— Больш эмацыйна, — як мог шчыра прамовіў я. — Амлет з курынай каўбасой — цікава. Маці, запечаная ў сваіх дзецях… — Што? — спуджана акругліла вочы Зіначка.
— Ды я смяюся, не палохайся, — супакоіў я і пашкадаваў пра сказанае. Не да месца такія дурныя жартачкі.
— Ну добра… Глядзі, Тамара нешта не ў гуморы.
— Нічога… Дзякуй, — я ўзяўся за ручку дзвярэй пракурорскага кабінета і прымусіў сябе яшчэ раз усміхнуцца і паабяцаць: — Амлет з’ем.
Пачуццё маёй залежнасці ад гэтай жанчыны выклікала супраціў. Бач, як хутка яна… Заўтра прынясе каву ў кабінет, дэманструючы свае правы на мяне. Трэба мякка прыпыніць гэты разгон уладарнай прагі.
Мая запланаваная сустрэча з ляўдоцкімі дачнікамі выклікала ў Тамары раздражненне:
— Што ты хочаш ад іх даведацца?
Ніяк не быў гатовы да такога пытання, да настрою пракурора. Здаецца ж, усё ідзе нармальна: месца забойства практычна вызначана, тое, чым была забіта Насця Грыцук, амаль вядома. Выклікаем на допыт Падлужнага як падазронага ў забойстве, націснем добра — усё раскажа. Не мог жа ён, калі і выціраў тыя зубы грабляў не спецыяльна, не заўважыць рудых плямаў крыві? І я павінен дакапацца да ісціны: з якога перапуду жанчына-лесбіянка вырашыла зацяжарыць і ўпотай ад усіх, акрамя гэтых дачнікаў, нарадзіць дзіця? І дзе яна яго нарадзіла? Дзе было дзіця гэты час? Што за Яшчур такі? Якая роля таго небаракі — паэта Дылько?
— Бо ён і быў бацькам, — безапеляцыйна адрэзала Тамара на мае разгубленыя пярэчанні. — І не прымай трызненне чалавека, якому заўтра пад бярозкі, за тэму для роздуму. Што табе яшчэ невядома? Уключы фантазію!
— Ну, няхай ён бацька… Але чаму ведаюць усе ў Ляўдку, усе чужыя, а не ведаюць калегі, таварышы па рабоце? Насця ж не магла не ведаць, у якія грошы, правільней, у якую згубу грошай абернецца для яе таемная цяжарнасць: на ўлік у час не стала.
— Значыць, так яна захацела. Можа, і не збіралася яна з ім жыць. Ды няважна…
— А адзенне яе? Хто сабраў яго ў пакет, калі нават дапусціць, што Насця і Андрэй Дылько займаліся на паляне пад дубам каханнем?
— Сама склала, — адмахнулася Тамара, быццам я спытаўся пра відавочнае. — Чаго ты на мяне дзівішся? Я ў маладосці любіла мужа сустрэць пасля работы голай. І Насця магла сустрэць так свайго Андрэя. Ноч, ніхто не бачыць, такое месца… Тым больш пра яе кажуць як пра ведзьму. Можа, і адна яна была, качалася па расе, падкацілася пад тыя граблі… Няшчасны выпадак.
— А сляды? Мы ж не пабачылі…
— Бо шукалі проста сляды, а не тыя, якія зацерлі.
— Хто зацёр? Ды мы так глядзелі!
Я пытаўся, як школьнік у настаўніка пра новую цалкам тэму. Я не разумеў, не мог ісці логікай пракурора.
— Той, хто нёс Насцю… А глядзелі дрэнна, — стомлена ўздыхнула Тамара і дастала цыгарэту.
Я замаўчаў, пераварваючы пачутае, пастараўся шчыра стаць на пазіцыю пракурора. Калі і сапраўды так?
— Тады… Тады Насцю мог несці ці Андрэй Дылько, ці Міхась Падлужны. Скажам, грымнулі граблі, забрахаў сабака — Падлужны выйшаў, пабачыў… А неслі да Зміцера, бо ці яна сама, яшчэ жывая, папрасіла, ці падумалі, ён, як вядзьмак, адно і дапаможа. Але памерла дарогай, не данеслі, то і кінулі на полі?
— Не іначай, — Тамара энергічна пастукала цыгарэтай аб край попельніцы. — Выклікай Падлужнага павесткай, але не запалохвай. Сам ён не мог забіць яе тымі граблямі. Не будзе ж яна голай ляжаць і чакаць, пакуль той нейкі рычаг адпусціць. Ды і прычыны няма. — Тамара яшчэ раз паглядзела на раздрукаваныя здымкі — агульны выгляд паляны, конныя граблі, зубы. — Так, эксперт толькі пацвердзіць, што гэтыя зубы і маглі пакінуць такія сляды. Сам бачыш, якая тут трава густая… Некалі мая бабуля казала, як па першай расе надта добра качацца, для здароўя карысна. Каб скура была свежай, не друзлай. І нейкія хваробы так лячылі. А на Купалле, каб ты знаў, яшчэ ў час маёй маладосці жанкі ў гадах качаліся, цішком ад моладзі і мужыкоў. Сама бачыла. Праўда, усяго з сябе не скідалі — ільняныя доўгія кашулі апраналі. Як у каго не было, дык па чарзе.
— Дык мне не ехаць заўтра на сустрэчу з гэтымі… аматарамі абрадаў?
— З’ездзі сабе, чаго ж не? — дазволіла раўнадушна Тамара. — Але машыны не дам — адпусціла, бо прасіўся Віктар, яму справы рабіць трэба свае. Дабярэшся неяк. Надта толькі не накручвай сябе. Бабы найчасцей робяць так, што мужчына ніколі са сваёй логікай не патлумачыць. Зрабіла
— і зрабіла. Бо так у той момант хацела. І шкадаваць не будзе ніколі, і тлумачыць не будзе, бо тлумачэння не бывае. Імпульс кароткі, настрой, ляйчына пад хвост… Так вось.
— Зразумела…