нейкага невядомага яму дзеяча, вуліцы, якая відавочна не заслугоўвала такога яркага асьвятленьня. Людзей амаль не было відаць, толькі на ганку рэстарацыі “Император Павел” стаяў натоўп, сукенкі жанчын блішчэлі ў сьвятле ліхтароў, ненатуральна белыя, зь нездаровым лікравым сьвячэньнем кашулі мужчын існавалі асобна ад нябачных у цемры штаноў, і здавалася, што каля жанчын кружляюць адны торсы, расшпіленыя на грудзях прывіды. З шырока адкрытага рота рэстарацыі даносіўся голас нейкага масавіка-зацейніка, гістэрычны голас, які чвякаў у калёнках і вылятаў на вуліцу, далёка ў двары невысокіх, на два паверхі, застылых у сутоньні дамоў.

Нечакана рухавік сказаў нешта і заціх. Машына паволі кацілася па вуліцы, і цяпер можна было нават разабраць галасы тых, хто баляваў у рэстарацыі. Бацька высунуў у акно твар. Адразу за рэстарацыяй быў будынак з надпісам “Гасцініца”, цёмны, з кропкай настольнай лямпы ў фае, і каля яго стаялі голыя фанерныя шчыты, аточаныя клюмбамі. У гэтыя клюмбы ён мякка ўткнуўся коламі – і машына спынілася.

Ён заплаціў зусім сьмешную суму – тым больш сьмешную, што грошай у яго заставалася хіба на тыдзень, ня больш. Трэба было ехаць за тым мікрааўтобусам, дагнаць яго, перахапіць – можа, яна абдумалася, можа, ужо шкадуе, што кінула яго тут. Але даверу да Каці ён больш не адчуваў – і да таго ж ня ведаў, у якім напрамку яна паехала. У сталіцу? Да бацькоў? А можа, у Вільню, да якой адсюль было рукой падаць?

Адміністратарка Гасьцініцы, жанчына Кацінага ўзросту, і сама нейкая пародыя на Кацю, пазяхнула і перасунула яму ключы – быццам зрабіла ход у нейкай настольнай гульні.

“Бумагу туалетную будете брать?”

Ён паглядзеў на адміністратарку з жахам.

“Я говорю, бумагу брать будете? В стоимость номера бумага не входит!”

“Не!” – ён замахаў рукамі. – “Не!” Выйшла занадта эмацыйна, але ён ня мог стрымацца. Яна паціснула плячыма.

“Тут ёсьць яшчэ… людзі?”

“Нет. Только москвичи, ваши соседи”.

Словы пра туалетную паперу ён адразу ж прыгадаў, калі адамкнуў расхістаны замок і ўключыў сьвятло. Цьмяная лямпачка асьвяціла панылы, цесны пакой, жоўты, як кветкі ў руках Маргарыты. За ружовымі фіранкамі чуліся вясёлыя галасы наведнікаў “Императора Павла”. Ля сьцяны стаяў ложак, па-салдацку засьцелены запранай, зацыраванай, сірочай бялізнай. На прасьціне цямнела вялікае кляймо турэмнага колеру зь нечытэльнай абрэвіятурай. Зашмальцаванае лякаванае дрэва ложка ўбога паблісквала і нагадвала пра тое, што добра спаць – значыць марнаваць працадні. На канцылярскім стале, па-майстэрску зробленым зь іншых канцылярскіх сталоў самага рознага ўзросту і колеру, стаяла ідэальна чыстая попельніца, у якой хацелася ўтапіцца. А з кута на бацьку глядзеў спадылба чорны тэлевізар. Хочаш, паваражу? – казаў ён. Уключы мяне, загадваў ён. Ты памрэш, абяцаў ён. Ты ўжо памёр, канстатаваў ён.

У пакоі пахла надзейна схаванымі шкарпэткамі, патрыятызмам і хлёркай. І ва ўсім гэтым быў дух такой галечы, такой непавагі і такой роспачы, што бацька нават ня стаў садзіцца – так і замёр, стоячы проста пад лямпачкай, у якой танчыў на сваіх вуглях яе стомлены раб, маленькі, танюсенькі залаты чалавечак. Нават лінолеўм пад нагамі адчуваць было непрыемна – ён ляжаў крыва і напаўзаў на прагнілы плінтус, як садраная насьпех шкура вялікай і хворай жывёліны.

Гасьцініца, каб паміраць. Усё тут гаварыла зь ім, пасьпешліва, навыперадкі, гаварыла пра ўбоства і асуджанасьць, пра тое, што нічога не атрымаецца, выйсьця няма і ня будзе. Гатэль для тых, хто вырашыў сысьці з жыцьця. Таму туалетная папера і “не ўваходзіць”. Нашто самагубцам папера? Можа, ім яшчэ сьметніцы паставіць, і вільготныя сурвэткі на стале пакінуць? Мёртвыя ня какаюць.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы