Читаем Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага полностью

— Мы раіліся з найлепшымі знаўцамі, — сумна паківала галавой Ганулька. — Зразумела, таемна, каб не псаваць рэпутацыю вашай дачкі, пан доктар. — Перажагналася, уздыхнула. — Д’ябал мае шмат шляхоў і сцяжынак, з ім справіцца цяжка. Каго ён апанаваў — у таго не толькі душа, але i розум, i цела псуюцца. I вось не трэба зараз глядзець на нас, панове, як на нейкіх забабонных дзікуноў. Шпіталь Святой Даратэі лечыць i душу, i цела, туды прафесары з Вены прыязджаюць на кансультацыю. Нам ніякіх грошай не шкада, забяспечваем бедную дзяўчыну самым лепшым. Соф’я, дарэчы, добраахвотна туды паехала.

Вядома, настрашылі...

Лёднік рэзка выцягнуў руку над столікам — i да ягонай далані ўзляцелі пялёсткі, што ляжалі на яблыках.

— Як бачыце, гэтая ўласцівасць у Сафіі спадчынная.

Вой, дурань! Нашто свае фінты паказаў... Ганулька з Валентым ажно падскочылі ў крэслах i зараз глядзяць так, быццам госць ператварыўся ў гадзюку.

Пялёсткі вінавата апусціліся на стальніцу.

— Я таксама дужа баяўся такіх праяў... Маліўся, пасціўся, шукаў святых рэліквіяў. Я не прасіў такіх здольнасцяў. Але і пазбавіцца іх не магу. Проста ўвесь час памятаю, што магу скарыстацца імі і ўпасці ў грэх, — Баўтрамей глядзеў на свае складзеныя на каленях рукі — на далонях бялелі зорачкі шнараў ад набытых некалі, падчас вымушанага дзікага абраду, штучных стыгматаў. — Мой духоўнік у Вільні казаў: раз дадзена больш, чым звычайнаму чалавеку, значыць, больш адказнасці і больш рупіцца трэба пра чысціню душы. Здольнасці — гэта проста інструмент, у якім не закладзена ад пачатку зло ці дабро. У кагосьці больш востры зрок ці слых, чым у іншых, некаму дадзеная неверагодная цялесная моц... А хтосьці загойвае дотыкам раны, уводзіць людзей позіркам у сон альбо рухае нервовай энергіяй прадметы. Часам сёе-тое з маіх... дзіўных магчымасцяў служыла дабру. Гэта мой крыж, з якім жыву. Я спадзяваўся, што мае дзеці з гэтым не сутыкнуцца. Памыляўся... Сафійцы трэба асэнсаваць, што адбылося, навучыцца не паддавацца спакусе, гасіць гнеў, гардыню ці пустую цікаўнасць. Але тыя здольнасці не робяць яе ні пачварай, ні вар’яткай.

Ад размеранай лекцыі слухачы трохі супакоіліся. Валенты касавурыўся на матку, Ганулька нават ківала галавой у асабліва пакаяльных месцах Бутрымавай гісторыі.

— Вы ж ведаеце, пан Баўтрамей — добры хрысціянін, ходзіць да споведзі, да прычасця, у ягоным здаровым розуме таксама няма прычынаў сумнявацца, — Вырвіч падараваў Жылкам самую сонечную ўсмешку, сланечнік павярнуўся б у ягоны бок. — I дачка яго будзе здаровай, калі дасцё магчымасць бацьку ўсё направіць.

Валенты пахітаў сумна галавою:

— Прабачце, пан Лёднік, але забраць яе вам ніхто не дазволіць. Яна мусіць знаходзіцца ў намоленым месцы, каля святыняў. Я нават у Супрасльскі кляштар перавезці яе баюся, немаведама што д’ябал праз маю няшчасную жонку ўтворыць дарогай, — Жылку перасмыкнула, сапраўды верыць у апантанасць Сафійкі. — А ў кляштары Святой Даратэі ёсць рэліквіі, якія прызнаюцца ўсімі хрысціянамі. I мошчы самой святой, і часціцы рэшткаў святога Мікалая Мірлікійскага, і кавалачак Рызы Прасвятой Багародзіцы, і трэска ад Крыжа Гасподняга. Калі нават у такім атачэнні Люцыпар змушае яе да нялюдскіх учынкаў...

Валенты кінуў пагляд на пялёсткі ружаў, якія нядаўна таксама нялюдскі лёталі воляю цесця, павагаўся. Вырвіч, каб не быў добра знаёмы з Лёднікам, таксама б вагаўся ды асцерагаўся.

— Але наведаць Сафію я вам як ейнаму бацьку забараніць не маю права. Дам адпаведны ліст да маці Агнэсы, абатысы. Паехаў бы з вамі... Але не, больш не змагу. Не вытрываю...

Круглы твар ваяводы пачырванеў.

— Калі мой сын наведаў у мінулым месяцы сваю жонку, сітуацыя паўтарылася, — стрымана патлумачыла Ганулька. — У ейнай прысутнасці ў яго самі па сабе паляцелі некаторыя прадметы...

— Яна спалоханая, — не даслухаў доктар. — Разгубленая. Я дапамагу ёй.

Жылка кіўнуў, але не стаў менш прыгнечаным...

Лёднік трохі памаўчаў і прамовіў ціха і цвёрда:

— Разводзьцеся.

Ганулька пачала абураныя літанні пра парушэнне традыцый, а Валенты нат не здрыгануўся — значыць, думаў ужо пра гэта.

— Дзяцей у вас няма. Жыць разам пасля такога не зможаце.

Валенты ўскінуў пакутныя вочы на цесця.

— Я не буду вас асуджаць, — запэўніў ціха Лёднік. — Вы проста вельмі розныя, гэта я вінаваты, блаславіў.

Нават Ганулька, хоць і незадаволена, але замаўчала. Развод — сарамацішча, але мець за нявестку апантаную вар’ятку, якая ні з голаду, ні з холаду, а з дурэння ўвесь час ганьбіць сям’ю...

— Прычыны важкія: сямейная нязгода, няздольнасць мець дзяцей і душэўная хвароба, — разважыў Вырвіч. — Давядзецца патраціцца, але шлюб з вялікай верагоднасцю скасуюць. Земскі суд не праблема, вы ж ваявода... З духоўным таксама вырашыце. Вы ў царкве вянчаліся, так?

— Мы цяпер усёй сям’ёй праваслаўныя, вярнуліся да веры продкаў, — падціснула маленькія ўсё яшчэ яркія вусны Ганулька. — Валянцін мусіць ехаць у Санкт-Пецярбург, яму прапануюць вельмі добрую пасаду.

Перейти на страницу:

Похожие книги