Аднак зразумейце мяне правільна: гэтую надзвычайную, сур'ёзную і хваравітую ўвагу да нейкіх нікчэмных прадметаў не варта блытаць са схільнасцю заглыбляцца ў думкі, характэрную для ўсіх людзей і асабліва прыемную для асобаў з палкім уяўленнем. Яна не ёсць нават гэтай схільнасцю, даведзенай да паталогіі (як можа падацца на першы погляд), гэта — нешта ў аснове сваёй і ў найвышэйшай ступені іншае і непадобнае. Бывае, што летуценнік ці чалавек апантаны, захапіўшыся прадметам зусім не нікчэмным, незаўважна для сябе губляе яго з поля зроку, заглыбляючыся ў гушчар сілагізмаў і дапушчэнняў, на якія гэты прадмет яго навёў, пакуль пасля доўгіх развагаў, якім ён з асалодай аддаваўся, не заўважае, што першапрычына іх, або incitamentum [28
], цалкам забылася. У маім выпадку першапрычына заўсёды была нікчэмнай, аднак маё хваравітае бачанне пераламляла яе па-новаму і надавала ёй уяўную значнасць. Думак (калі яны ўзнікалі) было няшмат, аднак нават яны настойліва вярталі мяне да прадмета, які іх выклікаў, як да нейкага цэнтру. Развагі ніколі не былі прыемнымі, і калі здранцвенне заканчвалася, цікавасць да яго прычыны, якая зусім не гублялася з поля зроку, дасягала надзвычайных памераў, — гэта і было вызначальнай рысай маёй хваробы. Адным словам, сілу свайго розуму, як казалася вышэй, я марнаваў на засяроджанасць, летуценнік жа — на тэарэтызаванне.Кнігі, якія я чытаў у тыя часы, калі і не былі прычынай майго расстройства, то праз сваю фантастычнасць і нелагічнасць адыгралі ў яго развіцці значную ролю. Сярод іх я адразу згадваю трактат высакароднага італьянца Цэлія Секунда Курыёна* «De Ampliludine Beati Regni Dei» [29
], вялікі твор святога Аўгустына* «Пра горад Божы» і «De Carne Christi» [30]Тэртуліяна*, у якім парадаксальная сентэнцыя «Mortuus est Dei filius; credible est quia ineptum est: et sepultus resurrexit; certum est quia impossibile est» [31
] надоўга захапіла мяне і каштавала некалькіх тыдняў напружанай разумовай працы, якая не мела ніякага плёну.З гэтага бачна, што мой розум, узрушыць які магло толькі нешта трывіяльнае, зрабіўся падобным да тае акіянскае стромы, апісанай Пталямеем Гефестыёнам*, што нязменна вытрымлівала і прыступы чалавечага шаленства, і найжахлівейшае лютаванне хваляў і ветру — і толькі дотык кветкі асфадэля мог прымусіць яе ўздрыгнуць.
I хаця на першы, павярхоўны погляд магло падацца цалкам відавочным, што змены ў душэўным стане Берэнікі, якія адбыліся пад уплывам яе злашчаснае хваробы, даюць безліч нагодаў для паглыблення ў тое напружанае і анамальнае сузіранне, якое я з такімі цяжкасцямі паспрабаваў апісаць вышэй, гэтага насамрэч не здарылася. У моманты прасвятлення яе бяда прымушала мяне пакутаваць, і, узрушаны да глыбіні душы руйнаваннем яе чыстага і высакароднага жыцця, я не раз паглыбляўся ў горкія разважанні пра тыя надзвычайныя сілы, што так імкліва здзейснілі гэтае дзіўнае пераўтварэнне. Аднак адмысловы характар мае хваробы ніякім чынам не ўплываў на гэтыя думкі: яны не адрозніваліся б ад думак любога іншага чалавека, калі б ён трапіў у такія абставіны. Верны самому сабе, мой расстроены розум чапляўся за найменш істотныя, аднак найбольш незвычайныя змены ў выглядзе Берэнікі — за асобныя і самыя вусцішныя скажэнні яе чалавечай сутнасці.
У дні найвышэйшага росквіту яе незраўнанае прыгажосці я, відавочна, яе не кахаў. Падчас існавання ў гэтым ненармальным стане сэрца маё ніколі не ведала пачуццяў, а жарсці нараджаліся розумам. У шэрай смузе ранку, сярод лясных ценяў летняга поўдня ці ў начной цішыні бібліятэкі яна ўсплывала перад маімі вачыма не жывой і сапраўднай Берэнікай, а Берэнікай-мрояй, не зямным стварэннем, а яго вобразам, не жанчынай, якой можна захапляцца, а з'явай, якую неабходна аналізаваць, не аб'ектам закаханасці, а прадметам найглыбейшых, хаця і бязладных, развагаў. А цяпер... цяпер я заміраў у яе прысутнасці, палатнеў, калі яна набліжалася; усё яшчэ бядуючы праз яе змарнеласць і няўцешнасць, я згадаў, што калісьці яна мяне кахала, і ў нядобры час загаварыў пра заручыны.
Ужо набліжалася нашае вяселле, калі адным зімовым днём, нечакана цёплым, ціхім і туманным — адным з тых дзён, якія клічуць калыскай прыгажуні Галцыёны [32
], — я сядзеў (думаючы, што застаўся адзін) ва ўнутраным пакоі бібліятэкі. Аднак, падняўшы вочы, я ўбачыў перад сабой Берэніку.Ці маё ўсхваляванае ўяўленне, ці ўплыў туманнага дня, ці невыразны паўзмрок пакоя, ці, можа, шэрая сукенка, што складкамі спадала з яе фігуры, зрабілі абрыс яе цела такім хісткім і расплывістым... не ведаю. Яна нічога не казала, а я ні за што ў свеце не змог бы вымавіць ні слова. Мяне ахапіла ледзяное здранцвенне, сціснула невыноснае пачуццё страху, на некалькі імгненняў я знерухомеў і сцяў дыханне — мае вочы былі прыкаваныя да яе. Яна, о гора, была цалкам знясіленая, і ніводная лінія фігуры не гаварыла пра яе ранейшую. Мой пякучы погляд спыніўся на яе твары.