– Добра. Не падабаецца, вось яшчэ варыянт, – Буян відавочна заставаўся адзіным чалавекам у кампаніі, які ня страціў аптымізму і здольнасьці мысьліць. – Загрыміруем яго пад індыйскага пашу. Абматаем шалом ручнікамі і паўлінавае пяро зьверху прысабачым. А яшчэ можна пад папа касіць. Чорны балахон і такі піражок высокі зьверху.
– Ну-ка, ну-ка! Гэта ўжо цяплей, – ажывіўся Хведар. – Пад папа – гэта цікава!
– Так, так, я неяк на Вялікдзень па тэлевізары бачыў. Стаіць поп, а на галаве ў яго такая высокая залатая шапка ў выглядзе звона!
– Ведаю я гэтую шапку. Толькі ў Бэрліне мы яе хрэн дастанем. А вось калі што-небудзь папрасьцей… – Хведар устаў, падышоў да кніжнай паліцы і, пакорпаўшыся, выцягнуў альбом старых фотаздымкаў. Пагартаўшы, адкрыў на патрэбнай старонцы й тыцнуў пальцам:
– Вось, такі поп падыдзе, шапка ў яго цыліндрычная: гэткую мы й самі змайстраваць можам. А галоўнае, – працягнуў ён, – праўдападобна, някідка: не тэўтонскі рыцар, не мітрапаліт, не індыйскі паша, а проста поп – едзе сабе па Бэрліне. Так, для кансьпірацыі гэта лепш за ўсё падыходзіць. Адна праблема – часу ў нас мала. Папраўдзе, табе заўтра ўжо трэба выбірацца з гораду. Няма калі сур’ёзныя дэкарацыі будаваць.
Андрэ моўчкі слухаў, ня надта ўнікаючы ў пляны ўцёкаў. Цяпер яго займала толькі адзінае пытаньне – жывы ці не гэты чортаў прыдурак. Нарэшце ён далучыўся да гутаркі:
– Час адправіць Інгрыд на тэлефон. Няхай даведаецца, чым усё скончылася.
Забясьпечыўшы дзяўчыну манэтамі, канцэсіянэры адправілі яе на празвон у тэлефонную будку блізу Хаакішэ Маркет, а самі засталіся чакаць кепскіх альбо зусім кепскіх навінаў.
– Табе ўжо сёньня начаваць у Тахелесе небясьпечна, – сказаў Хведар, зачыніўшы дзьверы за Інгрыд. – За гэтыя дні ты гэтак засьвяціўся на Араніенбургер, што, калі захочуць, – умомант вылічаць. Тэарэтычна могуць наведацца ў любую хвіліну.
Памаўчаўшы крыху, дадаў:
– Я паразмаўляю з мэксыканцам, каб ты сёньня спаў у яго. А мы, – Хведар паглядзеў на Буяна, – калі ён сыдзе, перагародзім дзьверы шафай… Трухлявая яна зусім. Трэба чымсьці ўзмацніць.
– А ты, – есаул зірнуў на Андрэ, – калі пачуеш уначы шум, падымай на вушы ўвесь Тахелес. Бяжы па майстэрнях і крычы, што вайна пачалася – фашысты напалі! Хапайце кал
Ён разьліў па шклянках «Фінляндыю», узьняўся, па-гусарску адвёў у бок локаць і выдыхнуў:
– Ну! За перамогу! За Радзіму! Плі! Занюхаўшы сушынай, Хведар памаўчаў крыху, паглядзеў кудысьці ўдалеч і задуменна сказаў:
– Жывым я гэтым гадам ня дамся! Калі што, у мяне для іх сюрпрыз ёсьць.
Ён падняўся, пайшоў у дальні кут майстэрні, завалены скрынкамі і ўсякай старызнай, пашумеў, пагрукатаў мядзянымі тазамі і выцягнуў з патаемнага месца скрутак. Паклаў яго на стол і, разгарнуўшы, сказаў:
– Вось! На рынку калісьці купіў. Разам з сямісьвечнікам. На ўсялякі выпадак.
На стале ў скамечанай пажоўклай газэце ляжала старая нямецкая супрацьпяхотная граната.
У Буяна ад нечаканасьці аж мову адняло. Да яго нарэшце дайшло, што справа набывае зусім не жартоўны выгляд. У любы момант можа пачацца ня цацачная, а самая сапраўдная вайна. І магчыма, у гэтыя ж хвіліны, пакуль яны сядзяць за сталом, страшны голенагаловы агрэсар са свастыкамі ў вачох ужо падымаецца па сходах – сюды, на чацьвёрты паверх Тахелесу. Ён паглядзеў на дзьверы і крыху здушаным голасам вымавіў:
– Бррр, аднак. Можа, проста зараз дзьверы забарыкадуем?
– Не панікуй! Так хутка нас ня вылічаць. Дачакаемся Інгрыд. Добра, давайце яшчэ па пяцьдзясят, і пачнем папоўскую мантыю майстраваць!
Хведар, расставіўшы тры шклянкі вакол гранаты, узяў у рукі цяжкую «Фінляндыю».
– А можа, тры?
– Што тры?
– Тры папоўскія мантыі? – Буян відавочна пачынаў упадаць у ціхую паніку. – І, дарэчы, трэба сямісьвечнік са стала прыбраць. Гэта ім вельмі не спадабаецца!
– Ха-ха-ха! Файны будзе загаловак для «Тагесшпігеля»: Вайна гангаў! Тры папы загінулі сьмерцю герояў у перастрэлцы з нэафашыстамі на Араніенбургерштрасэ!
– Ня сцы! – дадаў есаул. – А сямісьвечнік нельга прыбіраць: гэта прылада для бою! Ведаеш, як добра храснуць ім якога-небудзь нацыянал-сацыяліста па фізіі?
Хведар узьняўся і пайшоў да паліцаў.
– Дзесьці ў мяне цудоооўны кавалак чорнай матэрыі быў… Дарэчы, да рызы табе яшчэ барада спатрэбіцца. А вось барады я ня маю. Давядзецца заўтра, калі дажывём, ха-ха-ха, – ён паглядзеў на Буяна, – схадзіць дакупіць. Праўда, прыстойнай барады ў Бэрліне ня знойдзеш, але якую-небудзь ватовую на гумках, як у Дзеда Мароза, можна.
– Пачакай, – раптам спыніў яго Андрэ, – ня будзем папоўскай рызы майстраваць, трэба дастаць паранджу.
– Ооо! Сапраўды! Геніяльна!!! Як гэта я не дадумаўся! На храна нам тут цемрашальства разводзіць? Папоўства зараз ня ў модзе! А вось паранджа – стылёва, сучасна, актуальна!
– А я на ўсялякі выпадак усё-ткі тры паранджы здабыў бы!
– Буян, не нагнятай! І што? Андрэ ўкаціць на ўсход, а мы будзем з табой, як два педзікі, у паранджах па Бэрліне валэндацца? Ды й не баюся я гэтай зьвярынай гадзіны! Няхай яна ад мяне пад паранджой хаваецца!