Яе княская мосць Аляксандра Багінская, высокая пышная кабета з вясёлымі цёмнымі вачыма і троху адвіслымі вуснамі зноў пацягнулася да пачастунку... Непадобна, каб яе непакоіў хворы страўнік.
Княгіня не толькі жорстка кіравала «Фаміліяй» — палітычнай партыяй Чартарыйскіх, але і ўвогуле была магутнай: каня, мусіць, зваліла б ударам кулака. Дзеля яе ў Варшаўскім сойме зладзілі спецыяльную ложу, каб назірала за дыспутамі. Менавіта з пасагам княгіні Miхал Казімір Багінскі атрымаў Слонім, у якім, вярнуўшыся з эміграцыі пасля ганебнай паразы пад Сталовічамі, ладзіў сядзібу музаў. Яго ні на крупачку не бянтэжыла, што той Слонім — спадчына ад першага мужа сужонкі, пана Антонія Сапегі. Як звягае Лёднік, «power согrupts, absolute power corrupts absolutely»[12].
У спешчаным Багінскім, які скарыў сэрца пані Аляксандры ігрой на кларнеце, амазонка хутка расчаравалася, хоць уся афёра задумвалася, каб узвесці яго на трон. Сам Багінскі палітычных інтрыгаў баяўся, як шыла ў баку, хаця каралём стаць не адмаўляўся, так што жылі сужонцы асобна... Яшчэ адно моцнае расчараванне пагрознай Багінскай — кузен Станіслаў Панятоўскі. Калісьці менавіта «Фамілія» дапамагала яму ўзысці на трон... Але той не спраўдзіў нічога, што абяцаў, пладзіў бастардаў, перакладаў Шэкспіра і пакорліва чакаў, пакуль былая палюбоўніца імператрыца Кацярына даесць ягоную краіну.
У адрозненне ад Тэрэзы Радзівіл, якая ў кожнай гожай дзяўчыне бачыла ненавісную саперніцу, пані Аляксандра любіла маладую вясёлую кампанію. А яшчэ гульню ў карты, паляванне і танцы — сама ўжо не танчыла, але ахвотна назірала. Да вольнасцей моды таксама ставілася паблажліва... Таму ў яе палацы было тлумна, людна і абуральна вольна.
На патыліцы гаспадыні балю паважна пагойдваліся пёры — прычоска «кезака». Пранцішу калісь адна панечка, з якой ён амурыў у Францыі, пра гэтую фрызуру лекцыю чытала: мадыстка Марыі Антуанеты, мадэмуазэль Бертэн, назвала так сваю прыдумку паводле выразу смешнага персанажа п’есы Бамаршэ: «Qu’es-aco?»[13] Але было гэта больш за дзесяць гадоў таму... У Парыжы княгіню абсмяялі б! Нават тут у многіх дам на галаве былі навейшыя «сентыментальныя пуфы» — валасы, нацягнутыя на своеасаблівыя кошыкі і ўпрыгожаныя лялечнымі выявамі дарагіх сэрцу пуфаносцы рэчаў, ад мопса да фігурак дзяцей.
Але пані Аляксандра Багінская займала такое становішча, што магла сабе дазволіць не толькі прыбіраць валасы па модзе дзесяцігадовай даўніны, але і цэбар на галаву адзець. I ніхто б і ўсміхнуцца не насмеліўся.
А ладная частка паспяшалася б і сабе на галаву такія ж цэбры насунуць.
Рыгадон змяніўся паланэзам. Паветра згусцела як кісель. Сотні свечак, зачыненыя вокны, парфума, якой шчодра палітыя ўсе, каб не смярдзела потам ад цел.
Рукі ў лайкавых пальчатках змакрэлі. Вырвіч тузануў карункавы каўнер кашулі. Як толькі кабеты, зацягнутыя ў гарсэты, прымудраюцца дыхаць ды танчыць?
Зноў утаропіўся ў красуньку, якая пасылала яму ўсмешкі.
— Праўда яна багіня?
Пан, які вымавіў гэта са шчырым захапленнем, выглядаў дзіўна. Вось каму нельга было жэрці столькі, колькі ён, відаць, еў. Яшчэ зусім малады, але ўтрая шырэйшы за Вырвіча. Стог у ботах. Падбароддзе звісала так, што шыі не відно. З прычыны таўшчыні пан, пэўна, і не мог падабраць сабе звычайнае адзенне, і на ім быў нейкі доўгі балахон, падобны да жаночага капота: з дарагой тканіны колеру «гарэлая Опера», які ўвайшоў у моду пасля пажару ў парыжскім оперным тэатры, на дробных перламутравых гузіках ад каўняра да нізу. Тканіна ля падпахаў была цёмнай ад поту. Здавалася, пан проста не мог счапіць на жываце рукі, спешчаныя, з маленькімі далонямі, зацягнутымі ў мяккую скуру белых пальчатак — такі трыбух наеў. Але падслепаватыя светла-блакітныя вочы наіўна-дабрэнныя, зараз у іх ззяла захапленне.
— Ах, пане, як я яе кахаю, багіню маю! Уявіце — яна зрабіла літасць і дазволіла мне ўчора падысці да сваёй ручкі! Я тры гадзіны чакаў яе карэту на вуліцы, пад дажджом — і недарэмна! Яна дазволіла мне быць тут і глядзець на сябе!
Пан сумеўся і дадаў тонкім голасам з няёмкасцю:
— Звычайна багіня забараняе мне паказвацца на яе вочы, але я кемны: хаваюся ў тэатральнай ложы за спецыяльнымі кратамі і гляджу скрозь іх... О сонца маё! Зайздрошчу васпану — яна ўсміхаецца вам!
Вырвіч разгублена хмыкнуў і абмяняўся позіркамі з Лёднікам. Што за тыпус? Незнаёмец адразу выправіўся:
— Прабачце, панове, я не прадставіўся... Рэферэндарый літоўскі Вінцэнт Тышкевіч.
Наколькі мог, схіліў галаву і дадаў, зноў замілавана сочачы за красунькай у ружовым:
— А там, пане дабрадзею, мая жонка, яе светласць Марыя Тэрэзія Тышкевіч з Панятоўскіх...