Читаем Танцы над горадам полностью

Рукі ніколі не хацелася апускаць, але законы танца былі вышэйшымі. Набліжалася хвіля, у якую мы - без чыйго-небудзь знаку - не спыняючы руху, зноў браліся за рукі і заплюшчвалі вочы. Першы раз уявілася, што такое жаданне наведала адно мяне, ды, употай стрэліўшы позіркам па баках, я пераканаўся: павекі апушчаныя ва ўсіх.

Так мы рухаліся даволі доўга, і гэта была самая небяспечная частка танца, бо дах меў невялікую плошчу. Аднак, калі кола набліжалася да краю, Котка падавала нягучны сігнал, і ўсе на міг заміралі. Аднойчы Настаўніка аддзяляў ад бездані вузкі раўчук бляшанага вадасцёку. Іншым разам адна ножка Гімнасткі ўжо марна намацвала цвёрдую паверхню. Ніякага пярэпалаху не ўзнікала, і мы пачыналі танчыць, пакрысе аддаляючыся ад магчымасці палёту.

І нарэшце ў бязгучным суладдзі танца надыходзіў момант, калі мы адпускалі рукі і ўскідвалі іх у неба, туды, адкуль на нас глядзелі зоркі.


14

Яшчэ працягваліся ўрокі, і ў школьным калідоры я сутыкнуўся з Настаўнікам, што на выцягнутай руцэ нёс разгорнутую мапу зорнага неба. Сэрца шалёна закалацілася, але Настаўнік аказаўся проста настаўнікам астраноміі. Перакінуўшы зорны небасхіл у левую руку, ён, паводле завядзёнкі, праваю павітаўся са мной і рушыў далей. Няўжо гэта не ягоная рука ляжала ў маёй два дні таму? Няўжо гэта не мы пад ціхі посвіст ластаўчыных крылаў уздымалі твары да зорнага сяйва?..

Блакітны шапік, дзе працавала Кіяскёрка, месціўся пад старымі ліпамі каля кінатэатра. У дзявятым класе, у перыяд захаплення спортам, па аўторкавых раніцах я бегаў сюды, каб купіць футбольны тыднёвік, і атрымліваў газету з дзяжурнай ветліваю ўсмешкай з-за шкла. Цяпер, убачыўшы там знаёмы авал твару ў абладзе чорных валасоў, я некалькі разоў прайшоўся вакол кінатэатра і ўрэшце наважыўся павітацца і спытаць тэлепраграму. Рука з доўгімі пальцамі працягнула газету і адлічыла рэшту. У вачах - гэтым разам яны здаліся зялёнымі - не адбілася ні радасці пазнавання, ні іскрынкі цікавасці - нічога.

Злева ад вакенца шапіка вісела таблічка з імёнамі і прозвішчамі Кіяскёркі і ейнай напарніцы. Нескладана было высветліць, якое належыць нашай танцорцы, ды таго хацелася найменш. Я не сумняваўся: напісанае тут імя служыць ёй толькі ўдзень.


15

У суботу, гуляючы з Лорай па парку, я ўбачыў на лавачцы каля каруселяў Гімнастку, якая засяроджана ласавалася шакаладным пламбірам. Гімнастка безуважна слізганула па мне вачыма, нібы не яна, а хтосьці іншы пракруціў у пазамінулую ноч на даху цэлы каскад складаных са­льта. Заставалася сустрэцца з Залацістай і Коткаю, але, не выключана, яны ў горадзе ніколі не з’яўляліся. Я ўжо казаў, што сёння ведаю пра сваю прыналежнасць да меншасці, якая ўсё памятае. Тады ж падавалася, быццам адрозна ад астатніх з нашага начнога брацтва я проста яшчэ не навучыўся трымацца так, як яны, каб таямніца заставалася непарушнай.

Але ў тыя дні ў мяне ўжо з’явілася іншае імя. Яно прыйшло аднаго разу ў танцы, калі мы абняліся за плечы. Імя пачулася невядома адкуль, і ад неспадзяванкі я спыніўся. Ды кола не магло чакаць, і праз мірг вока я зноў аддаўся ягонаму рытму: новаму імю, якое на розныя лады гучала ўва мне, не запярэчыў ніводны куточак маёй істоты. Такое імя, мог мець, магчыма, і марсіянскі хлопчык, што стукаўся ўначы да зямных перасяленцаў.

Мяне звалі - Эф.

Лора, у якой было ўсяго адно імя, душою юнай жанчыны, відаць, адчувала, што са мною нешта адбываецца. Я аддаляўся, пакуль не адчуваючы ніякай віны, бо Лора заставалася маёй адзінай. Мы не падазравалі, як хутка ўсё зменіцца.


16

Аднае начы, мяняючыся месцамі ў коле, я абавязкова апынаўся ў танцы побач з Кіяскёркай, і, калі мы ўсе браліся за рукі, мая рука нецярпліва чакала ейных доўгіх шорсткіх пальцаў з затоеным паміж імі халадком.

Па дарозе дадому я раптам уцяміў, што за касцёлам павярнуў не направа, а налева... Кіяскёрка ішла крокаў за дваццаць наперадзе, і ўслед за ёю я ступіў на бязлюдны стары мост цераз Дзвіну. Падымаўся туман, і мост плыў разам з намі над нябачнай унізе ракой.

На самім мосце туману не было, але, спусціўшыся на тым беразе за маёй праваднічкаю па драўляных прыступках на насыпе, я разгубіўся: наваколле паглынала густая малочная субстанцыя. У наступную хвіліну на дапамогу прыйшла рука, якая ўсцешыла нечаканай грубавата-шорсткай цеплынёй.

Мы ішлі даволі доўга, вуліца пачала падымацца, а туман - адступаць, адкрываючы вачам зарэчны раён з прыватнаю забудовай, садамі і гародамі, дзе жыхары трымалі кароў, а перад Новым годам у дварах смалілі кабанчыкаў. Кіяскёрка выпусціла маю руку і, паказваючы дарогу, зноў ішла за пару дзясяткаў крокаў ад мяне. Яна спынілася пры жалезнай брамцы, за якой у засені маладой травеньскай лістоты стаяла залітая месяцавым святлом мураванка. Брамка засталася адчыненай, і праз дзесяць удараў сэрца я ступіў на брукаваную сцежку.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Великий князь
Великий князь

Завершив свой жизненный путь в веке двадцать первом, пройдя сквозь боль, смерть и перерождение, наш современник обрел в новой жизни то, что желал больше всего. К чему стремился душой, о чем страдал сердцем, тянулся и тосковал… И пусть за окном ныне грозный и жестокий шестнадцатый век, где Русь только-только выкарабкалась из ямы долгой феодальной раздробленности и мир вокруг полон тревог и лишений. Пусть! Зато теперь у него есть настоящая семья, где его любят. А еще заботливый отец начал допускать своего наследника к семейному делу – тому самому, которым их род занимается вот уже почти шесть сотен лет. Войны и интриги, покушения на жизнь и предательство со стороны бояр и князей, тайные убийства и вполне себе открытые казни – одним словом, обычный семейный бизнес династии Рюриковичей на троне Московской Руси…

Алексей Иванович Кулаков , Олег Анатольевич Кожевников , Юрий Сбитнев

Фантастика / Проза / Неотсортированное / Альтернативная история / Попаданцы