– Цішэй! Цішэй! Што ж вы на ўвесь вакзал крычыце? Гэта не таталітарная сэкта, а Царква Ўзьнясеньня Шостага Дня. Таталітарнай яе толькі ў тэлевізары абзываюць! Але гэта няпраўда! – Андрэ азірнуўся па бакох. Людзі ў мундзірах за суседнімі столікамі прыпынілі дагляд клятчастых цюкоў і зь цікаўнасьцю вылупіліся на яго. Грамадзяне зь віетнамскімі торбамі, атрымаўшы нечаканы перадых, растапырылі вушы шырэй, таксама прыслухоўваючыся да размовы.
– Мы верым у адзінага Бога і молімся за збавеньне сусьвету на Страшным Судзе, які хутка адбудзецца. Канец сьвету здарыцца на шосты дзень. Але калі вы пакаецеся ў грахох сваіх, надзенеце вось такі шалом і прыйдзеце да нас, то ўратуецеся!
– Добра, добра, тут вам не багадзельня – казані чытаць, – спыніў Андрэ Сямён Іванавіч, – лепш адкажыце, ці даўно вы ўступілі ў гэтую таталітар… альбо як яе там, шостага дня сэкту?
– Не, нядаўна. А што?
– На захадзе, мабыць, завэрбавалі?
– Ну, ведаеце, я б папрасіў цэтлікі не навешваць!
– Грамадзянін, не нэрвуйцеся! Я проста спрабую вам дапамагчы!
– Ну, дапусьцім, на захадзе! Хто ж вам у Беларусі такі шалом выдасьць?
– Зразумела, я так і думаў! Уся зараза да нас з захаду паўзе!
– Ну, ведаеце! Я, у рэшце рэшт, грамадзянін…
– Пачакайце, грамадзянін, – перабіў Сямён Іванавіч, – лепш скажыце, вы ўпершыню ўяжджаеце на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у гэтым шаломе?
– Ну, увогуле так. А што?
– Я так і думаў, толькі што завэрбавалі. А тое, што гэта быў першы і апошні раз! З гэтым шаломам вы больш ня зможаце пакінуць тэрыторыі Рэспублікі Беларусь!
– Чаму гэта я не змагу пакінуць тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з маім шаломам? – Андрэ пачынаў прыходзіць у ціхае абурэньне.
– Таму што паводле закону прадметы даўніны й мастацтва паходжаньнем
Наступіла глыбокая цішыня. Андрэ ліхаманкава спрабаваў асэнсаваць тое, што цяпер паведаміў яму Сямён Іванавіч.
– Пачакайце, пачакайце, паважаны! Што ж выходзіць? Я цяпер уяжджаю ў краіну і ніколі больш не змагу пакінуць яе?
– Ну чаму ніколі? Здыміце шалом і паедзеце на зьлёт вашай сэкты! А калі ня можаце, то тады няхай яны да вас! Ха-ха-ха! Праўда, назад у шаломах мы іх таксама ня выпусьцім, але, зрэшты, могуць пакінуць у вас на захоўваньне да наступнага прыезду. – Сямён Іванавіч быў відавочна задаволены сваім адказам. Ня кожны дзень яму выпадала ўдача асадзіць такога нахабнага сэктанта, што прэцца з захаду празь мяжу ледзь не на белым кані, ды яшчэ ў тэўтонскіх дасьпехах. Аднак, заўважыўшы непадробны жах на твары Андрэ, ён крыху памягчэў і дадаў:
– А дэклярацыю на прадмет культу ўсё ж раю запоўніць. Ці мала калі і дзе яна вам спатрэбіцца. Раптам вас міліцыянэр на вуліцы спыніць, западозрыўшы, што вы шалом з музэю скралі?
Сямён Іванавіч з важным выглядам разьвярнуўся і хацеў быў ужо сыходзіць, але нешта яго спыніла. Ён зноў зірнуў на Андрэ і нечакана сказаў:
– А ну зірнему, што там у гэтага служыцеля культу яшчэ прыхавана!
Андрэ, агаломшаны весткай, што цяпер ніколі ня зможа пакінуць прасторы радзімы, пачаў з асуджаным выглядам выцягваць з заплечніка іншыя рэчы.
– О! А гэта што? – Сямён Іванавіч трымаў у руках паранджу.
– Аа… гэта? Паранджа для маёй жонкі!
– Яна ў вас што, мусульманка?
– Ды не! Я ж вам казаў, у нашай сэкце вельмі строгія парадкі! Жонкі не павінны выходзіць на вуліцу без паранджы!
– А яна, у сэнсе, жонка, пра гэта ўжо ведае?
– Шчыра кажучы, пакуль не! Я яшчэ не пасьпеў паведаміць ёй, што прыняў абрад.
– Ха-ха-ха! – Сямён Іванавіч зусім павесялеў. – Вось, мусіць, узрадуецца! Але – увогуле ў гэтым пытаньні я вас падтрымліваю. Правільна! А то ўшчэнт распусьціліся, далей няма куды! А гэта што за палена?
– Адмысловая насадка на шалом. А то, разумееце, калі ў легкавую машыну саджуся, абіўку шпілем псую. Таксама пажадана пад час сэксуальнага акту выкарыстоўваць. А то незнарок можна дзірку ў шафе альбо перагародку да суседзяў прабіць! У нас, ведаеце, кватэрка маленькая, і сьценкі ў ёй тонкія.
– Ааа… Так, карысная штука! А гэта што? – Сямён Іванавіч са зьдзіўленьнем разглядаў цешчын бот.
– Як што! Вы ж бачыце! Бот!
– А другі дзе?
– Навошта мне другі? Мая цешча ўсё адно аднаногая! Яе пару гадоў таму трамвай пераехаў.
– Вай, няшчасьце якое! А маю цешчу ні адна бля… вой, прабачце, пераехаць ня можа! Як жа вы купілі бот бяз пары?
– Элемэнтарна! Знайшоў у Бэрліне сымэтрычную старую і прапанаваў ёй купіць адну пару на дваіх. Вялікая, ведаеце, эканомія!
– Так, аднаногім з абуткам прасьцей. Ну добра! Пакуйце свае манаткі і шчасьлівай дарогі! Толькі дэклярацыю не забудзьцеся запоўніць! А жонцы прывітаньне перадавайце! Скажыце, Сямён Іванавіч такую строгасьць ухваляе!