Але неўзабаве яснае неба гэтае прыязнасці пацямнела ад аблокаў, змрок, жах і гора ахапілі мяне. Дзіўна, дзіўна развівалася яна целам і розумам. Дзіўным, насамрэч дзіўным быў незвычайны рост яе цела, але жахлівымі, о, якімі жахлівымі былі неспакойныя думкі, якія апаноўвалі мяне, калі я думаў пра развіццё яе розуму! Ці магло быць іначай, калі я штодня бачыў у словах дзіцяці мысленне і здольнасці дарослае жанчыны, калі ўрокі дасведчанасці зыходзілі з вуснаў малое? Калі мудрасць і памкненні дарослай я чуў штогадзіну, дрыжучы ад яе позіркаў, у якіх свяцілася глыбіня розуму? Калі ўсё гэта стала відавочным для маіх агаломшаных пачуццяў, калі я не мог больш хаваць гэта ад свае душы і выкінуць гэта са сваіх думак, здагадкі, страшныя здагадкі з'явіліся ўва мне, і я ўспомніў неверагодныя аповеды і вар'яцкія тэорыі памерлае Марэлы. Я схаваў ад свету істоту, якую лёс прымусіў мяне любіць, і падарыў ёй строгую адзіноту свайго дому, назіраючы з пакутлівым неспакоем за ўсім, што датычыла яе.
Міналі гады, і дзень пры дні ўглядаўся я ў яе нявінны, спакойны твар, які так шмат казаў мне, і яе дарослае цела, дзень пры дні бачыў новыя рысы падабенства дзіцяці з яе памерлай маці, бачыў скруху і смерць. З кожнай гадзінай згушчаліся гэтыя цені падабенства, рабіліся ўсё больш рэзкімі, выразнымі, складанымі і жахлівымі. Усмешка рабілася падобнай да матчынай — я мог гэта вытрываць, але дрыжаў ад такое дасканалае тоеснасці; вочы былі падобныя да вачэй Марэлы — я мог гэта цярпець, але яны так часта зазіралі ў глыбіні мае душы з незразумелай уладнасцю. I абрысы высокага ілба, і пасмы ядвабных валасоў, і бледныя пальцы, якія іх перабіралі, і сумная меладычнасць словаў, і асабліва — о, асабліва словы мёртвай на вуснах любай і жывой хвалявалі і жахалі мяне, і тачылі, як чарвяк, які ніколі не памрэ.
Так мінула дзесяць гадоў, а мая дачка ўсё яшчэ не мела імя на гэтай зямлі. «Маё дзіця» і «мая любоў» — так называла яе бацькава пяшчота, а поўная самота яе існавання выключала ўсялякія дачыненні з іншымі. Імя Марэлы памерла разам з ёй. Я ніколі не размаўляў з дачкой пра маці, гэта было немагчыма. За кароткае сваё жыццё яна не мела ніякіх уражанняў ад вонкавага свету, апроч тых, якія дазвалялі вузкія межы яе адасобленага існавання. Але ўрэшце я згадаў пра хрышчэнне як пра магчымасць вызвалення ад жахаў, на якія асудзіў мяне кон. I нават ля купелі я вагаўся, не ведаючы, якое імя абраць. Мноства імёнаў — сімвалаў мудрасці і прыгажосці, імёнаў старажытных і нашых часоў, імёнаў маёй і чужых краінаў амаль сарвалася з маіх вуснаў разам з імёнамі — сімваламі высакароднасці, шчасця і дабрыні. Што прымусіла мяне патрывожыць памяць пахаванай? Які дэман змусіў мяне выдыхнуць гэтае слова, гук якога пагнаў маю кроў ад скроняў да сэрца? Якая пачвара прамаўляла з глыбіняў мае душы, калі ў цішыні ночы сярод крыжоў я прашаптаў святару «Марэла»? Хто ж, калі не сам д'ябал, сказіў рысы тварыка майго дзіцяці, надаўшы яму адценне смерці? Пачуўшы гэтыя гукі, яна ўзняла свае шкляныя вочы з зямлі ў неба і, апусціўшыся бязвольна на чорныя пліты нашага фамільнага склепа, адказала: «Я тут!»
З выразнасцю — халоднай, спакойнай выразнасцю зляцелі гэтыя простыя гукі з яе вуснаў — і нібы расплаўлены свінец з шыпеннем пацёк у маю галаву. Гады — гады могуць мінуць, але памяць пра гэта не знікне ніколі. Я не толькі забыўся на кветкі і віно, але цыкута і кіпарыс кідалі цень на дні мае і ночы. Я не мераў ні прасторы, ні часу, і зоры майго лёсу падалі з неба, і змрок накрыў зямлю, і хуткімі ценямі праходзілі міма мяне яе вобразы, сярод якіх я бачыў толькі адзін — Марэлу. Вятры шапталі мне адно слова, якое я мог чуць, і хвалі на моры мармыталі толькі адно — «Марэла»... Але яна памерла, і я сам аднёс яе ў склеп — і доўга горка смяяўся, не знайшоўшы ні следу першай там, куды паклаў другую — Марэлу.
...і змрок накрыў зямлю, і хуткімі ценямі праходзілі міма мяне яе вобразы, сярод якіх я бачыў толькі адзін — Марэлу. |
Падзенне Дому Ашэраў
Son coeur est un luth suspendu;
Sitôt qu'on le touche, il résonne.