Я развітаўся і накіраваўся да дзвярэй. Зіначка ўжо сышла. Я зноў з прыкрасцю падумаў пра тое, што давядзецца ісці да яе. Так, ад ранішняй «сексуальнай заклапочанасці» не засталося і следу. Магчымыя любошчы ніяк не ўпісваліся ў мой настрой, гэта па-першае. Па-другое… Я вяртаўся нетаропкай хадой і думаў пра тое, што мяне зараз не чакае прыгатаваная вячэра, да якой я прывык за апошні тыдзень. І Надзея не чакае. Чакае Зіначка, але чакае, як сучка злучку, ёй трэба, яна возьме ад мяне тое, патрэбнае, і на гэтым усё… Ці яна думае мяне так прывабіць, каб застаўся з ёй жыць? Ну, не такая ўжо яна бязглуздая, каб спадзявацца, што я згаджуся стаць бацькам дваіх чужых дзяцей. Ды чорт іх ведае! Як там Тамара казала? Няма логікі. Ды Зіначка — лухта. І Надзея… Не, не лухта, але ж і на ёй жанчыны ў гэтым райцэнтры не закончыліся. Сама вінаватая: трэба было пачакаць. Ці хоць пакінуць слоўца якое, магла і элементарную эсэмэску адправіць. Хоць выбачыцца, бо ж не дачакалася, падманула. Бач, тэст я не прайшоў! Хіба я жывёла паддоследная?
Накручваў, стараўся раззлавацца, а падсвядома марыў: вось зараз Надзея будзе чакаць мяне ля сваіх веснічак. Мы ўсміхнёмся адно аднаму, павітаемся, яна спытаецца-ўпікне нязлосна, але з такім прыемным клопатам: «Зноў не абедаў?» — і я прамаўчу пра тое, што перакусілі з Тумарам яго тармазком. І быццам не было ўчарашняй ночы, яе нечаканага пытання, маёй ашалеласці. Мы разам павячэраем, яна будзе сядзець, як заўжды — нага за нагу, у сваіх звыклых шортах, а я буду есці і паглядаць на яе высока аголенае сцягно і не стрымаюся, як і раней, у нейкі момант спыню сваё жаванне, выцеру вусны, нахілюся і пацалую халаднаватую скуру, якая не мае для мяне ні паху, ні смаку, як вада, але ж і такая жаданая…
Надзея не стаяла ля веснічак — яна была ля ганку свайго дома, пра нешта размаўляла з мужчынам. А той павольна, паспяваючы адказваць, капаў яму якраз пад ганкам. Дзве палавінкі варот былі расчынены насцеж. Раптам выявілася, што й трымаліся яны добра толькі зачыненымі, калі былі разам, а цяпер, кожная паасобку, стаялі нахіленыя, ледзь не падалі, трымаючыся за слупы ржавымі скрыўленымі завесамі. У двары стаяў вялікі чорны аўтамабіль. Як кажуць тут, круты.
Я і так ішоў няспешна, а тут прыпыніўся, пацягнуўся ў кішэню па цыгарэты, хоць хвіліну таму выкінуў недакурак. Мяне апякло, твар запалаў, я не зразумеў пакуль, што адбылося, што я такое пабачыў. Быццам знянацку вось цяпер на вуліцы мне далі аплявуху. Пстрыкаў запальнічкай, напаўадвярнуўся, але бачыў, як Надзея знікла за дзвярыма і амаль адразу ж выйшла. З кубкам кавы. Мужчына спыніў сваю працу, узяў кубак, і яны прыселі разам на ганку, блізка-блізка адзін ля аднаго, кранаючыся плячыма. Больш за тое — Надзея прыпала да мужчыны даверліва, нават галаву схіліла, амаль паклала яе на мужчынскае плячо.
Я не мог прайсці міма, адвярнуўшы галаву: да іх было ўсяго нейкіх дзесяць крокаў. І я проста кіўнуў, як ківаюць знаёмым, не сябрам, а ўсяго толькі знаёмым, без усмешкі на твары, паказваючы гэтым маўклівым кіўком, што не маю ніякага жадання прыпыніцца і загаварыць, парушыць спакой чалавека. Простая выхаванасць, элементарная суседская ветлівасць. Яны кіўнулі мне ў адказ таксама моўчкі. Мужчына быў старэйшы за мяне. Гэта было заўважна.
Ну і добра, ну і добра… Стаяў пад струменямі душа, намыльваўся і змываў пахкую пену, зноў намыльваўся. Якая ж яна хуткая… Няўжо можна вось так: учора клала галаву на плячо мне, а сёння — іншаму? Як яны могуць так элементарна забывацца на ўсё? Ну і няхай…
Па пояс голы, у адных трусах, адкаркаваў бутэльку, наліў каньяку і выпіў, плюхнуўся ў крэсла. Ну і няхай! Яшчэ пабачым, ці так з табой было добра, як будзе сёння з Зіначкай…
І было прыкра. Да болю прыкра. Найбольш пякло за сябе, ранішняга, які ўяўляў сябе ў ложку, мнучы вялікія Зіначкіны грудзі і цалуючы іх смочкі. Маладушна спісваў той настрой на сваё пахмелле, на злосць. Дык жа і Надзея магла раззлавацца. Але каб вось так мне дэманстраваць… дэманстраваць мне сваю абыякавасць, нават сваю пагарду да мяне… Навошта яна так? Навошта яна зараз штурхае мяне да Зіначкі? Чаму яна не пачакала гэты дзень, усяго нейкіх дзесяць гадзін? Навошта яна так… адразу?
Выпіў яшчэ. Апрануўся ва ўсё свежае. Крадком выглянуў у акно — Надзея і мужчына сядзелі, як быццам прайшло не паўгадзіны, а хвіліна. Толькі пусты кубак стаяў на прыступцы ля мужчынскіх ног.
Я выйшаў, прымкнуў дзверы, не азіраючыся, не гледзячы ў іх бок, пайшоў, але патыліцай адчуваў: глядзяць яны, глядзяць! І перагаворваюцца. Вось жа не падалося, я чую нягучны мяккі смех Надзеі…
У кожнага ёсць выбар. Надзея выбрала. Я — таксама. Ніякіх прэтэнзій ні да кога. Як там паэт казаў: «Кожны выбірае па сабе».