На прыёме яна моўчкі сядзела на лавачцы каля ног Альжбэты Радзівіл, глядзела на вялікую княгіню Барбару і слухала гутарку дзвюх жанчын. Будучая каралева аказалася маладой бледнай кабетай з худым тварам і агромністымі сумнымі вачыма, у якіх можна было прачытаць стомленасць. Назіраючы за ёй на працягу размовы, дзяўчынка злавіла сябе на тым, што знаходзіцца ў нейкім падобным да трансу стане – было нешта надта чароўнае ў позірку, голасе, усмешцы Барбары Радзівіл – і гэта нязменна прываблівала і прыцягвала ўсіх, хто акружаў яе. Басі ўвесь час карцела неяк папярэдзіць вялікую княгіню, сказаць пра небяспеку, якая пагражала ёй, але дзяўчынка памятала пра параду старога купца і трымала вусны пад замком.
Прасядзеўшы на прыёме да самага вечара, Бася катавала сябе за ўласную бяздзейнасць і меркавала пра пакуты, якія маюць адбыцца з вялікай княгіняй літоўскай і будучай каралевай польскай. Урэшце абедзве кабеты сталі развітвацца. Як Барбара ні прасіла братавую застацца і павячэраць разам з ёй, тая вырашыла вярнуцца да сябе ў рэзідэнцыю. Бася сабрала ўвесь скарб княгіні Альжбэты ў торбу, і яны рушылі назад. Не паспела дзяўчынка зайсці ў адведзены ёй сяброўкамі пакой, як яны напалі на яе з распытваннямі пра замак, прыём, вялікую княгіню і іншыя рэчы, якія, па іх меркаванні, Бася павінна была ўбачыць ці пачуць. Яны з такой хуткасцю задавалі пытанні і змянялі тэму гутаркі, што Бася нават не паспявала ўсё толкам распавесці, і хутка ў яе разбалелася галава. Калі слугі паклікалі ўсіх на вячэру, адна з паненак – Зося – раптам успомніла:
– Прыходзіў нейкі купец, пытаўся пра цябе, – сказала яна дзяўчынцы. – Толькі ён дзіўны такі – нават нічога не прынёс паказаць.
Бася ледзь стрымала хваляванне, якое ахапіла яе пры гэтых словах. Беспамылкова, гэта быў пан Альбрыхт. Бася вырашыла, што, верагодна, ён прыходзіў за ёй, каб адправіць дадому. Яна падумала, што, напэўна, ужо вельмі хутка можа пабачыцца з бацькамі. У наступнае імгненне дзяўчынка ўспомніла пра Міхала, з якім зусім не жадала расставацца. На час пакінуўшы дылему, якая так недарэчы з’явілася перад ёй, і пераадолеўшы хваляванне, Бася спытала ў сяброўкі, ці не пакінуў купец свайго адраса. Тая адказала, што ён спыніўся на вуліцы Святога Крыжа насупраць касцёла.
– Ну ты ж не пойдзеш шукаць яго! – сяброўкі з сумневам паглядзелі на Басю: яны былі гатовыя чакаць ад яе ўсякага.
– Зразумела ж, не! – упэўніла іх дзяўчынка.
– Правільна, паненцы не пасуе хадзіць па горадзе, шукаючы абы-якога купца. Калі яму трэ будзе, ён сам прыйдзе. Пойдзем, вячэра ўжо, мусіць, стыне.
– Так… – працягнула Бася, думаючы, як бы ёй вырвацца з рэзідэнцыі ды адшукаць старога. – Вы хадзіце, я зараз даганю.
Пачакаўшы, пакуль паненкі спусцяцца да вячэры, Бася прашмыгнула па лесвіцы да арсенала, дзе знаходзіўся Міхал. Убачыўшы вартаўніка, яна падышла да яго і папрасіла паклікаць пана Саколіча. Вартаўнік, хітра паглядзеўшы на Басю і стрымліваючы ўсмешку, пайшоў за Міхалам. Юнак з’явіўся хмуры і злы.
– Ну што зноў здарылася? – прабурчаў ён. – Я б сам мог прыйсці. Зараз усе з мяне здзекавацца будуць, што да мяне паненка ўвесь час прыбягае.
– Ну і што? – неўразумела паглядзела на яго дзяўчынка.
– Усе лічаць, што ты… – Міхал засаромеўся і нешта прамармытаў.
– Што? – недачула Бася.
Юнак азірнуўся на вартаўніка, якому так і карцела падзяліцца з кімсьці сваімі здагадкамі наконт Міхала і Басі.
– Усе лічаць, што ты мая нявеста, – ціха-ціха паўтарыў ён і заліўся густой фарбай.
– Ну і што з таго? – абурана ўсклікнула Бася. – Між іншым, мець такую нявесту, як я, не сорамна! Я разумею, калі б я была нейкім страшыдлам, а так… Няхай табе зайздросцяць! Знайшоў, чаго саромецца! – дзяўчынка незадаволена фыркнула: яе самалюбства было яўна ўшчэмленае. – Я, мабыць, па важнай справе прыйшла.
– Што за справа?
Бася адвяла яго крыху ўбок і, панізіўшы голас, каб іх не пачуў вартаўнік, распавяла пра купца.
– Няўжо люстра адчынілася без цябе? – з жахам прамовіў Міхал.
– Не ведаю, – адказала Бася. – Але нам неабходна наведаць старога.
– Так, зразумела. Я адразу ж пасля вячэры адшукаю яго і даведаюся, што здарылася.
– Не, мы пойдзем акурат зараз! – дзяўчынка зрабіла націск на слове «мы».
– Але, Бася, паненкам непрыстойна цягацца па горадзе, ды яшчэ позна ўвечары! – запярэчыў Міхал.
– Ты будзеш чакаць мяне каля ганка, а я зараз пераапрануся і вярнуся, – тонам, які не церпіць пярэчанняў, сказала дзяўчынка.
– Добра хаця, што мая варта скончылася пару хвілін таму, – прамармытаў ушчэнт засмучаны Міхал, якога зусім не радавала перспектыва застацца без вячэры.