— А што, так не крышанка? — у прарэсе кашулі прамоўцы чырванеў апёк і пабліскваў крыж. Усхадзіўся, філосаф у падранай кашулі. Не раўнуючы, старагрэцкі кінік Кратэт Афінскі, які хадзіў у лахманах, спаў на зямлі і нават гліняны кубак выкінуў, калі пабачыў, што хлопчык п’е з ручая, чэрпаючы даланёй.
— Перад Госпадам усе роўныя! А Божы запавет і інтарэсы радзімы вышэй за загад любога ўладара!
Блюзнерскую лемантацыю сына полацкага гарбара перарваў грукат у калідоры. Дзверы збройні спалохана расчыніліся.
— Збірайцеся...
Грос кіўнуў свайму жаўнеру, і той абрушыў на падлогу прынесены сумёт рэчаў: футры, шапкі, дылеі... Усё, між іншым, дыхтоўнае, з княскага гардэробу, няйначай.
— А для вас, паненка, хросная маці падрыхтавала асобны падарунак у дарогу. Яна смуткуе, што абышлася з вамі залішне жорстка, і хоча, каб вы выправіліся з яе замка ў годным радавітай паненкі выглядзе. Таму зараз прайдзіце з прыслугай, вас апрануць, зробяць фрызуру.
У дзверы зазірнула чарнявая пакаёўка вагой пудоў у дзесяць, прысела з цяжкасцю ў рэверансе.
— Прашу, вашамосць.
Праксэда бліснула шэрымі вачыма, узнялася (Пранціш адразу адчуў сябе непамысна: халера, ну не павінны панны быць вышэй за яго, харобрага шляхціца!)
— Мне дастаткова было б футра і ботаў.
— Яе княская мосць настойвае, — не зварухнуўся Грос. — Гэта літаральна ў суседні пакой зайсці.
— Мы правядзём паненку, — заявіў Бутрым.
— А ў мяне неадкладная сур’ёзная размова да вас і да вашага сябра.
Зброя ў падстаўках і куфрах стаілася ў чаканні новага крывавага ўраджаю.
— У такім выпадку паненку праводжу я, — рука Алеся Лёдніка ляжала на дзяржальне шаблі. — Калі што — пад дзвярыма пастаю. Я ж, разумееце, рыцар, Ланцэлот. Ланцэлоту адпаведна пад дзвярыма дамы чакаць.
Ого, як хлапца пераламала — то па-кніжнаму толькі гаварыў, а тут хвацка засвоіў чорныя жарцікі на тле ўласнай горычы... Праксэда зноў зірнула на яго, нібы не пазнавала.
Грос нічым не выявіў незадавальнення, калі Алесь, які паспеў ускінуць на сябе абшытае зялёным сукном футра і насунуць шляхецкую шапку, рушыў за сваёй дамай — а ён зраўняўся ўжо з ёю ростам, трэба ж.
Езуіт шчыльна прычыніў дзверы, панізіў голас да шэпту.
— Пані Тэрэза прысягнула ратункам сваёй душы, што вас выпусціць з замка жывымі, і клятвы парушыць не можа. Так што зараз дачакаецеся панначку, і — да брамы. Вам нават карэта падрыхтаваная. Пераедзеце праз мост. Ну а далей.
— А далей — пастка, так? — горка прамовіў Бутрым.
— Абавязкова пастка! Як жа іх княскім мосцям без пасткі! — бледныя вусны Гроса нават трохі расцягнуліся ва ўсмешцы. — Вас загадана не выпускаць з карэты і везці ў Падгарэцкі замак. Гэта таксама ўладанне Ржавускіх, і зусім непадалёк.
— І. што нам параіце рабіць, вашамосць? — падазрона папытаўся менскі суддзя.
— А нічога! — усміхнуўся езуіт. — Калі мы ўсё правільна пралічылі, вас вызваляць.
— Хто? — Пранціш не збіраўся гуляць у сляпога ката.
— Сам ягамосць Ігнацы Богуш. Які пераканаўся, што ягонае месца ля княгіні зараз зоймеце вы, шаноўны Лёднік, — выскаліўся Грос. Бутрым ледзь не заперхаўся.
— Што-о?
— Ну а чаму не? — светлыя запалыя вочы езуіта-масона былі нязвыкла вясёлымі. — Пану Богушу ўсё даклалі пра падзеі гэтай ночы. Як вы, пан Лёднік, княгіню вылечылі, як разам з ёю на ложку валяліся, як яна вас абдымала, цалавала, слязьмі вымочвала і вы ўсіх сведкаў з пакоя выгналі. Хто ведае, чым вы там у ложку сам-насам займаліся?
Бутрым, здаецца, ледзь зубы не скрышыў ад абурэння. А Грос працягваў здзекавацца, распавядаючы квяцістую версію падзей, прыдуманую для Богуша:
— Зразумела, што вы, доктар, ужылі сваю магію, каб пані Тэрэзу счараваць, і вам удалося. Усе ведаюць, што вам гэта, як ад табакі чхнуць. Пані адправіла вас у Падгарэцкі замак, каб заўтра ж туды прыляцець і звіць такое вось таемнае шчаслівае гняздзечка. І адзіны выхад для беднага пана Ігнацыя — не даць вам даехаць.
— Забіць, значыць, — злосна зазначыў Пранціш, засоўваючы за пояс пісталет. — Усе вашыя хітрамудрыя планы заканчваюцца для нас кепска.
— Мог бы і забіць, — пагадзіўся Грос. — Але пан Богуш ведае, што Лёдніка чакае прыгожая жоначка, што доктар прыйшоў у Белакамскі замак па сваю каханку-асістэнтку. Што пан Лёднік гатовы ўцячы і ніколі тут не з’яўляцца. Пан Ігнацы разлічыў: яму выгадней дакласці сваёй уладарцы, што ейны новы фаварыт ёй здрадзіў і ўцёк з іншай кабетай, чым калі пані немаведама як раз’юшыцца пры звестцы пра гібель таго фаварыта. Усё роўна што ў сабакі адабраць костку, якую ён паспеў толькі разок грызнуць.
Давялося прызнаць, што ў пляценні інтрыг лепшага павука, чым былы езуіт, няма. Усё-ткі вымудрыўся, каб падставіць таго Богуша. Зразумела, Тэрэзе Ржавускай з неабвержнымі доказамі дакладуць пра ягоную здраду.
Лучших из лучших призывает Ладожский РљРЅСЏР·ь в свою дружину. Р
Дмитрий Сергеевич Ермаков , Игорь Михайлович Распопов , Владимира Алексеевна Кириллова , Эстрильда Михайловна Горелова , Юрий Павлович Плашевский , Ольга Григорьева
Геология и география / Проза / Историческая проза / Фантастика / Славянское фэнтези / Социально-психологическая фантастика / Фэнтези