– Гэта выглядала жудасна! Толькі таму, што хрысьціянства памерла, яно цяпер нагэтулькі гуманнае! Інквізыцыя даўно б мяне ўкрыжавала! Алтар увасабляў спарахненьне матэрыі. Ён быццам складаўся з мноства жоўтых чарвячкоў, што кішэлі ў расьпяцьці, і жэрлі, жэрлі, жэрлі цела таго, хто вісеў на ім! Яны былі паўсюль – абвівалі сваімі залатымі цельцамі анёлаў, калёны, барочныя карнізы! Брыдкае відовішча! Адзінае, чаго бракавала, – плойма чорных мух, якія мусілі кружыць над усім, ствараючы поўную ілюзію распаду!
Андрэ стала гідка ад гэтай карціны. Каб зьняць пачуцьцё ванітаў, што падступілі да горла, ён зрабіў дужы глыток квінтэсэнцыі сармацкай культуры і зірнуў на галоўную фэю. Тая ўжо зь непрытоенай цікаўнасьцю глядзела на яго.
– А чым вы зараз займаецеся?
– Нічым!
– Я маю на ўвазе, якія праекты рыхтуеце?
– Ніякіх! Я не жадаю больш удзельнічаць у гэтым лахатроне! Сучаснае мастацтва – гэта фінансавая піраміда, дзе дывідэнды атрымліваюць тыя, хто знаходзіцца наверсе. Мне надакучыла шмат гадоў служыць у падножжы, пры тым, што шанцаў падняцца вышэй у маёй сытуацыі аніякіх. Я магу вылепіць пяць новых алтароў з саломы, нарабіць яшчэ шмат чаго, але гэта нічога ня зьменіць. У гэтай гульні няма правілаў. Усё вырашаеце вы – спрут, мафіёзны пул. Нават калі я ведаю тры выйгрышныя карты: талент, праца, удача, усё роўна ў апошні момант замест удачы выпадзеце вы – пікавая фэя. А далей толькі ад вас залежыць, ці падымуцца мае стаўкі ў гульні. Але тут у вас пачынаюцца свае інтарэсы – палітычныя, біржавыя, абавязкі перад пулам і гэтак далей, і гэтак далей. Вы пралічваеце, які паветраны шар магчыма максымальна выгодна прадаць. Бо ваш бізнэс – продаж паветра! Што можа ў кавалку высокамастацкага дзярма каштаваць мільёны даляраў? Нічога! Але вы напампоўваеце яго і ўцюхваеце гэтую чысьцейшую фікцыю за вар’яцкія грошы! Такія ж людзі, як я, вам не цікавыя! Мы нарадзіліся ў няправільным, гіблым месцы! Для вас гэтага месца нават не існуе на мапе! Вы заўсёды аб’яжджаеце яго бокам, быццам там лепразорый!
Тры пікавыя фэі зь лёгкім сполахам у вачох зьдзіўлена глядзелі на аратара ў прускім шаломе. Публіка вакол заціхла і таксама пачала прыслухоўвацца да прамовы народнага трыбуна, які нешта страсна і гучна прапаведаваў на незразумелай для большасьці нямецкай мове. Андрэ сёньня быў відавочна ва ўдары. Ён прышпорыў каня яшчэ двума глыткамі салодкіх успамінаў пра залаты век Рэчы Паспалітай і паскакаў галопам па мазгах прысутных у залі:
– Я шмат гадоў гніў у акопах ля падножжа піраміды як просты шараговы жаўнер вялікай арміі мастацтва. Але мяне ўсё дастала! Я не жадаю больш гібець на фронце, быць безыменным салдатам! Вы спытаеце, а як жа абавязак? Служэньне? Служэньне вялікаму вечнаму? Ды ніяк! Пляваць я хацеў на ваша мастацтва! Калі б я жыў у часы Адраджэньня і ствараў рэальны алтар, то мог бы зьмірыцца са сваёй роляй. Я сказаў бы сабе: так, я безыменны жаўнер, але ствараю вечнае: тое, што будзе захапляць людзей і пасьля маёй сьмерці. Разам са сваім творам і я сыходжу ў вечнасьць. Але алтар з саломы жыве толькі са мной. Гэта фікцыя, ад якой застанецца ўсяго дакумэнт, фатаграфія, інфармацыя, слайд. Ён, канечне, можа застацца ў вечнасьці! Але гэта залежыць толькі ад вас! Вы! Вы даяце патэнт на вечнае жыцьцё! Калі вы абвесьціце яго вялікім творам мастацтва, тады ён захаваецца! Я ж не жадаю, каб пытаньне вечнасьці залежала ад вашага капрызу! Мне надакучыла! Лічыце, што гэта мяцеж! Бунт! Вы хочаце ведаць, які мой новы праект? Вось, ён на маёй галаве! Шалом! Я аб’яўляю сябе генэралам! Маршалам! Кайзэрам! Можаце лічыць мяне самазванцам! Але я, самазваны кайзэр, не чакаючы вашага запрашэньня, іду наверх! Вось гэты шпіль мусіць вянчаць піраміду! Я і ёсьць арт-праект!
Андрэ раптам спыніў каня перад пасткаю цішыні, што настала ў пакоі. Госьці, Яцэк, дамы ў чорным са зьдзіўленьнем пазіралі на дзіўнага вершніка. Нават тып, што спаў на канапе, пры словах «бунт» і «мяцеж» ненадоўга апрытомнеў, прахрыпеўшы, што ён таксама шалом, што гатовы далучыцца да паўстаньня, пакруціў галавой і зноў адправіўся ў салодкую нірвану. Андрэ адчуў, што прамова зрабіла ўражаньне, але каб яшчэ больш спадабацца фэям, ён прышпорыў каня і паляцеў у пустэчу:
– Уявіце, нейкі невядомы жаўнер, хутчэй нават капрал, раптам разумее, што ягонае жыцьцё – лайно. Тое, ува што ён сьлепа верыў, служэньне вечнаму, ёсьць адно фікцыяй. А ён аддаў гэтай фікцыі ўсяго сябе цалкам, ахвяраваўшы нават сям’ёй! Стаўка зробленая, але круп’е аказаўся жулікам! Інтэнданты – злодзеі, генэралы – прадажныя пацукі, заселі ў штабе! Замест туза прыйшла чорная дама! Ён разумее, што адзіны шанец – джокер! Трэба перавярнуць стол і падняць паўстаньне! Так! Бунт! Толькі бунт – апошняя яго надзея! Трэба ісьці ва-банк! Вы рыхтуеце «Маніфэсту»? Дык вось вам мой маніфэст! Шалом! Я і ёсьць джокер! Я надзеў на галаву мір! Я надзеў на галаву вайну! Я абвяшчаю міру вайну! Я – чалавек у шаломе!