Читаем Палескiя рабiнзоны полностью

Ніхто не скажа, якія з гэтых слоў дайшлі да свядомасці «чучала», але тон і агульны сэнс грознай прамовы, падмацаванай стрэламі, зрабілі ўражанне на ўсіх. Яхі ўстрывожыліся, замітусіліся, некаторыя схаваліся ў далейшых пячорах. А Светазар пачаў здымаць фізкультурку.

— Ідзі на двор і чакай ля машыны, — шапнуў ён сястры.

— А ты? — спытала яна трывожна.

— Ідзі, ідзі, не бойся.

Святлана адышла, але спынілася ля ўвахода і пачала сачыць, што будзе далей.

Светазар зняў сваю кашулю, падбег да агню і… накрыў яго! Агонь, вядома, зараз жа згас, а замест яго пачуліся сіпенне і смурод газу.

Калі яны садзіліся ў машыну, у пячоры былі стогн і енк, нібы хто засыпаў жывыя істоты ў зямлю…

На дварэ зрабілася яшчэ цямней. Да захаду сонца заставалася гадзіна ці паўтары.

— Куды цяпер? — спытала Святлана. — Дадому?

— Не, не, мы не маем права так пакідаць справы. Трэба спачатку навесці тут парадак. Будзем спяшацца.

Машына апынулася на тым баку даліны, ля першых пячор. Многія яхі пачулі выццё на тым баку і выйшлі са сваіх памяшканняў. Яны трывожна прыслухоўваліся, баючыся бяды, а выццё там яшчэ болей узмацнялася: удушлівы газ прымусіў яхаў пакінуць пячору.

— Што ж яны цяпер будуць рабіць? — прамовіў Светазар.

— Можа, нападуць на гэтых, каб адабраць пячоры? — боязна сказала Святлана.

— Ад гэтых разбойнікаў усяго можна чакаць, — згадзіўся Светазар. — Трэба хутчэй арганізаваць абарону.

Тым часам вакол іх сабраліся бадай усе жыхары гэтых пячор. На гэты раз яны набліжаліся да гасцей без страху, даверліва. Госці ўвайшлі ў бліжэйшую пячору, а за імі і ўсе суседзі.

— Пашукай тут кавалак сухога кактуса, — сказаў Светазар сястры, а сам запаліў запалку, каб пасвяціць.

Як ускрыкне ўвесь народ, як кінецца да выхада! Светазар засмяяўся і крыкнуў:

— Куды вы? Назад!

Трэба думаць, што праз перадатчык паняцце слова «назад» дайшло да іх. Яны павярнулі назад. Праз момант запалка скончылася, зрабілася цёмна. Яхі спакойна падышлі бліжэй. Але Светазар зноў запаліў запалку, і яны зноў шарахнуліся ўбок. Нарэшце Святлана падышла з кактусам. Яны абое расклалі маленькі касцёр. Яхі асцярожна адзін за адным сталі падыходзіць бліжэй і нарэшце ўселіся навакол на задніх лапах.

— Вельмі добра! — пахваліў Светазар. — Цяпер можна будзе весці практычныя заняткі з усімі вамі разам па ўсіх правілах навукі.

Нельга сказаць, каб поспехі былі лёгкія і хуткія. І на Марсе былі здольныя і няздольныя вучні. Трэба было вылучыць здольных і падрыхтаваць іх як мага хутчэй і лепей. То аднаго, то другога выклікаў настаўнік да агню і паказваў, як трэба з ім абыходзіцца. Іншыя яхі хутка сцямілі, што для агню патрэбна «ежа», і з усіх канцоў пачалі цягаць паліва.

Навучанне ішло па пэўнай праграме. Спачатку трэба было наогул прывыкнуць да агню, не баяцца яго, нават і пасля таго, як ён «укусіць». Тут праявіла значныя педагагічныя здольнасці Святлана. Яна знарок дакраналася да кастра, ускрыквала, войкала, смяялася і зноў совала руку, каб дакрануцца да паліва.

Наступнай ступенню было — навучыцца падтрымліваць агонь. З аднаго боку, трэба было паказаць, што нельга класці паліва многа, бо «ў вашай краіне паліва мала», як тлумачыў «настаўнік», а з другога боку, трэба было, каб яны добра ўсвядомілі, што самая галоўная справа — не спусціць агонь. Дзеля гэтага Светазар не пашкадаваў лішнюю запалку і дазволіў кастру згаснуць. Тады і тут пачалося тое самае, што ў пячоры Бао.

Пасля доўгай і лішняй прамовы, Светазар зноў запаліў касцёр.

Так працавалі, мусіць, гадзіны са дзве. На дварэ зрабілася зусім цёмна, патыхаў першы халадок, на тым баку даліны то заціхала, то ўзмацнялася выццё, а «вучні» нічога не заўважалі і не збіраліся разыходзіцца па «дамах».

Затое і поспехі былі нядрэнныя. Яхі адчувалі сябе ля агню так, нібы з маленства мелі з ім справу. Твары іх рабіліся ўсё весялейшымі і весялейшымі, пакуль не пачалі ўсміхацца.

— Вось так і трэба! — з задавальненнем сказалі настаўнікі.— Цяпер можна сказаць, што вы скончылі клас жывёльны і перайшлі ў клас чалавечы.

Нарэшце прыйшоў час, калі можна было прыступіць да трэцяй ступені навучання. Светазар устаў і ўрачыста пачаў:

— Дарагія таварышы! Цяпер мы падыходзім да самай важнай справы: нам трэба навучыцца абараняць сябе агнём. Вы павінны мець сваіх салдат, каб абараняцца ад Бао (ён паказаў рукой на ўваход). Чуеце, як яны там выюць? Калі яны ўбачаць агонь, то, напэўна, прыйдуць сюды, каб адабраць яго, а вас выгнаць.

Светазар добра разумеў, што ад яго прамовы мала што дойдзе да слухачоў. Таму ён дзейнічаў, як на сцэне. Ен паказваў, як увойдзе Бао са сваімі слугамі, як ён схопіць з кастра галавешку, як пачне выганяць адсюль іх усіх. Для нагляднасці Светазар выбраў аднаго з слухачоў і пачаў тыцкаць яго галавешкай. Нават прысмаліў яго трохі, небарака закрычаў і куляй вылецеў з пячоры.

Святлана звонка засмяялася, смяяўся і Светазар, але публіка не смяялася: яны баяліся, што і іх усіх гэткім чынам выганяць.

Тады Святлана прапанавала другі метадычны прыём:

— Яны, здаецца, не зразумелі цябе. Яны падумалі, што ты збіраешся ім зрабіць шкоду. Паштурхай тады мяне.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Наследник
Наследник

Ты всего лишь обычный человек? Твоя жизнь тиха, размеренна и предсказуема? Твой мир заключен в треугольнике дом-работа-тусовка?Что ж, взгляд на привычное мироустройство придется немедленно и резко пересмотреть благодаря удивительному наследству, полученному от дальней родственницы, жившей одновременно в XX и IX веках и владевшей секретом удивительных дорог, связывающих эпохи древности и день настоящий.Новый роман А. Мартьянова – классический образец «городской фантастики», где читатель встретится со своими современниками, знаменитыми историческими персонажами, загадочными и опасными существами и осознает важнейшую истину: прошлое куда ближе, чем всем нам кажется.Получи свое наследство!

Андрей Леонидович Мартьянов , Андрей Мартьянов , Илья Файнзильберг , Н Шитова , С. Захарова , Юрий Борисович Андреев

Фантастика / Приключения / Приключения / Исторические приключения / Альтернативная история / Попаданцы