— Здурнеў, Вырвіч? Мала бяды праз п’янку займеў? Табе зараз трэба ўсё рабіць, абы павялічыць цялесную моц ды яснасць розуму...
Вось буркун Чорны Доктар... Не дае і на хвілю забыцца, скінуць цяжар непазбежнага: заўтра двубой.
Не слабы Вырвіч, не баязлівы: за гэтыя два тыдні Лёднік недарэмна ганяў яго на занятках фехтаваннем, як руплівая гаспадыня надакучлівую муху. Было дзеля чаго цярпець доктаравы павучанні ды лемантацыі — ніхто не натрэніраваў бы лелей.
У любым іншым выпадку Пранціш справіўся бы сам. Мог учыніць карусель з уласнымі гайдукамі, сярод якіх нямала выдатных фехтавальшчыкаў. Урэшце, той жа цесць, пан Валенты Гараўскі, добры ваяр. Нават Лёдніку перад ардаліяй дапамагаў асвоіцца з двуручнікам.
Але Мануцы... Ён нагадваў куфэрак каралевы Боны: з любой дэталькі велягурыстага дэкору можа выскачыць атручаная іголка. Пра ягонае фехтавальнае ўменне байкі баялі.
Бутрым наўпрост выказаўся: не па зубах табе, Вырвіч, гэты арэх. Пацяжэў ты ад тых часоў, калі працаваў настаўнікам фехтавання ў французскіх кадэтаў. Трэнінгі закінуў. А Мануцы, хоць і распуснік, і петыметр, сябе не распускае, відно, што гімнастыкай займаецца. Згадаць выпадак на дарозе, калі італьянец наступіў на трэску, каб тая падкінула шышку проста ў патыліцу доктару... Жарцік, дурасць, але сведчыць пра дасканалае ўменне разлічваць траекторыі. Вось ты, Вырвіч, мог бы такое паўтарыць? Не?
Мазгі вынес доктар за два тыдні. Дакоры наконт лёсу трок дзетак малых і разумніцу Дамініку, пра якіх не падумаў ганарысты пан падкаморы, калі выклікаў каралеўскага канфідэнта на двубой... Хіба добры хрысціянін мусіць так учыняць?
А сам так i гарыць, каб самому на бітву з ненавісным макароннікам пайсці.
Пранціш аднойчы проста ўзбурыўся. Страсянуў разгубленага доктара за каўнер: не лезь, заторкніся, гэта справа шляхецкага гонару. Уздумае былы слуга перашкаджаць, адгаворваць ад двубою — сам ворагам стане.
Лёднік суцішыў свае маралі. Але ўсё болей змрачнеў ды ганяў Вырвіча з рапірай...
Тое, што Мануцы выбраў у якасці зброі рапіру, доктара яшчэ больш устурбавала. Раны ад шаблі часцей зажывалі без наступстваў, з крывёй выходзіў бруд... Востры тонкі клінок рапіры, здавалася б, наносіў меней шкоды, але амаль заўсёды такія раны гнаіліся і часцяком адпраўлялі дуэлянта каштаваць райскія яблычкі. Да таго ж укол тонкага ляза звычайна не мог змусіць параненага прыпыніць бой, і сапернікі да сканчэння бойкі аказваліся ўсе сколатымі.
Затое рапіру можна было легка зламаць. Бутрым, акрамя іншых сакрэтных прыёмчыкаў, адпрацоўваў з Вырвічам i гэты варыянт. Лепей ахвяраваць пальцамі, перахопліваючы рукой доўгі вузкі клінок, чым загінуць ад раны.
Пранціш зусім не жадаў далучацца да суполкі «бяспальцавых шляхцюкоў», як называлі ахвяраў падобных сітуацый. Але доктар настойваў: засвой усё, што дапаможа выжыць. Анатомію забыўся? Успамінай, каб зменшыць наступствы.
Між тым зграбная панечка ў парыку з купідончыкамі кінула доўгі пагляд на Пранціша. Як свежы мёд з лыжкі сцёк. Перакруцілася ў фігуры скокаў — і яшчэ адзін цягучы пагляд.
Вырвіч падкруціў светлыя вусы — ён усяго толькі грэшны мужчына... Грэе сэрца ўвага красунек. Тым больш амаль усе на яго зацікаўлена лупяцца: чуткі пра двубой распаўзліся, а смяротная небяспека заўсёды надае мужчыну куртуазнай вабнасці ў вачах паненак.
Нават гаспадыня гэтага салона, сама яе княская мосць Аляксандра Багінская з Чартарыйскіх, асабіста паслала запрашэнне на свае рэдуты пану Франтасію Вырвічу: зараз пра яго і Мануцы ўсе языкі званілі.
I хоць не да баляў — Вырвіч не наважыўся паслаць магутнай княгіні гарбуза. Па-першае, ён сваяк Багінскім па Дамініцы, пляменніцы князя Міхала Багінскага. Гэта бязродны ганарлівец Лёднік ігнараваў запрашэнні і Аляксандры Багінскай, і Тэрэзы Радзівіл. А чым скончылася? Наклікаў на сваю мудрую галаву грымотаў.
А па-другое, пані Тэрка якраз сёння таксама ладзіць баль, традыцыйна паказваючы казу палітычнай варагіні Багінскай. I на паркеце ў нявернай жонкі Пане Каханку зараз танчыў паганец Мануцы.
Цікавасці ў бліскучай публікі прыбаўлялася яшчэ і ад таго, што нарэшце ўдалося залучыць у нізцы з харобрым панам Вырвічам герба Гіпацэнтаўр загадкавага доктара Лёдніка, мага, алхіміка і, як сцвярджаюць, былога каханка расейскай імператрыцы. Стаіць чорным слупам, аб які толькі разбіцца, зіркае па-камандорску... Не, доктар, сёння не ты галоўная персона, а ягоная мосць Франтасій Вырвіч!
Пранціш расправіў плечы, падкруціў вус і ледзь утрымаўся, каб не падміргнуць гарэзнай панечцы, што эфемерна праскакала побач у фігуры танца...
— Ёй нельга столькі жэрці... Страўнік і так пашкоджаны, — раптам прамармытаў сабе пад нос Лёднік.
Здзіўлены Вырвіч перахапіў погляд эскулапа: той сачыў за княгіняй. Яснавяльможная клала сабе ў рот чарговае перапялінае яйка з вялізнай срэбнай талеркі. Талерка ўжо напалову апусцела.
Вырвіч успомніў плёткі, што яснавяльможная з’ядае на сняданак шэсцьдзясят крутых курыных яек і двух каплунов запіўшы трыма бутэлькамі віна.