Такім чынам я прабавіў, без сумневаў, найпрыўкраснейшы вечар свайго жыцця. Мадам Лаланд не перабольшыла музычныя здольнасці сваіх сяброў; я пачуў спевы, выдатнейшых за якія не чуў нідзе, апроч хіба Вены. Выканаўцаў музыкі было шмат, і талент яны мелі неймаверны. Спявалі збольшага дамы, і кожная прынамсі добра. Нарэшце, калі пачулася патрабавальнае «Мадам Лаланд!», яна хутка паднялася, без какетлівых адмаўленняў, з шэзлонгу, на якім сядзела поруч са мной, і ў суправаджэнні аднаго ці двух джэнтльменаў і той самай сяброўкі з оперы рушыла да піяніна ў галоўнай гасцёўні. Я мусіў бы праводзіць яе, але адчуў, што, беручы да ўвагі тое, як я трапіў у дом, мне лепей заставацца ў цені, дзе я і заставаўся. Таму я быў пазбаўлены прыемнасці бачыць спявачку, але мог чуць яе.
Уражанне, якое яна зрабіла на слухачоў, было неверагодна моцным, на мяне ж яе спевы падзейнічалі з яшчэ большай сілай. Я не ведаю, як апісаць гэта належным чынам. Часткова эфект, вядома ж, быў выкліканы каханнем, якое перапаўняла мяне, але галоўным чынам тым, як чулліва спявала Эжэні. Гэта па-за магчымасцямі мастацтва — надаць арыі ці рэчытатыву большай жарснай выразнасці, чым гэта выйшла ў яе. Тое, як яна выканала раманс з «Атэла»*, інтанацыя, з якой яна праспявала «Sul mio sasso» [74
] з «Капулеці»*, дагэтуль гучыць у маёй памяці. Яе нізкі голас здзяйсняў цуды. Ён ахопліваў тры поўныя актавы, ад канральтавага «рэ» да верхняга «рэ» сапрана і, хоць быў дастаткова моцны, каб напоўніць Сан-Карла*, філігранна даваў рады ўсім вакальным складанасцям — узыходным і сыходным гамам, кадэнцыям і фіярытурам. У фінале «Самнамбулы»* яна вельмі эфектна праспявала:Наследуючы Малібран*, яна змяніла арыгінальнае лібрэта Беліні, узяўшы тэнаровае «соль», пасля чаго перакінула «соль» на дзве актавы ўверх.
Устаўшы ад піяніна пасля ўсіх гэтых вышыняў вакальнага майстэрства, яна зноў села поруч са мной; тады я ў самых узнёслых выразах выказаў ёй маю ўзнесенасць, маё захапленне канцэртам. Я не сказаў нічога пра сваё здзіўленне, і ўсё ж я быў вельмі і вельмі здзіўлены: пры звычайнай размове яе голас быў слабаватым і як бы крыху дрыжэў, што не дазваляла мне чакаць ад яе вялікіх вакальных здольнасцяў.
З гэтага моманту пацякла доўгая, шчырая, сур'ёзная і бесперапынная размова. Яна прымусіла мяне закрануць многія эпізоды майго ранняга дзяцінства; слухала яна з глыбачэзнай увагай, не прапускаючы ні слова. Я апавёў усё, адчуваючы, што гэта мой абавязак — апавесці ўсё, нічога не ўтойваць ад яе давяральнага спачування. Падбадзёраны яе ўласнай шчырасцю што да далікатнага пытання ўзросту, я з вартай пахвалы адкрытасцю спыніўся не толькі на сваіх кепскіх звычках, але пералічыў усе свае маральныя і нават фізічныя недахопы; такія прызнанні патрабуюць вялікай мужнасці, а таму ёсць найлепшым доказам кахання. Я згадаў свае студэнцкія гады — дзівацтвы, гулянкі, даўгі і інтрыжкі. Я зайшоў так далёка, што прызнаўся ў лёгачным кашлі, які пэўны час нязначна турбаваў мяне, у хранічным рэўматызме, у спадчыннай схільнасці да падагры і, нарэшце, у непрыемнай і нязручнай ніцавокасці, якую, тым не менш, дагэтуль мне ўдавалася ад усіх утойваць.
— Што да апошняга, — сказала мадам Лаланд, смеючыся, — вы дарма зрабілі такое прызнанне, бо без яго ніводная душа, клянуся, не западозрыла б вас. Дарэчы, — працягнула яна, — ці памятаеце вы, — і тут яна пачырванела так, што нават змрок пакоя не змог схаваць полымя яе шчок, — ці памятаеце вы, mon cher ami [76
], пра аптычную прыладу, якая вісіць вось тут, на маёй шыі?Гаворачы, яна круціла ў пальцах той самы двайны ларнет, які так збянтэжыў мяне ў оперы.
— О, я надта добра яе памятаю! — ускрыкнуў я, жарсна паціскаючы пяшчотную ручку, якая прапаноўвала мне ларнет. Гэта была складаная і раскошная цацка, багата дэкараваная разьбой, філігранню і каштоўнымі камянямі; нават у слабым асвятленні было бачна, наколькі высокай можа быць іх цана.
— Eh bien! mon ami [77
], — працягнула яна з некаторай настойлівасцю, якая мяне нават здзівіла. — Eh bien, mon ami, вы патрабуеце ад мяне дар, які самі называеце бясцэнным. Вы патрабуеце, каб заўтра я стала вашай жонкай. Калі я пайду насустрач вашым угаворам і, дадам, памкненням маёй душы, ці змагу я атрымаць права на маленькую, зусім маленькую паслугу з вашага боку?— Якую паслугу? — усклікнуў я з імпэтам, які амаль прыцягнуў да нас увагу кампаніі, наяўнасць якой толькі і ўстрымала мяне ад намеру кінуцца да яе ног. — Якую паслугу, мая каханая, мая Эжэні? Якую паслугу? Лічыце, яна ўжо выкананая!