Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра ціхае, у лесе чуліся мілагучныя і дзікія спевы птушак; блізкі быў час начлегу, і я спяшаўся як найхутчэй пакінуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкі дамок, на ўраджайных нівах даспявалі залатыя каласы, і вялікая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасціннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.

Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сівая, на твары спакой і бадзёрасць.

Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вітаюся і прашу, каб быў ласкавы дазволіць адпачыць з дарогі да наступнага дня.

– Проша, проша, – шчыра адказаў ён. – Цяпер дзень доўгі, можна не спяшаючыся шмат прайсці. Пан Бог, пэўна, накіраваў у Полацак, адсюль яшчэ сорак вёрст дарогі праз пусткі і пясчаныя баравіны, аднаму, а яшчэ пеша, маркотна і нядобра ісці цёмнаю ноччу.

Калі падыходзілі да жытла, два вялікія сабакі спаткалі нас на дзядзінцы і насцярожана пазіралі на мяне.

– Не палохайся, – кажа гаспадар, – чалавека яны не чапаюць, але дзікіх звяроў блізка не падпусцяць і жывёле найлепшыя вартаўнікі, у нашай гаспадарцы такія сабакі вельмі патрэбныя: мноства ваўкоў і мядзведзяў, не раз нападалі на суседскія аборы.

Ён завёў мяне ў святліцу, дзе былі стол, крэслы і іншыя рэчы сваёй работы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах віселі абразы Збавіцеля, Маткі Божае з надпісам унізе: “Klauber Svulpsіt”174 і гравіраваныя некалі ў полацкай друкарні партрэты св. Ігнацыя Лаёлы, Андрэя Баболі175, Францішка Ксаверыя176 і іншых. На шафе ў куце я заўважыў нейкую драўляную галаву, носам і лысінаю падобную да Сакрата; твар паколаты, пашарпаны і сям-там апалены.

З гароду прыйшла гаспадыня, акружаная дзецьмі; старэйшая дачка, якая звалася Анэля, мела чорныя валасы, стройную постаць, жывы пагляд; прырода яе надзяліла так шчодра, што каштоўныя аздобы і ядваб да яе прыгажосці нічога дадаць не змаглі б. З вялікай прыемнасцю глядзеў я на гэтую шчаслівую сям’ю.

– Ты з нашага павета ці з далёкіх краёў ідзеш? – спыталася гаспадыня.

– Мне з дзяцінства знаёмыя ваколіцы Полацка, але, шукаючы долі, я пражыў шмат гадоў далёка, цяпер адведваю гэты край. О! Якія вялікія змены бачу, толькі горы і лясы захавалі свой даўні выгляд.

– А як даўно пакінуў родны край?

– Ужо таму васемнаццаты год.

Гаспадар, пазіраючы на мяне, кажа:

– Здаецца, што я цябе колісь бачыў у гэтых краях, але прозвішча не магу ўспомніць.

Я назваў яму прозвішча, ён з радасцю схапіў мяне за руку і сказаў:

– Я З…177, мы былі калісьці школьнымі таварышамі.

І тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслівае мінулае, пра маладых таварышаў і настаўнікаў полацкіх школ, пра знаёмых, хто дзе і як жыве, хто і калі пакінуў бацькаўшчыну, пра старцаў, якія ўжо выбраліся да вечнага дому нашага.

Пасля пан З… зняў з шафы драўляны бюст і сказаў:

– А гэтага Дзядка ці памятаеш? Даўней ён лепш выглядаў, калі, высунуўшыся з-за сцяны праз вузкае вакенца, даваў нам парады і перасцярогі, цяпер можаш бачыць на яго твары, колькі ён мусіў выцерпець, пакуль трапіў сюды да мяне, ён для мяне дарагая памятка. Гледзячы на яго, я ўспамінаю тыя мудрыя перасцярогі і паўтараю іх сваім дзецям. Гэты мой маленькі сынок добра ведае, што дазваляе і што забараняе Драўляны Дзядок.

– О! Гэты Дзядок мусіў прайсці па страшных пуцявінах пасля развітання з кляштарным дахам, жорстка яго свет прывітаў: галава прасвідраваная, вочы выкалатыя, вусны апаленыя; людзі не любяць праўды, але, напэўна, ён, вандруючы па свеце, быў нямы і нікога не абражаў напамінам.

– Людзям цяжка дагадзіць, можа, пакутаваў за тое, што маўчаў. Раскажу пра яго вандроўкі і пра іншыя дзіўныя здарэнні, пра якія чуў ад асоб, што жывуць з намі па суседству. А цяпер падарожнаму трэба падхарчыцца.

Сабралі стол, падалі гарэлку і закуску; Анэля дастала з паліцы спелыя маліны, якія сабрала ў садзе, і цудоўныя яблыкі. Тут пан З… хваліў свае садовыя дрэвы, якія сам садзіў і прышчапляў. Калі ветлівы гаспадар частаваў і падахвочваў мяне вячэраць, адчыніліся дзверы, абапіраючыся на кій, заходзіць стары, галава і вусы белыя. Быў гэта калісьці вялізны і дужы мужчына, але цяжар гадоў пахіліў яго высокую постаць.

– Як маешся, пане Ротмістру, у добры час зайшоў. Рэкамендую табе мілага госця, некалі калега мой школьны, далёка дзесьці вандраваў і цяпер праз шмат гадоў наведаў сваю бацькаўшчыну. Будзем бавіць разам вечар у прыемных размовах, знойдзецца пра што гаварыць пасля такое доўгае ростані. Прайшло няшмат часу, ужо і самавар прынеслі, наліваюць гарбату, стары пан Ротмістар, седзячы ля стала, сказаў гаспадыні:

– Мая пані, даўней гарбата была лекамі ад галавы, а цяпер без яе і жыць не могуць, якія перамены ў свеце.

Пан З… паставіў шклянку на стол.

– Слухай цяпер, – сказаў мне, – раскажу табе пра дзіўныя здарэнні з Драўляным Дзядком.

Дзеці, хоць, можа, не раз чулі гэтае апавяданне, поўныя цікавасці, прымайстраваліся ля бацькі.


ШТО ЗДАРЫЛАСЯ З ДРАЎЛЯНЫМ ДЗЯДКОМ


Перейти на страницу:

Похожие книги

Самая страшная книга 2016
Самая страшная книга 2016

ССК. Создай Свой Кошмар.Главная хоррор-антология России. Уникальный проект, в котором захватывающие дух истории отбирают не «всеведущие знатоки», а обычные читатели – разного пола, возраста, с разными вкусами и предпочтениями в жанре.ССК. Страх в Сердце Каждого.Смелый литературный эксперимент, которому рукоплещут видные зарубежные авторы, куда мечтают попасть сотни писателей, а ценители мистики и ужасов выдвигают эти книги на всевозможные жанровые премии («хоррор года» по версии журнала «Мир Фантастики», «лучшая антология» по версии портала Фантлаб, «выбор читателей» по версии портала Лайвлиб).ССК. Серия Страшных Книг.«Самая страшная книга 2016» открывает новый сезон: еще больше, еще лучше, еще страшнее!

Александр Александрович Матюхин , Евгений Абрамович , Илья Объедков , Максим Ахмадович Кабир , Михаил Евгеньевич Павлов

Ужасы