Дзіва, але ў пакоях, вылучаных гасцям у левым крыле палаца, да банды Чорнага Доктара далучыўся Давыд. Змучаны, схуднелы, у пакамечаным каптане, але з ранейшай усмешкай ад вуха да вуха. Пачуўшы разгадку свайго няшчасця, ён учапіўся ва ўласныя кудзеры.
— Ну вось хацеў жа як лепей... Прыдумаў, чым замяніць у пудры вапну, якая псуе скуру... А тут такая хімічная рэакцыя. Ды яшчэ са святой хрысціянскай рэччу... Добра, што зараз не ранейшая дзікунская эпоха, на вогнішча адразу не пацягнулі.
Давыд гаварыў весела, але ягоны пільны позірк пераходзіў са змрочнага Лёдніка на застылую Меланхолію. Абое ўмелі хаваць пачуцці, але той, хто ix добра ведаў, легка прачытаў бы, што не ўсё ў недабранае пары гладка.
— Ёсць пашкоджанні? — Лёднік між тым акінуў доктарскім вокам доўгую, трохі прыгорбленую постаць аптэкара.
— Ай, пан Лёднік, як кажуць нашы палачане, косткі цэлыя — тлушчам абрастуць! Пара кухталёў — не страшна... Але зараз цэлую курыцу з’еў бы... З грыбной падліваю! — выскаліўся Давыд. — А яшчэ памыўся б у гарачай вадзе. У тутэйшых сутарэннях бруднавата ды халаднавата.
Раптам аптэкар заперхаўся — нядобра так, заходзячыся... Лёднік зараз жа ўзяўся за сваю доктарскую справу — аглядаць ды раіць лекі. Ляйбовіч запэўніваў, што застуда не вартая клопатаў... Пранціш скасавурыўся на Чуму: тая сядзела, неяк сіратліва ашчаперыўшы сябе, нібы мерзла, і тужліва глядзела ў нікуды. Потым страпянулася, скрывілася, як бы вылаяўшы сябе за слабасць, і вярнула рысам твару дзёрзкі выраз. Ат, лепей не зазіраць за чужыя маскі, бо яшчэ вырашыш, што нічогенька і нікога ў гэтым свеце толкам не разумееш.
Аповед пра няшчасці Сафійкі Давыда, зразумела, узрушыў... Аптэкар таксама ведаў пра эксперыментальныя метады лекавання вар’ятаў. Яны з Баўтрамеем паперабіралі прозвішчы знаёмых аўстрыйскіх эскулапаў, якія маглі б умяшацца ў лячэнне і, калі што, сцвердзіць аўтарытэтна, што Лёднічанка, цяперашняя Жылкава, не хворая на галаву. Найбольш надзей ускладалася на нейкага Фрыдрыха Айзенхаўэра, які лічыўся свяцілам у лячэнні душэўных хваробаў, дужа прагрэсіўным, і праславіўся сваім супрацьстаяннем шалберу Францу Месмеру. Згадалі і лёс беднага Каруся: вядомая была толькі назва аўстрыйскага мястэчка, з вязніцы якога ён даслаў свой адчайны ліст — Абервальтэрсшварцдорф, без глытка гарэлкі не вымавіш.
Ці жывы яшчэ хлопец?
— Такі таленавіты юнак... — уздыхаў Давыд. — Матэматык прыроджаны. Інжынерам мог стаць, лепшым за гэтага Франца Магнуса. Мне, памятаю, у браслаўскай аптэцы, дзе мы з вамі перастрэліся, вагі галандскай канструкцыі адладзіў за дзесяць хвіляў.
Між тым смакотная ежа для нядаўніх вязняў знайшлася. Урэшце, уся дворня ведала, што князь Багінскі запрасіў іх на прыватны візіт, а значыць, падазроным панам трэба дагадзіць. Стол накрылі два спрытныя лёкаі, хоць не срэбным посудам — але і не гліняным... Распісаная сінімі вензелямі парцаляна пастаўскай фабрыкі, выпушчаная яшчэ да адстаўкі падскарбія Антонія Тызенгаўза, які тую фабрыку фундаваў. Кажуць, хварэе моцна падскарбі, амаль пад арыштам у Варшаве сядзіць.
Лёднік і Меланхолія ўладкаваліся па розныя бакі стала і адно на аднаго не глядзелі. Ну як не глядзелі — Чума зыркала спадылба на сужэнца, нібыта чакаючы, калі ён перастане гневацца. Лёднік таксама касавурыўся, намагаючыся рабіць гэта незаўважна. Далібог, падлеткі пад прыглядам строгай цётухны, а не бітыя жыццём людзі...
Давыд, які паспеў пераапрануцца (хоць і не ў адзін са сваіх стракатых заморскіх касцюмаў) і памыцца, і накласці на талерку кураціны з грыбной падлівай, не стрымаўся:
— Чаму ж вы, пан Баўтрамей, не паведамілі мне пра змену вашага сямейнага становішча? У мяне знайшоўся б адмысловы падарунак — на вяселлі мне нават князі замаўляюць набор парфумаў пад назвай «Букет Амура». У куфэрку з чырвонага дрэва, са срэбнымі сэрцайкамі. А для вас я б ужо так пастараўся!
Гальшка паспяшалася адказаць:
— Пан Лёднік не зацікаўлены, каб шмат людзей ведалі пра гэтую змену сямейнага становішча, шаноўны Ляйбовіч.
Раптам Лёднік кінуў сурвэтку на стол, нібыта яна была атручанай.
— Вось чаму ты назвалася маёй пляменніцай... Лічыш, што я саромеюся нашага шлюбу?! Цябе?!
Меланхолія нявесела пасміхнулася:
— Я заслужыла гэта, доктар, і не крыўдую, павер.
— Выходзіць, я перад Богам душою крывіў, калі ў царкве табе прысягаў?
Вырвіч перапыніў балаган:
— У сябе на печцы будзеце сямейныя сухары грызці! Трэба думаць, куды мы ўсе патрапілі i як адсюль выблытацца! Ты, Гальшка, сапраўды сустракала раней князя Багінскага?
Меланхолія задуменна ўтаропілася ў столь, прыкрашаную гіпсавымі вянкамі і гірляндамі.
— Ах, што вам сказаць, пан Вырвіч... Куды толькі мяне не закідваў бурлівы лёс! — Раптам Чума пасур’ёзнела: — Не думала, што Багінскі мяне пазнае. Урэшце, столькі гадоў прайшло. Я зусім смаркачкай была. Але ўжо сёе-тое ўмела... Тады яго мосць не захацеў мяне наймаць, папрасіў каго старэйшага i дужэйшага для далікатнага даручэння. — I зноў заблазнавала: — Але вечар мы з ім праба-авілі...
Пранціш паморшчыўся: ну навошта за сталом брыдоту ўсялякую распавядаць, ды яшчэ пры Лёдніку?