Калі шалёная дзеўка на спробу пачала прымацоўваць да сябе канструкцыю, Лёднік уладна схапіў яе за руку:
— Галена, на некалькі слоў. — I адцягнуў убок.
Пранціш хмыкнуў пра сябе: успомніў недароблены мніх пра мужавы правы!
— Я забараняю табе ўдзельнічаць у выпрабаваннях гэтага сумніўнага апарата.
Чума з ветлай усмешкай выслухала, потым як крутане спрытна рукой, якую трымаў Лёднік — і сама ўчапілася за запясце мужанька. Потым ціхенька, з той жа ўсмешачкай:
— Па-першае, пане мой і ўладару, табе трэба вызваліць свайго сябра Давыда, каштоўнасць жыцця якога дакладна перавышае каштоўнасць майго. Па-другое, брат Філагоній, ніхто не перашкодзіць мне атрымаць задавальненне ад гэткае выдатнае авантуры.
Раптам Меланхолія рыўком падцягнула руку ўгневанага і разгубленага мужа да сваіх вуснаў і пацалавала беражліва, як святыню, не адводзячы пагляду ад вачэй сужэнца. Адышлася на крок, прысела ў рэверансе, Пранціш толькі галавой крутануў.
Між тым пану Францу Магнусу надакучыла спрэчка, якая адбірала каштоўныя хвілі. Ён махнуў рукой, i адразу падбеглі гвардзейцы Багінскага, усе дзецюкі ладныя i з дубовымі лбамі.
— Ідзі, Бутрым, у лабараторыю і вынаходзь лекі для артыстаў! Нічога з тваёй пляменніцай не здарыцца, слова даю.
Ага, дужа таму слову верыцца пасля тураўскіх нетраў...
Але Пранціш не стаў умешвацца, калі Баўтрамея гвалтам павялі прэч. Урэшце, ён бачыў, на што здатная ягоная новая жоначка, неяк выкараскаецца. I самому ж карцела паглядзець на палёт Валькірыі... Пардон, Нікі Пераможнай. Нават пейзане забыліся на свой страх перад панамі і іхнімі штукарствамі і загаманілі, паказваючы пальцамі на дзеўку, якая спрытна ўзбіралася на дашчаны плывучы Парнас. «Скаральнік аблокаў» таксама паднялі на верхнюю пляцоўку, прыкрытую бутафорскімі хмаркамі, з дапамогай адмысловых вяровак. Сонца патроху хіліла долу пацяжэлую гарачую галаву, а Меланхолія зацягвала на сабе рамяні адмысловага мацавання. Палатно, нацягнутае на кітовы вус, грувасцілася за ёй, быццам сапраўды складзеныя крылы.
— Вось сюды, фройляйн! Паміж гэтымі адзнакамі кіруйцеся! — бегаў па беразе Пфальцман. — Скачыце, калі падам знак!
Вырвіч узіраўся ў маленькую фігурку на вяршыні «гары» — а канструкцыя ж яшчэ і заўважна пагойдваецца — і пачынаў не на жарт нервавацца. А што, калі і праўда разаб’ецца?
У канале ціха плюхалася вада. Добра, хоць ветру моцнага няма...
— Ляснецца!
— Не ляснецца, два злотых стаўлю!
Вырвіч азірнуўся: плячыстыя гвардзейцы Багінскага шнарыліся па кішэнях, робячы стаўкі на вынік куншцюку новай артысткі. I блазны сюды ж прыпаўзлі, нават Грэтхен сядзела на адмыслова прынесеным для яе крэсле, уся зноў захутаная, у кампаніі Вільгельма, які ўсеўся на падушку ля ножак прымадонны і вуркатаў на нямецкай нешта кшталту: «Ніхто не справіцца з вашай роллю, маё сэрца».
Цёмныя воды канала былі абыякавыя, як прабіркі з аналізамі.
— Los![2] — загарлаў Пфальцман.
Меланхолія ўзняла рукі — палатно за яе спінай распрасталася, нацягнулася — і як сігане ўніз!
Гэта былі не крылы, хутчэй, гэткі паветраны намёт. Але выглядала дужа прыгожа. Тонкая постаць дзеўкі набліжалася да зямной паверхні не зусім як пёрка, але і не як камень. Меланхолія яшчэ і кіравала, тузаючы за рамяні, куды ёй ляцець. Прызямлілася якраз туды, куды паказваў Пфальцман, нават не павалілася — хоць усё-ткі атрымалася рэзкавата. I не такі спрытны чалавек ногі паадбівае. А зараза яшчэ і смяялася шчасліва!
— Singen![3] — скамандаваў Пфальцман, і тут жа хлапчук у венгерцы падаў Меланхоліі аркуш са словамі і нотамі.
Уй, хто гэта толькі складаў? Пранціш паморшчыўся, сэрца пііта не вытрымлівала падобнай каструбаватасці.
Але, зрэшты, які герой, такія і песні. Уладарам чым ліслівей, тым саладзей. Пранціш з няёмкасцю ўспомніў, як у юнацтве марыў менавіта пра такія ўрачыстасці ў свой гонар: каб у ножкі кланяліся, кветкамі дарогу ўсцілалі, дыфірамбы сачынялі... Цяпер, сапсаваны рэспубліканскімі сваімі сябрамі кшталту Лёдніка ды Жылібера, Вырвіч яскрава бачыў выродлівы фальш такіх мерапрыемстваў. Дай волю гэтым пейзанам, як упэўняцца, што ім за тое нічога не будзе, — стаўкуць «сонейка яснае» на крывавую кашу, маёнтак аблатошаць, бы грушу пры дарозе, а што не знясуць з сабою — панішчаць. А паны-браты, як убачаць падзенне нядаўняга «сонейка», біцца пачнуць за ягоныя пасады, маёмасць паадсуджваюць.
Аднойчы ў адным старажытнагрэцкім горадзе зрабілі статую Нікі Бяскрылай. То-бок багіня перамогі назаўсёды засталася з імі, вечнымі пераможцамі.
А жыць у стане непераможнасці дужа небяспечна. У хуткім часе горад заваявалі барбары і спалілі, а бяскрылай статуі адбілі галаву.