Адарваўшыся ад люстэрка, Андрэ вярнуўся ў пакой. Адкаркаваўшы бутэльку, ён напоўніў шклянку й, закінуўшы ногі на стол, уладкаваўся на крэсьле. Думкі ненадоўга прыціхлі, а крыху захмялеўшы, павесялелі й разьвязна працягнулі:
– Паслухай, – прамовіла адна, – шмат гадоў ты праслужыў простым шараговым жаўнерам вялікай арміі мастацтва. Ты аддаў яму ўсё жыцьцё. Збаёдаў найлепшыя гады ў акопах, паходах, пад абстрэламі, у брудзе, лайне, віне, пошуках сэнсу і хараства. А што атрымаў наўзамен? Дзе слава? Дзе пашана? Дзе ордэны, званьні? Што дала твая служба? Грошай у цябе няма. Сям'і нармалёвай таксама. Жонка і цешча цябе ціха ненавідзяць. Твае геніяльныя праекты завісаюць у пустэчы. Таму што нарадзіўся ты ў няправільным месцы, за плотам, у дупе. А самотны голас з анусу
– І пры чым тут прускі шалом? Можа, у шаломе з анусу прасьцей выбірацца? Хіба што ў шаломе менавіта такой канструкцыі. Але што ад гэтага зьменіцца, калі не лічыць, што ты быў ідыётам ціхім, непрыкметным, такім, як усе астатнія. А зараз ты на лобе шыльду павесіш:
«Я ідыёт! Наце! Глядзіце! Тыцкайце ў мяне пальцам! Я крэтын! І ганаруся гэтым!»
– Ня слухай яе! Узьнімі бунт! Пашлі да д’ябла мастацтва! Армію! Пашлі да д’ябла гэты трахнуты сьвет! Пакажы яму фак! Ствары з шалому праект! Ты першы! Да такога яшчэ ніхто не дадумаўся! Чалавек у шаломе! Гэта твой шанец!
– А тут яшчэ новая акалічнасьць зьявілася. Быць
– Паглядзі, як гарцуюць ільвы на тваёй галаве! Цяпер ты леў! Прускі ваяр! Апошні леў невядомай вайны!
– Лухта! Лухта! Яшчэ раз лухта! Маразм!
– Падумай, што ты страчваеш? Ну здымеш ты яго – вернесься да сябе ў Магілёў. Ну, запросяць цябе яшчэ на пяць пленэраў. І ўсё? А што далей?
Андрэ ўзьняўся й пачаў нэрвова хадзіць па пакоі туды-назад, як мэтраном, ад сьцяны да сьцяны. Потым узяў у рукі бутэльку й наліў поўную шклянку. Замёршы ненадоўга, ён паднёс яе да вуснаў і нагбом асушыў да дна.
– Пастаў кропку! Адчыні дзьверы! Пачні новае жыцьцё! Іншага шанцу ў цябе ня будзе!
– Новае жыцьцё! Новае жыцьцё! Лузэр… Лузэр… Лузэр… – Андрэ ўсхвалявана хадзіў па пакоі, ціха мармычучы абрыўкі нейкіх фразаў. – Чалавек у шаломе! Чалавек у шаломе! Шанец! Гэта твой шанец! Канцэптуальны праект! Я ідыёт… Тыцкайце пальцам… Ганаруся, ганаруся гэтым… Непахмялёныя лычы… Самотны голас з анусу… Канцэптуальны мастак… Новае жыцьцё… Новае жыцьцё… Шанец… Чалавек у шаломе… Адчыні дзьверы…
Думкі моўчкі пазіралі на Андрэ.
– Але чаму менавіта прускі шалом? – нарэшце, ня вытрымаўшы, ляпнула адна, – Чаму ня каска рускага ваяра-вызваліцеля?
Усе з пагардай і абурэньнем паглядзелі на яе.
– Добра! Заканчваем дыскусіі! Заўтра рана ўставаць! – Андрэ падышоў да стала, зрабіў сабе канапку і, праглынуўшы яе, адправіўся праводзіць у сон гэты няпросты для яго дзень.
Уначы Андрэ спалося кепска. Шалом быў яшчэ нязвыклы, да таго ж выявіўся дастаткова мулкім. Хоць стома й валіла з ног, ён часта прачынаўся і скрозь сон лавіў нейкія ўрыўкі трывогі, што падступна прасьлізгвалі ў падкорак. Андрэ круціўся з боку на бок, спрабуючы знайсьці больш зручную позу, але шалом усё адно кудысьці ўпіраўся й нешта сьціскаў яму ў галаве.
Потым ён трапіў на Васілеўскі востраў, на «п’яны рог» непадалёк ад другой лініі. Аддаў чырвонец чарняваму пацану.
– Дзьве сухога, калі будзе, чырвонага, – сказаў ён і стаў чакаць.
Побач у цемры круцілася нейкая ніякая старая й кленчыла грошы. Андрэ даў ёй пяцьдзясят капеек. Пад’ехала таксоўка. Зь яе выйшлі дзьве дзеўкі – з выгляду блядзі. Зарадзілі дзьве гарэлкі.
– Зара зраблю, – адказаў ганец і зьнік у чорнай зяпе падваротні. Неўзабаве вярнуўся, аддаў дзеўкам дзьве пляшкі. Тыя скокнулі ў таксоўку й укацілі.
Хвілін празь пяць зьявіўся ягоны дзяцюк, адвёў Андрэ ўбок.
– На, трымай, – ён азірнуўся па бакох і дастаў з-за пазухі валёнак.
– Чаму адзін?
– Скончыліся валёнкі, – сказаў пацан, вяртаючы пяць рублёў. – Пойдзеш па гэтай адрэсе, скажаш: ад Севы, – ён працягнуў складзены шматок паперы. – Тамака павінны быць. Гэта тут побач. Зара выйдзеш на Сярэдні, збочыш налева, дойдзеш да Чацьвёртай, там направа й другая падваротня зноў налева.
Андрэ адразу знайшоў патрэбную падваротню. Спыніўся пад бляклым ліхтаром прачытаць нумар кватэры. У падваротні было цёмна, сыра й сьмярдзела катамі. Ён адшукаў пад’езд, адчыніў дзьверы й пачаў узьбірацца па стромкіх і вузкіх чарнавых сходах. Калі дайшоў да трэцяга паверху, спыніўся: «Мусіць, тут». Пакорпаўшыся ў кішэнях, адшукаў запальнічку. Слабы агеньчык асьвятліў маленькі кавалачак старых шчарбатых дзьвярэй. Андрэ павёў рукой уверх і натыкнуўся на нумар: «Дваццаць пяць, так, гэта тут!» Пазваніў.