– Малады чалавек! Яшчэ раз паўтараю! Здыміце галаўны ўбор!
– Я… я… не магу гэтага зрабіць! – Андрэ захваляваўся, прысунуўся ўпрытул да акенца і таямнічым голасам прамовіў: – Разумееце, у мяне тамака дзірка, то бок, адкрытая рана. Я перанёс сур’ёзную душэўную… гм… траўму. Гэты шалом – адзінае маё выратаваньне. Калі я здыму яго, рана адкрыецца, і яшчэ невядома, што пачнецца. Я вас вельмі прашу! Ня трэба здымаць!
Чалавек у будцы зноў зьдзіўлена паглядзеў на Андрэ. Некалькі імгненьняў ён нешта абдумваў, а затым вынес прысуд:
– Добра! Толькі ссуньце яго крыху назад!
Ён яшчэ раз акінуў дзівака поглядам, пагартаў пашпарт, нарэшце пляснуў у яго штэмпэль, і прамовіў:
– Праходзьце!
«Фу! Шайзэ! Фэрдамт! Я быў на мяжы правалу! – думкі завіравалі ў галаве Андрэ, як толькі ён адышоў ад акенца. – Як нечакана і проста ўсё магло скончыцца! Ідыёт! Трэба было ўсё ж ехаць прамым цягніком з Варшавы да Менску. Там такой сытуацыі здарыцца не магло. Яны б, як звычайна, пакорпаліся ў матрацы, пашукалі кітайца, а на шалом бы нават не зірнулі! Крэтын! А калі б зірнулі? А раптам кітаец хаваецца ў цябе ў галаве? То бок, пад шаломам? Так, так, так! Як гэта я не падумаў? Канечне, ён мог туды залезьці, гэты шкадлівы маленькі кітаец са сваёй недарагой аднаразовай бомбай! Чорт! Так, гэта было б вялікай рызыкай – ехаць цягніком! Але ж як інакш? Аўтобус? Самалёт? Тое самае! Адзіны бясьпечны варыянт – пераплысьці Буг! Нелегальна! Ха, ха! А калі б злавілі? Вось бы ўзрадаваліся! Ня нейкага там дробнага кітаёзу, а сапраўднага, буйнагабарытнага кайзэрскага шпега! Ну і ну! Добры выйшаў бы скандал! Зьвінавацілі б немцаў, маўляў, яны па-ранейшаму засылаюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь сваіх шпіёнаў! Па тэлевізары паказалі б буйным плянам і абавязкова ў прускім шаломе, ды яшчэ і пракамэнтавалі б! Паглядзіце, маўляў, да якіх вышыняў дайшло мастацтва шпіянажу. Пашпарт як сапраўдны! Не адрозьніш. Размаўляе на чысьцюткай беларускай мове, без аніякага акцэнту! Ды ў дадатак так здолелі загрыміраваць, што родная жонка ня можа адрозьніць ад зьніклага бязь весткі ў Нямеччыне больш за месяц таму Андрэя Міхайлавіча Н.».
Андрэ перайшоў у прасторную мытную залю, куды пасьля пашпартнага кантролю плаўна перацякалі людзі з клятчастымі торбамі. Там за некалькімі сталамі дзелавіта працавалі цікаўныя мужычкі ў бялёса-блакітных мундзірах. Яны прасілі чарговага грамадзяніна альбо грамадзянку адкрыць носкі, зазіралі ў іх, нешта там мацалі, перакідаліся з дагляданым дзьвюма-трыма фразамі ды запрашалі наступнага. Расслабіўшыся пасьля першага стрэсу, Андрэ ўладкаваўся ў хвост чаргі да аднаго са столікаў і стаў пакорліва чакаць дагляду.
«Шайзэ! – нечакана разанула новая трывожная думка. – Алес на хрэн капут! Нічога ж яшчэ ня скончылася! А калі яны запатрабуюць зьняць шалом? Раптам я схаваў пад ім кіляграм какаіну? Ну не! Крэтынізм! Глупства! Такая ідэя ў іхні копф ня прыйдзе! Які прыдурак будзе гэтак нахабна перавозіць какаін у сябе ў галаве, хаваючы яго ў настолькі заўважным прадмеце? Гэта яшчэ горш, чым пакласьці кокс пад капялюш! Ну, гуд. Не какаін, дык лішні кіляграм каўбасы. Колькі цяпер можна ўвозіць – пяць? А раптам шосты я пад шалом паклаў? Ну не, усё ж ты ідыёт! Я бы лішні кіляграм у порткі засунуў. Якая да д’ябла розьніца, куды? Калі ім проста захочацца паглядзець, што там у цябе ў галаве пад шаломам хаваецца!»
– Дэкляраваць будзеце?
– Што дэкляраваць? – Андрэ застыў перад пустым сталом. Зь іншага боку стаяў мытнік і зь цікаўнасьцю глядзеў на шалом.
– Прадмет, які знаходзіцца ў вас на галаве.
– Пачакайце, пачакайце, там няма ніякага прадмета! Вось, зірніце, – Андрэ адкрыў заплечнік, – тут няма ніводнага кіляграму каўбасы! Дык навошта мне хаваць яе там?
– Ну як жа, а гэтая каска? Відаць па ўсім, рэч дарагая.
– Ах, каска! А што, яе трэба дэкляраваць?
– Я дакладна ня ведаю. У маёй практыцы яшчэ не было такога прэцэдэнту. Але я раіў бы вам на ўсялякі выпадак задэкляраваць. Усё ж рэч эксклюзіўная. Хаця, дайце-ка яе сюды. Пайду запытаюся ў начальніка зьмены.
– Прабачце, я не магу вам яе даць, – Андрэ адчуў, як ліпкі нэрвовы пот ізноў праступіў на скронях пад шаломам.
– Гэта чаму?
– Ну, разумееце… як вам растлумачыць… Мне рэлігія не дазваляе, – Андрэ крыху сьцішыўся, азірнуўся і напаўголасу, каб ня чулі віетнамцы наўкола, вымавіў:
– Сёньня панядзелак, а мы маем права здымаць шалом толькі ў суботу, усе астатнія дні мы абавязаныя насіць яго на галаве. Вы, мусіць, чулі альбо чыталі ў газэтах пра таталітарныя сэкты. У нашай вельмі строгія парадкі. Калі ласка! Ці нельга начальніка зьмены запрасіць сюды?
Хлопец у блакітным строі спачувальна зірнуў на Андрэ і, прамармытаўшы нешта пра тое, што кожны зьяжджае з глузду па-свойму, рушыў па начальніка.
– Вось, Сямён Іванавіч, паглядзіце, – праз хвіліну ўжо два джэнтэльмэны ў мундзірах мытнікаў стаялі перад Андрэ, у чатыры вокі вывучаючы тое, што знаходзілася на ягонай галаве. – Таварыш з таталітарнай сэкты. А на ім прадмет культу. Ён мае права здымаць яго толькі па суботах. Дык грамадзянін цікавіцца, ці трэба гэты прадмет дэкляраваць?