Читаем Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага полностью

А добра б гучала балада пра харобрага рыцара Плексігласа! Во, трэба выбраць самы гожы кавалак паэмы ды папрасіць каго на ноты пакласці. Ды хоць Меланхолію...

— Ён! — шпяжанка першай угледзела пляму, якая спускалася з вежы... Надта ж хутка спускалася, хутчэй, чым калісь багіня Ніка да князя Багінскага.

Пакуль Вырвіч ачомаўся, Гальшка ўжо слізнула да берага, зарослага высокай травой, доктар ірвануў за жонкай, ледзь не паваліўшыся ў суцэльнай цемры. Малайчына Карусь, дачакаўся, пакуль хмара на месяц наплыве!

Усё адбылося так хутка, што не паспелі спалохацца. Нешта цяжкое звалілася ў камышы, заплёхалася... Жывы!

Пад аховай аўстрыйскага лесу Бутрым ліхаманкава абмацваў мокрага ўцекача.

— Тут не баліць? Галава не круціцца? Гахнуўся ты здорава...

Карусь адпляваўся ад рачной вады, якой паспеў сербануць, і прахрыпеў:

— Нічога, пан Баўтрамей. Косткі цэлыя. Вы лепей скажыце, ці з’явіліся весткі пра панначку?

Здаецца, у Пранціша накмеціўся план новага, найсучаснага, перажывацельнага і кахацельнага рамана.

Раздзел пяты

РУЖЫ I КАЛЮЧКІ СВЯТОЙ ДАРАТЭІ

Звычайна выяву Святой Даратэі можна пазнаць па трох ружах і трох яблыках.

Калі святую пакутніцу вялі на смерць, адзін паганскі філосаф здзекліва папрасіў, каб ейны нябесны жаніх перадаў ёй пладоў ды кветак са свайго саду.

Скуль то ўзяць, а трэба, каб было. Анёл і перадаў запрошанае Даратэі, тая адправіла філосафу.

Зразумела, усе ўверавалі, пакаяліся і гераічна загінулі.

Ружаў у кітайскай парцалянавай вазе на танканогім століку ў гасцёўні было якраз тры. Белыя, буйныя — непаэтычны чалавек сказаў бы, як качанчыкі капусты. I нават яблыкі тут жа ляжалі, на бялюткай талерцы, аблямаванай па краі такімі ж маленькімі кветачкамі, толькі ружовымі.

Вось толькі дабравернага спакою не было, паветра здавалася поўным нябачных пчолаў ды шэршняў.

— Я не магу яе забраць.

Пан Валенты Жылка выглядаў такім прыгнечаным, што цяжка было на яго злавацца. Нават схуднеў малады ваявода. А па вопратцы можна падумаць, што ў жалобе — рана адпявае жонку, паскуднік!

— Я па-ранейшаму настойваю, пан Жылка, каб мне далі магчымасць самому лячыць маю дачку. Якое б захворванне ў яе ні было, — у голасе Баўтрамея звінела дужа небяснечная сталь. — I хачу нарэшце пачуць сумленны расповед, што з ёй здарылася!

Даланя доктара стукнула па століку з ружамі, два белыя пялёсткі спалохана зляцелі на жоўтыя бакі яблыкаў нібыта нейкія анімалькулі ратаваліся на мізэрных «Скаральніках аблокаў».

Валенты кінуў хуткі позірк на маці — Ганулька з Макавецкіх сядзела тут жа, як намалёваная, з выпрастанай спінай, рукі годна счэпленыя на каленях, вусны падціснутыя, позіркам ні з кім не сустракаецца... Пранціш меў не адзін год працы суддзі, для яго падобныя прыкметы сведчылі, што чалавек нешта хавае.

— Бацька мае права ведаць, што здарылася з ягонай дачкою. Вы не шануеце святыя сармацкія звычаі?

Вырвіч ведаў, на што ціснуць: павага да дзядоўскіх святых традыцыяў для Ганулькі была неабвержнай. Кабета лёгенька кіўнула сыну, дазваляючы расповед. I адкуль толькі ў былой ціхмяна-рахманай прыслужніцы, папхні — павалюся, столькі ўладнасці, нават выраслага сына, галаву сям’і, ваяводу, на лейцах водзіць...

Падчас расповеду малады Жылка ў вочы цесцю не глядзеў і адразу папярэдзіў, што госці могуць яму не паверыць.

Карацей, важдалася Сафійка ў сваёй лабараторыі, якую выстаралася ў мужа, нягледзячы на буркатанне свекрыві. Нешта там пенілася ў прабірках-колбах, а даследчыца давяршала трактат ці пра солі, ці пра мінералы — Валенты так і не запомніў. Сужэнец зайшоў да яе, бо спазнялася — мусілі ехаць у госці да нейкіх важнецкіх фонаў-баронаў. Сафійка заявіла, што не паедзе — рыхтуе даклад для адкрытага дыспуту ў Венскім універсітэце. Ну павінны ж тамтэйшыя прафесары ўрэшце пераадолець свае забабоны і дапусціць гэтак вучоную жанчыну да скарбніцы навукі! А калі не пераадолеюць, апранецца ў мужчынскае і пад чужым імем выступіць.

Валенты не вытрымаў, пацягнуўся за стосам спісаных аркушаў, што ляжалі на стале каля жонкі. Не, не ў агонь кінуць хацеў... Ну, можа, хіба ў гарачцы такая думка мільганула...

Сафійка ў адчаі памкнулася за сваймі паперамі — і тыя... самі да яе падляцелі.

Далібог, панове, гэта не мана. Проста з рук ваяводы выслізнулі і шугануліся да ўладальніцы.

Сафійка сама спалохалася. Ускрыкнула, паперы пападалі на зямлю... А што да Валентага, дык ён не проста пералякаўся — ад жалю заплакаў... Бедную сужэнку апанаваў нячысты. Ад таго і ўсе ейныя выбрыкі. Таму і дзіця Гасподзь не пашле.

Перейти на страницу:

Похожие книги