Парадкам пакамечаны жыцьцём мужык, які відавочна зьбіраўся стрэльнуць крыху драбязы, разьвярнуўся і, мармычучы нешта пра фашысцкую гадзіну, паплёўся прочкі. За шмат гадоў Андрэ добра вывучыў норавы бяздомных на варшаўскім вакзале. Раней, па дабрыні душэўнай, ён падаваў ім. Аднак, ахвяраваўшы адному, ён заўважаў, што праз хвіліну падыходзіць другі, затым трэці і гэтак незаўважна за паўгадзіны раставала дзясятка злотых. Вырашыўшы, што гэта занадта, ён стаў падаваць толькі першым двум, што прасілі. Але потым, падумаўшы, дзеля сацыяльнай роўнасьці й справядлівасьці ўвогуле перастаў падаваць. Цяпер, калі ён бачыў перад сабой папрашайку, то апярэджваў яго сьлязьлівую прамову і адразу казаў рашучае «не!».
«Сволачы! Псуюць мізансцэну! Пасьля доўгага расстаньня не даюць спакойна надыхацца паветрам Рэчы Паспалітай! – раздражнёна падумаў Андрэ. – Ну вось, яшчэ адзін!»
– Ідзь да дупы!
– А можа..
– Не!
– Папяросу?
– Ну, добра, папяросу можна! – ён працягнуў бяздомнаму цыгарэту. – «Не, адназначна, трэба хутчэй звальваць адсюль. Гэтыя жабракі, мусіць, думаюць, што я нейкі прынц Шлезьвіг-Гальштайнскі. Прыбыў у Варшаву, каб наведаць каралеўскі замак ды паглядзець на партрэты продкаў». Кінуўшы бычок у сьметніцу, ён закінуў на сьпіну заплечнік і паплёўся ў бок трамвайнага прыпынку. Праехаўшы хвілін сем дзевятнаццатым нумарам, ён выйшаў і накіраваўся да майстэрні Яцка.
Дамафон на ганку адгукнуўся адразу. Нехта наверсе націснуў кнопку, не пытаючы: хто там?
«Гэта добра, – падумаў Андрэ, – гаспадар дома». Ён падняўся на мансардны паверх і яшчэ раз пазваніў. У майстэрні было шумна, чуліся музыка і галасы. Дзьверы доўга не адчынялі. Нарэшце маладая сымпатычная дзяўчына адкрыла і, зусім не зьдзівіўшыся, сказала:
– Дарма звоніце, тут не зачынена. Заходзьце!
– Вечар добры! Яцэк дома?
– Так, ён заняты гасьцямі. Зараз яго паклічу!
Андрэ ўвайшоў у пакойчык, спрэс застаўлены вялізарнымі палотнамі і такімі ж велізарнымі, але пакуль пустымі падрамнікамі. Яцэк, як сапраўдны вялікі мастак, аддаваў перавагу жывапісу буйных фарматаў. Яго палотны несьлі экспрэсію, дзікасьць, неўтаймаваную моц, пасіянарную энэргію, якой так бракавала Буяну зь яго дэкадэнцкімі мандавошкамі. Праўда, апошнімі гадамі Яцэк, паддаўшыся модзе, маляваў у асноўным эратычныя сцэны – голых баб, мужыкоў, што трахаюць адно аднаго: сэкс у трамваі, у лесе, на пляжы. Але выглядала гэта няпошла, без ружова-малочнай сьлінявасьці. Ягоныя трахальшчыкі поўніліся плоцьцю, разьляталіся ў экстазе, кідалі выклік, нібыта крычалі гледачу: хочаш сэксу ў мастацтве? – На! Атрымай! Нажарыся гэтым месівам эўфарыі, аргазмам фарбаў, шалёным савакупленьнем колераў, формаў, лініяў!
– Ооо! Анджэй! Ня ведаю, якім ветрам цябе занесла, але галоўнае – вельмі своечасова!
– Прывітаньне, даражэнькі! Я тут праездам, усяго на адну ноч. Можна ў цябе сёньня застацца?
– Ясна! Здымай паліто, праходзь! Капялюшык таксама можаш зьняць! Ня бойся, вушы не застудзіш! У мяне тут добра топяць.
– Гэты капялюшык – мой мір! Здымаецца толькі разам з галавою!
– Ну, як хочаш! Але не пратыкні сваім мірам тут што-небудзь. А то ведаеш, мае карціны зараз добра каштуюць, – аджартаваўся Яцэк і пацягнуў госьця ў вялікі пакой.
– Ты не ўяўляеш, якая важная цётка ў мяне сёньня, – працягваў ён. – Вельмі крутая куратарша! Езьдзіць акурат па Эўропе, адбірае мастакоў для наступнай Маніфэсты. Зь ёй яшчэ дзьве дзяўчыны, але калібрам паменей. Я вечарыну адмыслова для іх зладзіў. Табе абавязкова трэба зь імі пазнаёміцца!
Майстэрню Яцэк меў даволі прасторную, але з такой колькасьцю народу вялікая заля выглядала нашмат меншай.
– Што будзеш піць? – гаспадар падвёў Андрэ да стала з мноствам штофаў разнастайных кшталтаў, памераў, колераў і цэтлікаў.
– А крупнік ёсьць?
– А то! З таго часу, як ты падсадзіў мяне на гэтую старарэжымную заразу, ён заўсёды ў маім бары! Добра, баўся! Перакулі кілішак, а я пакуль займуся гасьцямі!
Андрэ знайшоў на стале добра знаёмую квадратную бутэльку і наліў сабе паўшклянкі. Ён заўважыў яго выпадкова, гадоў пятнаццаць таму на прылаўку маленькай крамы ў прадмесьці Варшавы. Гэта быў старалітоўскі крупнік, моцная і смачная, настоеная на мёдзе гарэлка – напой, калісьці папулярны за Бугам, ва ўсходняй частцы Рэчы Паспалітай. Пазьней там на яго рэцэптуру забыліся, не перасталі яго вырабляць толькі ў Польшчы. І кожнага разу, калі Андрэ вяртаўся на каронныя землі, з усіх напояў ён аддаваў перавагу менавіта крупніку. Кожны яго глыток здаваўся яму прывітаньнем з таго салодкага часу, калі іх краіна магутнела і цягнулася ад мора да мора, а ў гарадах, замках і мястэчках квітнеў смачны, як мёд, залаты век сармацкай культуры.
Прышпорыўшы каня двума вялікімі глыткамі сармацкай культуры, Андрэ паскакаў па пакоі вачыма, разглядаючы гасьцей, якія ў ім знаходзіліся. Некалькі чалавек падаліся яму знаёмымі. Мабыць, раней яны сустракаліся на нейкіх вэрнісажах. Важных цётак ён таксама адразу прыкмеціў.